Удар па крэйсеры «Масква» нанеслі дзякуючы звесткам разведкі ЗША?
Украінскі ракетны ўдар па расійскім крэйсеры "Масква" быў нанесены дзякуючы амерыканскім разведвальным даным, што былі перададзеныя Украіне, пішуць сусветныя СМІ.
Пра гэта, напрыклад, паведаміў амерыканскі тэлеканал NBC, а ўслед за ім Washington Post і New York Times — усе са спасылкай на некалькі ананімных чыноўнікаў з ЗША.
Паводле розных ацэнак, колькасць экіпажа "Масквы" складала ад 416 да 680 чалавек, у тым ліку, як высветлілася пазней, матросы тэрміновай службы. Амерыканскія крыніцы пацвярджаюць украінскую версію аб тым, што ў карабель 13 красавіка патрапілі дзве ўкраінскія ракеты "Няптун", пасля чаго ён загарэўся і ўрэшце затануў. Колькасць расійскіх ахвяр амерыканскія чыноўнікі не назвалі, сказаўшы толькі, што яна была вялікай.
Расійская версія падзей з самага пачатку і дагэтуль выклікае шмат пытанняў: 13 красавіка расійскія ўлады заявілі, што на флагмане Чарнаморскага флоту ўзнік пажар, які выклікаў дэтанацыю боезапасу. На наступны дзень яны паведамілі, што карабель затануў пры буксіроўцы ў Севастопаль. Толькі 22 красавіка Міністэрства абароны Расіі паведаміла, што ў выніку гэтага пажару адзін чалец экіпажа загінуў і яшчэ 27 "зніклі без вестак". З тых часоў паведамленняў аб тым, каб гэтых людзей знайшлі жывымі ці мёртвымі, не паступала. Расійскія ўлады таксама ні разу не патлумачылі прычыны "пажару", які прывёў, па іх версіі, да гібелі карабля.
Па словах амерыканскіх крыніц, УСУ выпусцілі ракеты па крэйсеры, спачатку запытаўшы ў амерыканцаў інфармацыю пра яго. Менавіта ЗША дапамаглі апазнаць крэйсер і вызначыць яго месцазнаходжанне, каб прыцэліцца.
Амерыканскія крыніцы кажуць, што не бралі ўдзел у рашэнні ўдарыць па "Маскве" — яго прынялі ўкраінскія вайскоўцы. Амерыканская выведка рэгулярна дае УСУ даныя аб перамяшчэнні расійскіх караблёў.
Раніцай у чацвер New York Times, таксама са спасылкай на ананімныя крыніцы, пісала пра тое, што дзякуючы амерыканскім выведданым УСУ ўдалося забіць незвычайна высокую колькасць камандуючых расійскай арміяй (яны асобна адзначылі, што ўдар па камандным пункце, дзе незадоўга да гэтага быў начальнік Генштаба УС РФ Валерый Герасімаў, быў нанесены не на падставе амерыканскіх выведдадных).
У Радзе нацыянальнай бяспекі ЗША назвалі гэтую публікацыю безадказнай, а ў Пентагоне адзначылі, што ніякіх даных, якія дазваляюць індывідуальна атакаваць расійскіх военачальнікаў, не падаюць, цытуе прэс-сакратара ваеннага ведамства Джона Кірбі агенцтва “Франс прэс”.
Паводле ВВС