Уладзімір Зяленскі: такой дэманстратыўнай непавагі Расіі да Амерыкі яшчэ не было
У той час, як Трамп усім заявіў пра «энергетычнае перамір'е», якога ён нібыта дамогся, РФ ударыла балістыкай менавіта па энергетычнай сістэме Украіны. Справы на фронце ў РФ ідуць кепска, а таму яна выкарыстоўвае тэрор грамадзянскага насельніцтва. Тым часам у ЗША працягваецца скандал з-за дамоўленасцей Трампа з Пуціным. Ідуць 1694-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 229 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 14 кастрычніка.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку ўкраінскія падраздзяленні адбілі 16 атак расіян у раёнах Ізбіцкага, Ваўчанскіх Хутароў, Валахоўкі, Вільхаваткі і Рыбалчынага.
На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 12 атак у раёнах Канстанцінаўкі, Раскошнага, Навасёлаўкі, Асікавага, Іллінаўкі, Мікалаеўкі і Доўгай Балкі.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 39 атак у раёнах Сяргееўкі і Маладзецкага, а таксама ў бок Вольнага, Кучарава Яру, Сафіеўкі, Пятроўкі, Залатога Калодзежа, Дабраполля, Новага Донбаса, Чарнігаўкі, Радзінскага, Новааляксандраўкі, Мірнага, Удачнага і Мураўкі.
На Гуляйпольскім кірунку адбіта 10 атак расійцаў у раёнах Долінкі, Раздзянкі і Горкага.
* * *
Трэці армейскі корпус Украіны і далучаныя падраздзяленні вызвалілі Зялёную Даліну, Ліпавае і Калодзежы на Ліманскім кірунку, вярнуўшы пад кантроль Украіны яшчэ 101 квадратны кіламетр тэрыторыі ў ходзе чацвёртага этапу аперацыі «Вівальдзі», заявіў камандзір Трэцяга армейскага корпуса, брыгадны генерал Андрэй Білецкі.
Па словах Білецкага, аперацыя пачалася з ліквідацыі расійскай інфільтрацыі, але перарасла ў імклівае і маштабнае наступленне. Ён сцвярджае, што расіяне пачалі страчваць кантроль над сваімі падраздзяленнямі, дзе «пачаўся сапраўдны хаос».
«Мы не далі праціўніку абысці Славянска-Краматорскую агламерацыю з флангаў і заціснуць яе ў клешчы, а таксама абаранілі трасу Харкаў – Славянск. Праціўнік не змог перарэзаць ключавую лагістычную артэрыю нашай групоўкі на Данбасе», — адзначыў ён.
Усяго за чатыры этапы аперацыі ўкраінскія сілы вызвалілі 277 квадратных кіламетраў і вярнулі пад поўны кантроль Украіны 16 населеных пунктаў.
Аналітычны праект DeepState пацвердзіў заяву генерала, паведаміўшы пра вызваленне Калодзежаў, Ліпавага і Зялёнай Даліны. Акрамя таго, па даных аналітыкаў, Сілы абароны вярнулі кантроль над тэрыторыямі паблізу Ставак і Шандрыгалава.
* * *
У ноч на 14 кастрычніка Расія нанесла масіраваны камбінаваны ўдар па Украіне з прымяненнем 128 ударных БпЛА і 39 ракет розных тыпаў. Асноўны кірунак удару – Кіеў, Кіеўшчына і Харкаўшчына. Асаблівасць – адначаснае прымяненне сродкаў паветранага нападу розных тыпаў з розных кірункаў, вялікая колькасць «балістыкі» па аб'ектах энергетыкі.
Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 119 мэтаў: 4 балістычныя ракеты і 115 БпЛА.
Мэтай расійскай балістыкі былі аб'екты энергасістэмы ў Кіеве, Харкаве і вобласці — у прыватнасці, у сталіцы ноччу былі атакаваныя ўсе тры гарадскія ЦЭЦ, напісаў прэм'ер-міністр Украіны Сяргей Карэцкі. Расіяне таксама наносілі ўдары па крытычна важных аб'ектах у Кіеўскай вобласці, якія забяспечваюць энергазабеспячэнне сталіцы і цэнтральных рэгіёнаў. У пяці абласцях былі атакаваныя чыгуначныя аб'екты.
Пяцёра чалавек атрымалі раненні ў выніку расійскай атакі на Ровенскую вобласць 14 кастрычніка.
У ноч на 14 кастрычніка расіяне атакавалі беспілотнікам нафтабазу ў Луцку, у выніку ўзнік маштабны пажар.
Румынія падымала авіяцыю з-за трох паветраных аб'ектаў каля мяжы.
