У Расіі пачалі заводзіць справы за антываенныя лозунгі на бюлетэнях

На выбаршчыкаў у Расіі заводзяць справы за антываенныя лозунгі на бюлетэнях. Пра гэта паведамляюць расійскія СМІ.

Фота: Леў Карманаў, «ОВД-Инфо»

Фота: Леў Карманаў, «ОВД-Инфо»

11 верасня на выбарчым участку ў Кіраве жанчына напісала на бюлетэні антываенныя лозунгі і фразу: «Расія будзе свабоднай» і апусціла бюлетэнь у скрыню. Аднак хтосьці заўважыў гэты ўчынак жанчыны — і звярнуўся ў паліцыю, пасля чаго на яе завялі адміністрацыйную справу аб «дыскрэдытацыі расійскага войска», паведамляе Baza.

Два выпадкі адбыліся і ў Маскве.

У раёне Чартанава 11 верасня затрымалі актывіста Льва Карманава, які намаляваў на бюлетэні голуба міру і напісаў: «Не вайне». Як паведамляе выданне Doxa са спасылкай на відавочцы падзеі, Карманаў паспрабаваў апусціць бюлетэнь у скрыню, але яму перашкодзіў сябра выбарчай камісіі, а на выхадзе з участку яго затрымала паліцыя. На яго таксама быў аформлены пратакол аб «дыскрэдытацыі расійскага войска».

Падпісчыкі Карманава сабралі яму грошы на аплату штрафу. Сам ён заявіў, што мае намер абскардзіць судовы вердыкт, хоць «шанцаў мала».

Падобныя выпадкі адбыліся на іншых участках у Маскве, Кіраве і Вялікім Ноўгарадзе.

Напрыклад, згадваецца яшчэ адзін выпадак у Маскве, хоць і без падрабязнасцяў. Вядома толькі тое, што ён адбыўся на выбарчым участку №1936, размешчаным у маскоўскім раёне Арэхава-Барысава.

fcxwiv1x0aeqin2.jpg

А ў Вялікім Ноўгарадзе на «дыверсіі» злавілі Антона Бачанава, ён зрабіў антываенны надпіс на бюлетэні — і гэта было відаць у празрыстай скрыні. Паліцыянты таксама склалі на яго пратакол паводле артыкулу 20.3.3 КаАП РФ.

Нагадаем, у Расіі апошнія тры дні праходзілі выбары розных узроўняў — адзіны дзень галасавання ў гэтым годзе выпаў на 11 верасня. Усяго выбаркамы па выніках гэтых выбараў прызналі несапраўднымі 522 бюлетэні ў 13 рэгіёнах. Хтосьці з выбаршчыкаў псаваў бюлетэні антываеннымі надпісамі — былі, напрыклад, фразы «За мір!». Акрамя таго, расіяне пакідалі надпісы супраць асабіста Уладзіміра Пуціна.

Паводле ВВС, republic.ru