220-ты дзень вайны Расіі ва Украіне: заблакаваная рэзалюцыя ААН супраць анексіі, ракетны ўдар па Адэсе, выкрадзены гендырэктар Запарожскай АЭС

Расказваем вам, з чаго пачынаецца 220-ты дзень на франтах Украіны.

Ракетны ўдар па аўтакалоне ў Запарожжы, 30 верасня 2022 года

Ракетны ўдар па аўтакалоне ў Запарожжы, 30 верасня 2022 года


Праз немагчымасць закупляць зброю Расія мадэрнізуе старую. Ракеты С-300, якімі ўдарылі па Запарожжы, цяпер забіраюць яшчэ больш жыццяў, заявіў міністр унутраных спраў Украіны Дзяніс Манастырскі ў эфіры тэлемарафона. Паводле яго слоў, раней яны ўзрываліся пры пагружэнні ў зямлю, утвараючы варонкі, а цяперашняя версія гэтых ракет узрываецца пры сутыкненні з паверхняй: «Гэтыя ракеты перапрацаваныя, і выбух адбыўся адразу пры сутыкненні з зямлёй, каб як мага больш людзей загінула. Такая выснова спецыялістаў-выбухатэхнікаў, якія знаходзіліся на месцы трагедыі».
Нагадаем, учора ў Запарожскай вобласці была абстраляная аўтакалона з мірнымі жыхарамі. Загінулі 30 чалавек, у тым ліку двое дзяцей: 11-гадовая дзяўчынка і 14-гадовы хлопец. Раненні рознай ступені цяжкасці атрымалі 88 чалавек, сярод іх — трохгадовая дзяўчынка.
Сёння на світанку была абстраляная Адэса. Як паведамляе аператыўнае камандаванне «Поўдзень», ракеты трапілі ў прамысловы аб'ект і пашкодзілі яго інфраструктуру:
«Перад світаннем па Адэшчыне нанесены ракетны ўдар. Дзвюма ракетамі, як мяркуецца, "Іскандэр", патрапілі ў аб'ект прамысловай інфраструктуры, пашкоджаная электрападстанцыя, некалькі вакольных будынкаў. У адным з прыватных гаражоў успыхнуў пажар, які аператыўна ліквідаваны».
Інфармацыі пра ахвяр пакуль няма.
Больш за 30 «Градаў» мінулай ноччу Расія запусціла па Нікапалі. Пашкоджаныя прыватныя дамы, гаспадарчыя пабудовы, кавярня і гасцініца. На дадзены момант ахвяр няма. Таксама дасталося Сінельнікаўскаму раёну, Марганецкай і Краснагрыгор'еўскай грамадам Днепрапятроўскай вобласці. Паўсюль ёсць моцныя разбурэнні ў грамадзянскай інфраструктуры, ахвяр няма.
Ракетай былі знесеныя некалькі кватэр на 4 і 5 паверхах жылога дома ў Мікалаеве. Мэр горада Аляксандр Сянкевічпаведаміў, што разбурэнні нанесеныя ракетай С-300. Агулам у выніку начнога абстрэлу былі пашкоджаныя 7 шматпавярховікаў і каля двух дзясяткаў аўтамабіляў. Ахвяр сярод людзей няма.
Расіяне выкралі гендырэктара Запарожскай АЭС Ігара Мурашова, заявіў прэзідэнт «Энергаатама» Пётр Коцін. Мурашова спынілі на дарозе ад станцыі да Энергадара, завязалі яму вочы і звезлі ў невядомым кірунку. У «Энергаатаме» патрабуюць неадкладнага вызвалення кіраўніка АЭС:
«Генеральны дырэктар ЗАЭС з'яўляецца ліцэнзаванай асобай — ён нясе галоўную і выключную адказнасць за ядзерную і радыяцыйную бяспеку Запарожскай АЭС. Яго затрыманне стварае небяспеку эксплуатацыі найбуйнейшай у Еўропе атамнай электрастанцыі», — гаворыцца ў заяве.
Расія заблакавала рэзалюцыю ААН, якая асуджае анексію акупаваных украінскіх тэрыторый. Рэзалюцыя была ініцыяваная ЗША і Албаніяй. 10 краін прагаласавалі «за», «устрымаліся» Кітай, Індыя, Бразілія і Габон, «супраць» прагаласавала толькі Расія, якая наклала вета на дакумент. Прадстаўнік Украіны назваў гэта «прыніжэннем Савета бяспекі ААН».
За мінулыя суткі Узброенымі сіламі Украіны на акупаваных расійцамі тэрыторыях былі пашкоджаныя 11 варожых пунктаў кіравання рознага ўзроўню, 8 раёнаў канцэнтрацыі жывой сілы і вайсковай тэхнікі, 14 вайсковых аб'ектаў: склады боепрыпасаў, зенітна-ракетныя комплексы, пераправы, станцыі радыёэлектроннай барацьбы і выведкі, тры беспілотнікі і верталёт Ка-52 «Алігатар».
Паводле unian.net.