Вайна ва Украіне руйнуе эканоміку Расіі
З-за выдаткаў на вайну ва Украіне эканоміка Расіі руйнуецца, людзі бяднеюць месяц ад месяца, і грошай у РФ усё менш. На гэтым фоне Пуцін вырашыў «патрэсці» сваіх алігархаў, але і ў іх грошы не бясконцыя. Тым часам ідуць 1493-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота GattyImages
На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 150 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 27 сакавіка.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 42 штурмы расіян у раёнах Шахава, Новападгароднага, Біліцкага, Радзінскага, Мірнаграду, Грышына, Котліна, Удачнага, Пакроўску, Маладзецкага і іншых.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 23 атакі паблізу Канстанцінаўкі, Плешчыеўкі, Іллінаўкі, Берастак, Сцяпанаўкі, Новапаўлаўкі і Сафіеўкі.
На Гуляйпольскім кірунку адбыліся 22 атакі расіян у раёнах Гуляйполя, Залізнічнага, Мірнага і Святапятроўкі.
На Аляксандраўскім кірунку аомія РФ дзесяць разоў атакавала у раёнах Аляксандраграда, Вішнёвага і Краснагорскага.
* * *
Украінскія дэсантнікі цалкам вызвалілі ад расійскіх войск вёску Бярозавае ў Днепрапятроўскай вобласці, паведамляе Telegram-канал 95-й асобнай дэсантна-штурмавой Палескай брыгады ДШВ УСУ.
Паводле звестак Генштаба УСУ, Сілам абароны Украины ўдалося вызваліць амаль усю тэрыторыю Днепрапятроўскай вобласці.
У Інстытуце вывучэння вайны (ISW) паведамлялі, што УСУ прасунуліся на 10-12 кіламетраў углыб рэгіёна. З канца студзеня 2026 года дэакупавана больш за 400 кв. кіламетраў тэрыторыі, аднак пад кантролем расіян яшчэ застаюцца пяць населеных пунктаў вобласці.
* * *
Расіяне ў ноч на 27 сакавіка атакавалі Харкаў дронамі і ракетай, якая патрапіла ў шматкватэрны дом. Вядома пра шасцярых пацярпелых.
У ноч на 27 сакавіка нафтаналіўныя порты ў РФ Ленінградскай вобласці — ва Усць-Лузе і Прыморску — былі атакаваны другі раз пасля нядаўняга ўдару.
Вядома пра выбухі на месцы атакі. Неба там пакрылася яркім зарывам, што відаць на дзясяткі кіламетраў. Абодва порты з’яўляюцца найбуйнейшымі ў рэгіёне і складаюць значную долю экспарту нафтапрадуктаў Расійскай Федэрацыі.
Аэрапорт «Пулкава» часова прыпыняў сваю працу з-за атак дронаў. Афіцыйнай інфармацыі пра наступствы атак пакуль не было.
У Чарапаўцы Валагодскай вобласці РФ адбыўся пажар — у выніку атакі дронаў успыхнула АТ «Апатыт», якое вырабляе ў асноўным фосфарныя ўгнаенні.
АТ «Апатыт» — гэта найбуйнейшы ў Еўропе вытворца фосфарзмяшчальных угнаенняў, фосфарнай і сернай кіслот, а таксама адзін з лідараў у Расіі па аб’ёмах выпуску NPK-угнаенняў.
Таксама ў пабліках паведамляюць, што гэтай ноччу ў Выбаргу быў пажар у раёне порта Высоцк. Адносна нядаўна судабудаўнічы завод РФ у Выбаргу апынуўся пад атакай дронаў, тады быў пашкоджаны ледакол ФСБ.
* * *

* * *
Расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін правёў 26 сакавіка закрытую сустрэчу з расійскімі алігархамі, дзе вылучыў ім патрабаванне «скінуцца на вайну». Прынамсі двое пагадзіліся, піша The Bell.
Крыніцы распавялі выданню, што Пуцін ясна даў зразумець — спыненне баявых дзеянняў супраць Украіны Крэмль не плануе. «Сказалі, будзем ваяваць... Пойдзем да межаў Данбаса», — паведамілі выданню некалькі крыніц.
