Ва Украіне распрацавалі сістэму процідзеяння расійскім ракетам «Арэшнік»
Украіна мае шанец стаць касмічнай дзяржавай. Прада, да гэтага яе змусілі ракетныя ўдары з боку Расіі і затрымкі з пастаўкамі самалётаў з боку ЕС. Тым часам «перамір'е Пуціна» скончылася, хоць яго фактычна і не было. Ідуць 1510-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Ракета "Арэшнік". Фота з am.sputniknews.ru
Як паведамляе Генштаб Украіны, за час абвешчанага рэжыму спынення агню ракетных, авіяцыйных удараў, удараў дронамі-камікадзэ тыпу «Шахед/Гербера» не адзначалася, але разам з тым РФ здзейсніла 1567 артылерыйскіх абстрэлаў; правёў 119 штурмавых дзеянняў; нанёс 9 035 удараў дронамі-камікадзэ тыпу «Італмас», «Ланцэт», «Молнія» і іншых. Усяго з пачатку абвяшчэння рэжыму спынення агню зафіксавана 10 721 парушэнне з боку Расіі.
У цэлым на працягу мінулых сутак зафіксавана 107 баявых сутыкненняў.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 28 штурмаў расіян у раёнах Біліцкага, Радзінскага, Мірнаграду, Зацішак, Грышына, Пакроўску, Удачнага, Маладзецкага, Мураўкі.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 15 атак у раёнах Канстанцінаўкі, Плешчыеўкі, Іллінаўкі, Новапаўлаўкі, Кучарава Яру і Сафіеўкі.
На Гуляйпольскім кірунку адбылося 12 атак у раёнах Залізнічнага, Варвараўкі, Гуляйпольскага, Стараўкраінкі і Мірнага.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку армія РФ 11 разоў спрабавала прасунуцца ў раёнах Сінельнікава, Старыцы, Ізбіцкага, Ваўчанска, Лімана і Цагельнага.
* * *
Скарыстаўшыся велікодным «перамір’ем», расіяне масава перакідвалі ваенную тэхніку з Бярдзянскага кірунку на поўнач Данецкай вобласці, паведаміў кіраўнік Цэнтра вывучэння акупацыі Пётр Андрушчанка.
«Марыупаль. Вялікдзень. Расіяне, карыстаючыся перамір’ем, масава перавозяць тэхніку з Бярдзянскага кірунку на поўнач Данецкай вобласці. Не хаваючыся», — адзначыў кіраўнік Цэнтра.
Акрамя руху тэхнікі, зафіксавана разгортванне дадатковых пунктаў кантролю. У прыватнасці, на пост-мосце паблізу завода «Азоўсталь» усталявалі два новыя мабільныя блокпасты.
Паводле слоў Андрушчанкі, гэта «звычайнае дзеянне перад праходам ваенных калон». Украіна назірае за далейшым перамяшчэннем сіл РФ.
* * *
Расійскія войскі акупавалі вёску Мірнае на Гуляйпольскім кірунку, паведамляе аналітычны праект DeepState. Таксама паведамляецца, што армія РФ прасунулася каля Ветэрынарнага і Петрапаўлаўкі ў Харкаўскай вобласці, а таксама вёскі Іванаполле ў Данецкай вобласці.
Раней аналітыкі паведамілі, што за мінулы тыдзень агульная плошча расійскай акупацыі ва Украіне вырасла на 5,77 кв. км. Гэта ў некалькі разоў менш, чым за мінулыя тыдні.
* * *
У Чарнігаўскім раёне ў ноч пасля Вялікадня, 13 красавіка расійская атака пашкодзіла адзін з энергааб’ектаў, паведаміла прэс-служба АТ «Чарнігаўаблэнерга». Паводле інфармацыі кампаніі, больш за 12 тысяч абанентаў засталіся абясточанымі.
