Вялікабрытанія абвінаваціла РФ у намеры замініраваць марскі калідор, па якім вывозяць збожжа
Улады Вялікабрытаніі сцвярджаюць, што Расія мае намер закласці марскія міны на шляху цывільных суднаў, якія вывозяць на экспарт украінскае збожжа.

Пра гэта гаворыцца ў паведамленні Міністэрства замежных спраў Вялікабрытаніі са спасылкай на звесткі выведкі.
«Рассакрэчаныя сёння звесткі паказваюць, што Расія можа прадоўжыць атакаваць грамадзянскія караблі і суднаходства ў Чорным моры, у тым ліку размяшчаючы марскія міны на падыходах да ўкраінскіх партоў», — заявілі ў МЗС.
Паводле версіі брытанскіх улад, Расія мае намер атакаваць грамадзянскія караблі, якія ідуць праз марскі калідор, каб перашкодзіць экспарту ўкраінскага збожжа.
Пры гэтым, як піша прэс-служба МЗС Вялікабрытаніі, Расія амаль напэўна будзе пазбягаць прамых нападаў, выкарыстоўваючы замест гэтага міны, каб мець магчымасць абвінаваціць у тым, што адбылося, Украіну.
«Публікуючы нашу ацэнку гэтых разведвальных даных, Вялікабрытанія імкнецца выкрыць тактыку Расіі, каб не дапусціць падобных інцыдэнтаў», — заявілі ў МЗС.
Таксама ў ведамстве падкрэслілі, што ў Вялікабрытаніі ёсць сродкі разведкі і сачэння, якія дазволяць устанавіць дачыненне Расіі да ўдараў па грамадзянскім суднаходстве.
Глядзіце таксама

- Нагадаем, Расія выйшла са збожжавага пагаднення 17 ліпеня. У РФ заявілі, нібыта частка дамоўленасцей, якія тычацца расійскіх патрабаванняў, не была выканана.
- Пасля гэтага Мінабароны Расіі фактычна назвала ваеннымі цэлямі ўсе караблі, якія ідуць па Чорным моры ў парты Украіны, а краіны, пад чыімі сцягамі будуць гэтыя судны, — удзельнікамі вайны з боку Кіева. І паабяцалі знішчаць.
- У першай палове жніўня ўлады Украіны абвясцілі аб стварэнні часовых калідораў у Чорным моры. Пры гэтым яны адзначалі, што на гэтых маршрутах захоўваецца пагроза з боку расійскіх вайскоўцаў і дрэйфуючых мін, у сувязі з чым было вырашана дапускаць для праходу толькі тыя караблі, капітаны або ўладальнікі якіх афіцыйна пацвердзілі гатоўнасць да плавання ў небяспечных умовах.
- У сярэдзіне месяца з порта Адэсы выйшаў кантэйнеравоз «Ёзэф Шультэ», які стаяў у порце з лютага 2022 года. Неўзабаве новым маршрутам скарысталіся яшчэ чатыры караблі. У верасні ва ўкраінскі порт «Чарнаморск» за збожжам прыйшлі першыя два сухагрузы.
Паводле meduza.io