Выведка Вялікабрытаніі: Страты Расіі ва Украіне за 2025 год — 415 тысяч чалавек

Страты Расіі ва Украіне б'юць рэкорды, а разведаныя РФ спрабуе атрымаць ад украінскіх «ухілістаў» у Беларусі. Дарадцы Трампа яшчэ не сустракаліся з Пуціным па «мірным плане», але перашкодай для міру ўсё роўна з'яўляецца Уладзімір Зяленскі, лічыць Трамп. Ідуць 1422-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота GettyImages

Фота GettyImages

Цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 132 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 15 студзеня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 25 штурмаў расіян ў раёнах Новага Шахава, Ніканораўкі, Мірнаграду, Котліна, Удачнага, Філіі і іншых.

На Гуляйпольскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 20 атак расіян у раёне Гуляйполя і ў бок Дабраполля, Зялёнага, Святапетраўкі.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 15 атак у раёнах Канстанцінаўкі, Аляксандра-Шульціна, Пляшчыеўкі, Іванаполля, Шчэрбінаўкі і іншых.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку УСУ спынілі 14 атак расіян ў раёнах Ваўчанска, Зялёнага і іншых.

На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 12 разоў, спрабуючы прасунуцца ў раёнах Зарэчнага, Карпаўкі, Навасёлаўкі, Торскага і іншых.

На Аляксандраўскім кірунку расіяне здзейснілі 11 атак паблізу Січневага, Злагоды.

* * *

Аналітычны праект DeepState паведаміў, што расійскія войскі прасунуліся ў раёне населеных пунктаў Жалязнянскае і Яблонаўка Данецкай вобласці, і ў раёне Стэпнагорска Запарожскай вобласці.

* * *

У канцы снежня 2025 года і ў пачатку студзеня 2026 года тэмпы прасоўвання расійскіх войскаў ва Украіне прыкметна знізіліся, верагодна, з-за складаных умоў надвор'я і аслаблення ціску, звязанага з дасягненнем «умоўных тэрмінаў» да канца года, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Аналітыкі адзначаюць, што нарошчванне наступальных дзеянняў арміі РФ у 2025 годзе дасягнула свайго піку 1-2 снежня, пасля чаго інтэнсіўнасць паступова зніжалася да канца года.

Восенню і ў пачатку зімы 2025 года неспрыяльныя ўмовы надвор'я дапамаглі расійскім вайскоўцам выкарыстаць гэтыя фактары на сваю карысць: складанасці для ўкраінскіх беспілотнікаў палягчалі арганізацыю адносна хуткага прасоўвання ў пэўных раёнах. Але падобныя перавагі з-за надвор'я не з'яўляюцца сталымі.

Спецыялісты ISW удакладняюць, што з паніжэннем тэмпературы расійскія войскі, верагодна, паспрабуюць паскорыць тэмпы сваіх аперацый — каб не змерзнуць.

«Расійскія войскі, верагодна, спрабуюць паскараць тэмпы прасоўвання, паколькі больш халодна, што ўскладняе здольнасць расійскай арміі паспяхова ўкараняць свой новы наступальны шаблон, які ў значнай ступені залежыць ад місій пяхотнага пранікнення, якія павінны пераадольваць дзясяткі кіламетраў тэрыторыі пешшу з абмежаваным забеспячэннем», — адзначаюць у ISW.

* * *

Расійскі беспілотнік трапіў у дзіцячую пляцоўку ў цэнтры Львова раніцай 15 студзеня, паведаміў мэр Львова Андрэй Садовы ў Telegram. «Выбуховай хваляй крыху закранула трактарыста, які прыбіраў снег, але з ім усё ў парадку», — адзначыў мэр. Выбухам выбіла вокны ў корпусе навучальнай установы непадалёк, і жылых дамах.

У Кіеве раніцай 15 студзеня абвешчана паветраная трывога.

* * *

614937380_1236545951991814_7949544316958011283_n.jfif

* * *

Міністэрства абароны Вялікабрытаніі паведаміла, што ў 2025 годзе Расія страціла каля 415 тысяч вайскоўцаў забітымі і параненымі. Гэта другі горшы паказчык за ўвесь час поўнамаштабнай вайны, саступае толькі 2024 году, калі страты дасягнулі 430 тысяч чалавек.

