Украіна ў начной атацы не збіла ніводнай балістычнай ракеты з-за дэфіцыту супрацьракет для Patriot

Расія ў чарговы раз нанесла масіраваны камбінаваны ўдар па Кіеве. Украінская СПА збіла дроны і крылатыя ракеты, але не балістыку. Прычына — дэфіцыт супрацьракет для Patriot. «Пакуль ракеты для "Пэтрыётаў" застаюцца на складах саюзнікаў, гэта толькі заахвочвае Расію і далей наносіць удары па жылых дамах», — сказаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Ідуць 1594-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. 

21ukraine_briefing_germany_patriots_image_1_4f35_superjumbo.webp

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 256 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 6 ліпеня.

На Славянскім кірунку расійцы здзейснілі 33 штурмы ў раёнах Закітнага, Крывой Лукі і Рэзнікоўкі, а таксама ў кірунку Рай-Аляксандраўкі.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 30 атак паблізу Біліцкага, Навааляксандраўкі і Сяргееўкі, а таксама ў кірунку Мірнага, Навапаўлаўкі, Шаўчэнкі, Котліна, Новападгароднага, Кучаравага Яра, Вольнага, Новага Данбаса, Дарожнага, Грышына і Удачнага.

На Гуляйпільскім кірунку расіяне 21 раз атакавалі паблізу Рыбнага, Залізнячнага і Навасёлаўкі, а таксама ў кірунках Чарыўнага, Прывольнага, Гіркага, Раждзянкі і Капаноў.

На Канстанцінаўскім кірунку армія РФ здзейсніла 16 атак у раёнах Русінага Яру, Плешчэеўкі, Іванаполля, Канстанцінаўкі, Іллінаўкі і ў кірунку Аляксандра-Шульціна і Сцяпанаўкі.

Украінскія падраздзяленні на Паўднёва-Слабажанскім кірунку адбілі 12 атак праціўніка паблізу Старыцы і Вільчы, а таксама ў кірунку Лімана, Радзькаўкі, Хатняга, Ізбіцкага і Шавякоўкі.

На Ліманскім кірунку зафіксавана дзевяць боесутыкненняў.

* * *

У ноч на 6 ліпеня Расія нанесла масіраваны камбінаваны ўдар па Украіне з прымяненнем ударных БпЛА, ракет паветранага, наземнага і марскога базавання розных тыпаў.

Асноўны кірунак удару — Кіеў.

Радыётэхнічнымі войскамі Паветраных Сіл Украіны зафіксавана 419 сродкаў паветранага нападу — 68 ракет і 351 БпЛА розных тыпаў:

  • 6 супрацькарабельных ракет 3М22 «Цыркон»/«Онікс»;
  • 23 балістычныя ракеты «Іскандэр-М»/С-400;
  • 33 крылатыя ракеты Х-101;
  • 6 крылатых ракет «Калібр»;
  • 351 ударны БпЛА тыпу Shahed, «Гербера», «Італмас», дроны-імітатары тыпу «Пародыя».

Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 363 мэты — 37 ракет і 326 беспілотнікаў розных тыпаў:

  • 31 крылатая ракета Х-101;
  • 6 крылатых ракет «Калібр»;
  • 326 БпЛА розных тыпаў.

Паветраныя сілы Украіны папярэджваюць, што атака працягваецца, у паветранай прасторы Украіны некалькі ўдарных БпЛА.

* * *

У выніку расійскага нападу ў ноч на 6 ліпеня ў Кіеве загінулі 11 чалавек, 46 чалавек атрымалі траўмы, у тым ліку 2 дзіцяці, па меншай меры 15 жылых дамоў былі пашкоджаны і разбураны.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў сацсетках паведаміў, што на раніцу 6 ліпеня ўдалося выратаваць 64 чалавекі, у тым ліку двух дзяцей. Эпіцэнтрам траплянняў і падзення абломкаў расійскага ўзбраення сталі Дарніцкі і Падольскі раёны Кіева, таксама пашкоджанні зафіксаваны ў Галасееўскім і Абалонскім раёнах.

У Кіеўскай вобласці таксама расце колькасць пацярпелых ад атакі расійскіх войскаў. Вядома пра чацвярых загінулых, траўмы атрымалі 15 жыхароў вобласці, з іх 11 знаходзяцца ў бальніцах. Сярод пацярпелых — дзяўчынка 9 месяцаў.

* * *

У ноч на 6 ліпеня супрацьпаветранай абароне Украіны не ўдалося збіць ніводнай з 29 балістычных ракет з-за дэфіцыту супрацьракет для сістэм Patriot, здольных перахопліваць балістыку.