Пуцін падчас сустрэчы вылучыў алігархам патрабаванне даць грошай на вайну супраць Украіны. Ідэя «патрэсці бізнес у цяжкі час» належыць кіраўніку «Раснафты» Ігару Сечыну, сцвярджаюць крыніцы. Прыцягваць грошы, згодна з ідэяй Сечына, таксама плануецца праз размяшчэнне ваенных аблігацый федэральнай пазыкі (АФП).
Пуцін не толькі падтрымаў гэтую ініцыятыву, але і асабіста «прапанаваў» алігархам рабіць «добраахвотныя ўнёскі». Прынамсі двое з іх пагадзіліся на «прапанову» дыктатара.
Сулейман Керымаў нібыта паабяцаў унесці ў бюджэт 100 млрд рублёў. Яшчэ адзін неназваны алігарх таксама паабяцаў буйную суму грошай, але дакладных лічбаў крыніцы не назвалі.
* * *
Расійская Федэрацыя фактычна банкруціцца знутры, а яе эканоміка ўвайшла ў штопар. Пагаршэнне ахапіла амаль усе сектары эканомікі, паведамляе Служба знешняй разведкі Украіны.
«Даныя сакавіка 2026 года фіксуюць адначасовае пагаршэнне ва ўсіх ключавых індыкатарах — ад дзелавой актыўнасці да рэальных даходаў насельніцтва. Карціна, якая вымалёўваецца, супярэчыць афіцыйнаму наратыву Крамля пра "стабільную" эканоміку», — гаворыцца ў паведамленні.
Адзначаецца, што тры чвэрці прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнесу паведамляюць пра адсутнасць прыбытку, дастатковага для развіцця. Яшчэ месяц таму гэты паказчык складаў 57%. «Толькі 8,3% апытаных прадпрымальнікаў гатовыя інвеставаць у пашырэнне вытворчасці, тады як у лютым такіх было 29%», — праінфармавалі ў разведцы.
Спажывецкі сектар адлюстроўвае крызіс у рэжыме рэальнага часу: толькі за першыя два месяцы 2026 года ў Маскве закрыліся 125 рэстаранаў; да канца года чакаецца закрыццё яшчэ каля 460. Аналагічныя працэсы фіксуюцца ў Санкт-Пецярбургу, Новасібірску, Татарстане. «Колькасць класічных кавярняў у краіне скарацілася на 13%. У Маскве — мінус 12%, у Санкт-Пецярбургу — мінус 23%», — паведамілі ў СВРУ.
Галіна, якая традыцыйна з’яўляецца барометрам стану гарадскога сярэдняга класа, імкліва звужаецца.
«Доля расіян, якія ацэньваюць свае даходы як дастатковыя для пражыткавага мінімуму, упала з 48% да 41% усяго за месяц», — піша СВР Украіны, спасылаючыся на даныя падкантрольнага Крамлю «Левада-цэнтра».
«Агрэсія супраць Украіны абыходзіцца Расіі ўсё даражэй — і плацяць за яе простыя расіяне», — падкрэслілі ў СВР.
* * *
Уся зброя і боепрыпасы, якія дзяржавы-члены NATO аплацілі для Украіны ў межах механізму закупкі амерыканскай зброі PURL, будуць дастаўлены ва Украіну, заявіла «Еўрапейскай праўдзе» ў Бруселі прадстаўніца NATO Элісан Харт.
«Усё, за што саюзнікі і партнёры NATO заплацілі праз PURL, было дастаўлена або працягвае паступаць ва Украіну», — паведаміла Харт.
Раней у заходніх СМІ з’явіліся паведамленні пра тое, што ЗША плануюць перанакіраванне зброі для Украіны, у прыватнасці ракет для СПА, на Блізкі Усход. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп таксама пракаментаваў паведамленні СМІ пра магчымасць перанакіравання на Блізкі Усход амерыканскага ўзбраення, прызначанага для Украіны: ён адказаў, што ЗША пастаянна займаюцца перанакіраваннем узбраення з розных частак свету: «Мы робім гэта пастаянна. У нас велізарная колькасць боепрыпасаў. Яны ёсць у іншых краінах, напрыклад, у Германіі і па ўсёй Еўропе... І мы часам бяром з аднаго месца і выкарыстоўваем для іншага».
У гэты ж дзень генсек NATO Марк Рутэ запэўніў журналістаў, што амерыканская зброя ў межах механізму NATO PURL, у прыватнасці сістэмы СПА і ракеты да іх, будзе працягваць пастаўляцца ва Украіну.