Украінскія войскі наблізіліся да Лімана і ўзялі ў «кацёл» 5-тысячную групоўку расійцаў

Па стане на раніцу 1 кастрычніка ў аблозе ў горадзе Ліман Данецкай вобласці знаходзяцца каля 5 тысяч расійскіх вайскоўцаў. Пра гэта паведаміў кіраўнік Луганскай ваеннай адміністрацыі Сяргей Гайдай у эфіры канала Freedom, піша «Украінская праўда».

krasnyj_liman_karta.jpg

«Па Лімане. Акупанты папрасілі ў свайго кіраўніцтва магчымасці выйсці, на што атрымалі адмову. Цяпер у іх ёсць тры варыянты дзеянняў: або паспрабаваць прарвацца, або здацца, або ўсім разам загінуць. Там іх каля 5 тысяч, дакладнай лічбы пакуль няма», — сказаў Сяргей Гайдай.

Ён падкрэсліў, што 5 тысяч — гэта каласальная групоўка ў акружэнні. Па яго словах, такога яшчэ не было ў прынцыпе.

Гайдай дадаў, што цяпер усе шляхі падвозу туды боекамплекта або спакойнага выхаду гэтай групоўкі з Лімана ўжо адрэзаныя.

Пазней у сеціве з'явілася відэа з падняццем украінскага сцяга на ўскрайку Лімана. Гэта можа сведчыць пра тое, што УСУ уваходзяць у горад.

Амерыканскі інстытут вывучэння вайны прагназуе, што ўкраінскія войскі, верагодна, цалкам акружаць або захопяць Ліман Данецкай вобласці на працягу наступных 72 гадзін.

Інстытут вывучэння вайны раней паведаміў, што УСУ ўвечары 29 верасня, верагодна, завяршылі акружэнне расійскай групоўкі ў раёне Лімана. Паводле некаторых звестак, украінскія вайскоўцы змогуць узяць горад, калі расійцы не атрымаюць падмацаванне.

30 верасня спікер Усходняй групоўкі войскаў Сяргей Чараваты паведаміў, што акружэнне расійскай групоўкі каля Лімана знаходзіцца «на этапе завяршэння».

30 верасня прэзідэнт Уладзімір Зяленскі заявіў, што Украіна перахапіла ініцыятыву ў вайне і дасягае адчувальных вынікаў, у прыватнасці пацвердзіў вызваленне Ямпаля і поспехі УСУ ў Лімане.