Дроны нанеслі ўдар па самым магутным у Расіі дата-цэнтры, які належыць найбуйнейшаму банку і тэхналагічнай кампаніі краіны — Ашчадбанку, паведамляе Reuters.
Аб'ект размешчаны ў Балакаве Саратаўскай вобласці за 650–700 км ад мяжы з Украінай. Гэта галоўны дата-цэнтр РФ па праектнай магутнасці, якая складае 82 МВт. Там устаноўлена 3 тыс. стоек і да 120 тыс. сервераў.
* * *
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў сацсетцы X напісаў, што ў ноч на 14 кастрычніка Расія нанесла прыцэльны балістычны ўдар па энергетыцы Украіны, прадэманстраваўшы нябачаную раней непавагу да ЗША.
«Прыцэльны расійскі балістычны ўдар менавіта па энергетыцы, у дачыненні да якой прэзідэнт Амерыкі абвясціў пра спыненне агню. Удар абсалютна свядомы і паказальны па сваіх маштабах — такой дэманстратыўнай непавагі з боку Расіі да Амерыкі яшчэ не было. Расія не лічыць заявы прэзідэнта Амерыкі пераканаўчымі», — напісаў прэзідэнт Украіны.
Па яго словах, як мінімум 600 тысяч чалавек засталіся без электрычнасці, а адключэнні могуць быць і больш маштабнымі.
«Мы просім Амерыку і кожнага ў свеце, хто не заплюшчвае вочы на рэальнасць, адрэагаваць, і адрэагаваць жорстка. Расія ўпусціла магчымасць дээскалацыі і выразна вырашыла працягваць сваю вар'яцкую вайну на знішчэнне. Мы просім прэзідэнта Трампа ўвесці жорсткія санкцыі супраць Расіі, тым больш што закон Ліндсі Грэма, які быў нядаўна прыняты і падпісаны, гэта дазваляе і рэгламентуе», — адзначыў Зяленскі.
* * *
Дарадца прэзідэнта Украіны Сяргей «Флэш» Бескрэстнаў паведаміў пра абмежаванне SpaceX хуткасці працы яе тэрміналаў спадарожнікавай сувязі Starlink падчас руху, што прывяло да зрыву шэрагу місій украінскіх ваенных.
«Я пацвярджаю, што сёння ўначы кампанія SpaceX увяла абмежаванне хуткасці працы тэрміналаў Starlink падчас руху. У цяперашні час абмежаванне тычыцца "ваеннага пакета" паслуг StarShield і ўстаноўлена на хуткасць 100 міль у гадзіну. Нашы сілы абароны не атрымлівалі папярэджання пра такое абмежаванне, і гэта прывяло да зрыву шэрагу місій», — напісаў ён у Тэлеграм.
Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі адрэагаваў на паведамленні пра абмежаванне працы Starlink для ўкраінскіх ваенных. Ён звярнуўся да кіраўніка SpaceX Ілана Маска з крытычным допісам у сацсетцы X.
«Гэй, Ілан Маск, вялікі чалавек, ты зноў выкарыстоўваеш свае прадукты ў палітычных мэтах» — напісаў польскі міністр. Ён таксама нагадаў пра еўрапейскіх кліентаў кампаніі і дадаў: «Мы сочым за табой».
Паслугі Starlink для ўкраінскіх ваенных аплачвае Польшча.
* * *
Дванаццаць сенатараў ЗША ад абедзвюх партый звярнуліся да прэзідэнта Дональда Трампа з лістом, у якім патрабуюць адмяніць скандальную дамоўленасць з расійскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным. Тэкст заявы размешчаны на сайце сенатара-дэмакрата Рычарда Блюменталя, яго падпісалі шэсць дэмакратаў і шэсць рэспубліканцаў.
Сенатары заявілі, што дазвол Расіі свабодна прадаваць дызельнае паліва на сусветных рынках не толькі шкодзіць інтарэсам бяспекі ЗША, але і «з'яўляецца падарункам для нашага ворага і здрадай нашых саюзнікаў; яго трэба адмяніць», заклікалі аўтары ліста.
Акрамя таго, сенатары заклікалі кіраўніка Белага дома неадкладна ўвесці санкцыі, прадугледжаныя «Законам Ліндсі Грэма».
«Гэтыя паўнамоцтвы патрабуюць ад вас аказваць эканамічны ціск на Расію і галоўных хаўруснікаў яе вайны, у прыватнасці Кітай, і тым самым умацаваць вашу перамоўную пазіцыю, каб хутка пакончыць з гэтым разбуральным канфліктам», — падкрэслілі аўтары звароту.
Сенатары нагадалі Трампу, што мір ва Украіне павінен быць дасягнуты на справядлівых умовах, якія прадугледжваюць абарону дэмакратычных каштоўнасцей, суверэнітэту і бяспекі краіны.