Спікер Ваенна-паветраных сіл палкоўнік Юрый Ігнат у эфіры нацыянальнага тэлемарафону сказаў: «Каб збіваць балістычныя ракеты, трэба мець чым. Сістэм — дастаткова, патрэбна пастаянная пастаўка ракет. Расіяне выкарыстоўваюць той фактар, што ва Украіне, дый ва ўсім свеце, назіраецца сур’ёзны дэфіцыт перахопліваючых ракет PAC2 і PAC3, таму больш засяроджваюцца на ўдарах балістычнымі ракетамі».

* * *

На фоне масіраванай атакі РФ 6 ліпеня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заклікаў міжнародных партнёраў забяспечыць Украіну ракетамі-перахопнікамі для сістэм Patriot, здольных перахопліваць балістычныя ракеты.

«Нашы воіны паказалі сёння добрыя вынікі ў збіванні дронаў і крылатых ракет, але, на жаль, не ў адносінах да расійскай балістыкі. І прычына — менавіта ў недастатковых пастаўках ракет-перахопнікаў. Вельмі важна, каб свет, перш за ўсё Амерыка і нашы еўрапейскія партнёры, выйшлі з саміту НАТА ў Анкары з рашучымі рашэннямі ў падтрымку нашай абароны неба, а значыць, абароны жыццяў звычайных людзей.

Пакуль ракеты для "Пэтрыётаў" застаюцца на складах саюзнікаў, гэта толькі заахвочвае Расію і далей наносіць удары па жылых дамах. У ЗША і Еўропы дастаткова сіл, каб спыніць гэты тэрор», — лічыць прэзідэнт Украіны.

* * *

739965817_2001862087102973_1181101235420703908_n.jfif

* * *

Віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс у інтэрв’ю The Sunday Times заявіў, што расійскія наступальныя аперацыі даюць мінімальныя вынікі, тады як стратэгія абароны Украіны можа садзейнічаць стварэнню ўмоў для завяршэння вайны.

Аналізуючы вайну, Вэнс прыйшоў да высновы, што ва ўмовах развіцця беспілотных тэхналогій і сродкаў назірання Украіне больш мэтазгодна было б засяродзіцца на абароне і знясіленні праціўніка, а не на маштабных наступальных аперацыях для дэакупацыі тэрыторый.

Пры гэтым Вэнс лічыць «стратэгічнай і тактычнай катастрофай» летняе контрнаступленне Украіны 2023 года, якое, па яго словах, было вынікам ціску з боку заходніх партнёраў, уключаючы адміністрацыю Джо Байдэна.

Вэнс патлумачыў, што цяперашні падыход, які прадугледжвае ўзмацненне абароны паралельна з дыпламатычнымі намаганнямі, з’яўляецца больш эфектыўным, паколькі расійскія войскі «дорага плацяць» за кожны захоплены кіламетр.

«Шчыра кажучы, расіяне цяпер знаходзяцца ў сітуацыі, калі тое, чаго яны могуць дасягнуць дзякуючы працяглым наступальным аперацыям, з’яўляецца нікчэмна малым — і набліжаецца да нуля. Гэта цалкам можа стварыць прастору, неабходную нам для таго, каб давесці гэтую справу да канца», — заявіў віцэ-прэзідэнт ЗША.

Па яго перакананні, такая дынаміка можа стварыць умовы для далейшага ўрэгулявання поўнамаштабнай вайны.

* * *

Расійскі бок, верагодна, не будзе ўдзельнічаць у змястоўных перамовах па завяршэнні поўнамаштабнай вайны супраць Украіны як мінімум да лютага 2027 года, піша Financial Times са спасылкай на дасведчаныя крыніцы.

У Маскве зыходзяць з таго, што Расія зможа акупаваць усю Данецкую вобласць, тады як Злучаныя Штаты нібыта схіляць Украіну да саступак.

Адзін з суразмоўцаў, які уцягнуты ў непублічныя кантакты па спыненні вайны, заявіў, што засяроджанасць Расіі на максімалісцкіх мэтах фактычна робіць немагчымым змястоўны перамоўны працэс у найбліжэйшай перспектыве. Другая крыніца з расійскага боку адзначыла, што ў Маскве разлічваюць на сцэнарый, пры якім ЗША «фактычна перададуць Украіну Расіі», і не бачаць падстаў для саступак з уласнага боку.

Украінскія чыноўнікі, уцягнутыя ў перагаворны працэс, лічаць, што трохбаковыя перамовы з удзелам ЗША наўрад ці адновяцца раней за другую палову 2026 года.

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у сераду, 8 ліпеня, правядзе сустрэчу з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Перамовы пройдуць у Анкары на палях саміту НАТА, напісала журналістка Hiba Nasr у сацсетцы X, якая спасылаецца на высокапастаўленага чыноўніка ЗША.

Па інфармацыі крыніцы, Трамп правядзе двухбаковыя сустрэчы з двума лідарамі: украінскім прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім і прэзідэнтам Сірыі Ахмедам аш-Шараа.

Раней сустрэчу з Дональдам Трампам анансаваў і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.