Усяго з лютага 2022 года сукупныя страты расійскіх сіл ацэньваюцца прыкладна ў 1 мільён 213 тысяч чалавек — гэта загінулыя і параненыя.

Асобна брытанскія аналітыкі звяртаюць увагу на дынаміку ў канцы года: у снежні 2025 года сярэднесутачныя страты РФ выраслі да 1130 вайскоўцаў, што больш, чым у лістападзе (1030 чалавек). Гэта стала чацвёртым месяцам запар з ростам гэтага паказчыка.

«Узровень страт расіян зноў вырас з-за актыўнага прасоўвання ўздоўж лініі фронту», — адзначаюць аналітыкі брытанскай разведкі.

«Мы чакаем далейшае павелічэнне страт у студзені 2026 года з-за працягу пяхотных атак на некалькіх кірунках», — гаворыцца ў справаздачы.

Аналітыкі адзначаюць, што ўзровень страт непасрэдна ўплывае на здольнасць РФ падтрымліваць тэмпы наступу і змяняе яе тактычныя рашэнні на фронце.

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у інтэрв'ю для Reuters заявіў, што яму нічога не вядома пра магчымую будучую паездку Уіткафа і Кушнера ў Маскву, пра што раней у сераду паведамляла выданне Bloomberg.

Пры гэтым Трамп заявіў, што патэнцыйнае мірнае пагадненне тармозіць Уладзімір Зяленскі. «Я думаю, што ён (Пуцін) гатовы заключыць здзелку. Я думаю, што Украіна менш гатовая заключыць здзелку», — сказаў Трамп.

Амерыканскі лідар не выключае сустрэчы з прэзідэнтам Украіны на эканамічным форуме ў Давосе. «Я б сустрэўся, калі ён (Зяленскі) там будзе. Я буду там», — сказаў Трамп.

* * *

Украінскіх мужчын прызыўнога ўзросту, якія нелегальна перасякаюць мяжу з Беларуссю, пасля затрымання падвяргаюць дзіўным допытам. Невядомыя асобы ў цывільным цікавяцца ваеннай сітуацыяй ва Украіне, перамяшчэннем тэхнікі і наступствамі расійскіх удараў, піша «Следства.Інфа».

Мужчыны з Украіны, якія нелегальна трапілі на тэрыторыю Беларусі, паведамляюць пра абавязковыя допыты адразу пасля затрымання. Паводле іх слоў, зносіны праходзяць у закрытых памяшканнях, а пытанні задаюць людзі без апазнавальных знакаў. Характар размоў дазваляе меркаваць удзел прадстаўнікоў сілавых структур.

Асноўны акцэнт падчас допытаў робіцца на маршрутах перамяшчэння ўкраінскай ваеннай тэхнікі, месцах яе часовага размяшчэння, а таксама раёнах траплянняў расійскіх ракет і беспілотнікаў. Суразмоўцы сцвярджаюць, што пытанні носяць сістэмны характар і паўтараюцца ў розных затрыманых.

Падчас праверак у іх цалкам вымаюць асабістыя рэчы: тэлефоны, пашпарты і іншыя дакументы, абмяжоўваючы магчымасць сувязі са знешнім светам. Пазбегнуць зносін з сілавікамі практычна немагчыма — апеляцыі да законаў або адмова адказваць на пытанні не працуюць.

Падобныя дзеянні, на думку экспертаў, могуць сведчыць пра выкарыстанне ўкраінскіх ухілістаў у якасці крыніцы інфармацыі, якая патэнцыйна можа перадавацца расійскім спецслужбам.

На працягу 2025 года ўкраінскія памежнікі затрымалі каля 1400 чалавек пры спробах незаконнага перасячэння дзяржаўнай мяжы. Большасць выпадкаў фіксаваліся на ўчастках з дзяржавамі ЕС, хоць асобныя спробы выезду адбываліся і ў кірунку Беларусі.

Беларусь па-ранейшаму выкарыстоўваецца Расіяй як тылавая пляцоўка для атак супраць Украіны і патэнцыйных пагроз на адрас краін НАТА, што пацвярджаецца ўдарамі беспілотнікаў па аб'ектах чыгуначнай інфраструктуры ў заходніх рэгіёнах Украіны, піша «Следства.Інфа».