* * *

* * *
Новы этап абмену палоннымі паміж Украінай і Расіяй магчымы ўжо ў канцы наступнага тыдня, заявіў кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Кірыл Буданаў у каментары Новини.LIVE.
Буданаў паведаміў, што пасля вяртання 182 украінцаў 11 красавіка ўжо рыхтуюць наступны абмен. «Я спадзяюся, што недзе на канец тыдня будзе яшчэ адзін этап. Там былі чыста бюракратычныя працэдуры», — адзначыў кіраўнік ОП.
* * *
Бельгія і Нарвегія затрымліваюць пастаўкі 36 знішчальнікаў F-16 для Украіны, што складае амаль палову ад усёй абяцанай колькасці самалётаў, паведамляе Defence Express.
Як піша выданне, Бельгія, якая абавязалася перадаць 30 знішчальнікаў, звязвае паўзу з затрымкай атрымання амерыканскіх F-35. Першыя новыя самалёты прыбылі ў краіну толькі ў кастрычніку мінулага года. Чакаецца, што бельгійскія F-16 будуць перадавацца Украіне паступова да 2028 года, хоць першыя барты могуць паступіць ужо ў 2026 годзе.
У Нарвегіі сітуацыя іншая — краіна абяцала 6 самалётаў, але ўсе яны знаходзяцца на рамонце. Працэс аднаўлення тармазіцца з-за дэфіцыту запчастак — для кожнай машыны не хапае каля сотні дэталяў.
У цэлым авіяцыйная кааліцыя абяцала падаць Украіне 79 знішчальнікаў. Цяпер сітуацыя з пастаўкамі выглядае так:
- Нідэрланды — перадалі ўсе 24 абяцаныя самалёты;
- Данія — паставіла большую частку з 19 бартоў (па плане перадача павінна была завяршыцца да канца 2025 года);
- Бельгія і Нарвегія — станам на красавік 2026 года не паставілі ніводнага самалёта.
З улікам чатырох страчаных у баях машын, на ўзбраенні Паветраных сіл ВСУ зараз можа знаходзіцца да 39 адзінак F-16.
* * *
Падчас поўнамаштабнай вайны Украіна двойчы паспяхова запусціла ракетаносьбіты ў космас, заявіў у інтэрв’ю РБК-Украіна народны дэпутат Фёдар Веніслаўскі, які ўзначальвае падкамітэт па дзяржбяспецы абароннага камітэта Вярхоўнай Рады Украіны.
Паводле слоў нардэпа, Украіна ўжо двойчы выводзіла ракетаносьбіты ў касмічную прастору. Першы запуск адбыўся на вышыню больш за 100 кіламетраў, а другі — на 204 кіламетры. Абодва вынікі афіцыйна зафіксаваны тэхнічнымі сродкамі.
«Гэта ўнікальная сітуацыя для краіны, якая знаходзіцца ў стане поўнамаштабнай вайны. То-бок Украіна ўжо мае тэхнічныя магчымасці процідзейнічаць сродкам нападу ворага і паражаць іх у космасе», — сказаў Веніслаўскі.
Акрамя гэтых пускаў, рабочая група выканала яшчэ адну ўнікальную задачу — запусціла ракетаносьбіт з транспартнага самалёта на вышыні каля 8 км. «Гэта было ажыццёўлена ўпершыню на тэрыторыі Еўрапейскага кантынента і другі раз у сусветнай гісторыі. Першымі такое зрабілі ЗША ў сярэдзіне 70-х гадоў. Але нашая вышыня вываду з’яўляецца рэкорднай», — падкрэсліў Веніслаўскі.
Паводле яго слоў, запуск ракет з паветра эканоміць энергію на праходжанне шчыльных слаёў атмасферы, што значна павялічвае дальнасць і эфектыўнасць паражэння. Сістэму плануюць выкарыстоўваць як для мірных мэтаў, так і для процідзеяння расійскім ракетам «Арэшнік».