З Мінска да Клайпеды з 2021 года можна будзе даехаць на электрацягніку
З 2021 года з Мінску да Клайпеды можна будзе даехаць на электрацягніку, паведаміў сёння журналістам намеснік генеральнага дырэктара АТ «Літоўскія чыгункі» Герымантас Баканас пасля ўрачыстай цырымоніі адкрыцця руху цягнікоў на электравознай цязе на ўчастку Маладзечна-Гудагай-Кяна.
«Электрыфікацыя IX Агульнаеўрапейскага транспартнага калідора, часткай якога з'яўляецца ўчастак Маладзечна-Гудагай-Кяна, — праект вельмі важны і для Беларусі, і для Літвы. Мы працягнем гэтую працу на тэрыторыі сваёй краіны. У гэтым годзе ўжо пачынаецца рэалізацыя праекта па электрыфікацыі ўчастка Вільня-Клайпеда, завяршыць яго плануецца да 2021 года», — сказаў Герымантас Баканас.
Ён удакладніў, што гаворка ідзе аб участку даўжынёй 300 км.
«Гэта амбітны праект. Адначасова з электрыфікацыяй дарогі мы закупляем электрацягнікі — як пасажырскія, так і грузавыя. Таму з Мінска да Клайпеды можна будзе даехаць на электрацягніку вельмі хутка і зручна. Мне здаецца, гэта стане прывабнай прапановай для жыхароў Беларусі. Мы вельмі хочам, каб беларускія суседзі прыязджалі адпачываць да нашага мора», — адзначыў прадстаўнік Літоўскіх чыгунак.
Герымантас Баканас таксама звярнуў увагу на перавагі рэалізацыі такога праекта для бізнесу Беларусі.
«У 2021 годзе грузы, якія будуць накіроўвацца з Беларусі ў Клайпедскі порт, будуць ужо ісці па электрыфікаваным шляху. А гэта і хуткасць, і вялікая эфектыўнасць. Нашы беларускія калегі называлі лічбу па зніжэнні сабекошту перавозак пасля электрыфікацыі ў 10-15%, але мы лічым, што нават на 20% можам яго знізіць», — сказаў ён.
«Рэалізацыя праекта па электрыфікацыі ўчастка Маладзечна-Гудагай-Кяна паказвае, што мы сумесна шукаем варыянты, як зрабіць больш эфектыўнымі грузаперавозкі з Беларусі праз Літву ў Еўропу», — рэзюмаваў намеснік гендырэктара Літоўскіх чыгунак.
На станцыі Пруды сёння прайшла цырымонія адкрыцця руху цягнікоў на электравознай цязе на ўчастку Маладзечна-Гудагай-Кяна. З Беларусі ў Літву прайшоў першы грузавы цягнік, кіраваны электравозам БКГ1 з экспартнай прадукцыяй беларускіх прадпрыемстваў.
«Упершыню ў найноўшай гісторыі нашай краіны чыгуначнымі адміністрацыямі Беларусі і Літвы быў ажыццёўлены праект па электрыфікацыі чыгуначных ліній у міжнародных зносінах. Гэта сумесны вынік ўзгодненых дзеянняў на ўсіх этапах яго рэалізацыі», — растлумачылі ў БЧ.
Беларускай чыгункай электрыфікаваны ўчастак Маладзечна-Гудагай-дзяржмяжа працягласцю 84 км, АТ «Літоўскія чыгункі» — участак дзяржмяжа-Н.Вільня даўжынёй 27 км.
Паводле belaruspartisan.org