За жнівень Сілы абароны Украіны дэакупавалі больш за паўсотню квадратных кіламетраў краіны
Пасля ўчорашняга маштабнага паветранага ўдару, Украіна чакае дзеянняў ад сусветнай супольнасці. Але Дональд Трамп, заяўляючы пра гатоўнасць увесці санкцыі супраць Расіі, у чарговы раз вырашыў паразмаўляць з Пуціным. Тым часам украінскія вайскоўцы вызваляюць тэрыторыю сваёй краіны. Ідуць 1293-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 156 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы 8 жніўня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 43 атакі расійцаў у раёнах Шахавага, Вольнага, Котліна, Новападгараднае, Новаэканакмічнага, Радзінскага, Міралюбіўкі, Пакроўску, Зверава, Лісоўкі, Удачнага, Дачнага і іншых.
На Новапаўлаўскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 22 штурмы расіян ў раёнах Камышувахі, Зялёнага Гаю, Абратнага, Ольгаўскага, Аляксандраграда і іншых.
На Ліманскім кірунку армія РФ атакавала 17 разоў каля Карпаўкі, Грэкаўкі, Сярэдняга і іншых.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку адбылося 14 баявых сутыкненняў у раёнах Ваўчанска, Амбарнага і Камянкі.
На Сіверскім кірунку расійцы атакавалі 12 разоў каля Серабранянкі, Грыгораўкі і ў кірунку Ямпаля і Сіверска.
На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку ўкраінскія абаронцы адбілі 9 атак расіян.
* * *
Сілы абароны Украіны дэакупавалі вёску Зарэчнае Данецкай вобласці. Населены пункт цалкам пад кантролем украінскай арміі, паведамляе ў Telegram Генеральны штаб УСУ.
Украінскія вайскоўцы паказалі відэа, на якім бачны сцяг Украіны на адным з будынкаў.
Вёска Зарэчнае знаходзіцца на поўнач ад Славянска. Згодна мапам DeepState, расійцы наступаюць у гэтым кірунку.
* * *
Сілы абароны Украіны правялі паспяховыя баявыя аперацыі ў Данецкай вобласці, вызваліўшы тры населеныя пункты ў заходняй частцы рэгіёну непадалёк ад Пакроўска і правёўшы зачыстку ва Уладзіміраўцы, паведаміў 7 верасня аналітычны партал DeepState.
Як кажуць аналітыкі, удалося адкінуць расійцаў каля Разіна, Залатога Калодзежа і вярнуць кантроль над пазіцыямі ў Новатарэцкім.
У Луганскай вобласці сітуацыя застаецца больш напружанай. У раёне Серабранскага лясніцтва каля Крэменнай зафіксавана прасоўванне сіл расіян, што стварае дадатковыя выклікі для ўкраінскіх вайскоўцаў.
* * *
Галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі назваў плошчу вызваленай ад расійцаў тэрыторыі Украіны за жнівень. Паводле яго слоў, у жніўні ва Узброеных сілах завяршаўся пераход на корпусную сістэму. «Гэтая рэформа пачынае прыносіць свае вынікі. Кіраванне войскамі становіцца больш эфектыўным і выніковым», — дадаў ён.
Сырскі паведаміў, што на Дабрапольскім кірунку расійцы захапілі 13,5 кв. км, але страцілі 25,5 кв. км. На Пакроўскім кірунку расійцы атрымалі 5 кв. км, тады як Сілы абароны Украіны аднавілі кантроль над 26 кв. км. На Гуляйпольском і Прыдняпроўскім кірунках тэрыторый не страчана, а на Паўночна-Слабажанскім адбіта яшчэ 4 кв. км.
Усяго ў жніўні ўкраінскія войскі вярнулі пад кантроль 58 кв. км тэрыторыі і вызвалілі шэраг населеных пунктаў.
* * *
У ноч на 8 верасня Расія атакавала Украіну 142-ма ўдарнымі БПЛА тыпу Shahed, Гербера і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 112 варожых БПЛА тыпу Shahed, Гербера і дронаў іншых тыпаў.
У Кіеўскай вобласці ратавальнікі ліквідавалі пажар на прамысловым прадпрыемстве, выкліканы расійскай дронавай атакай. Акрамя таго, у выніку абстрэлу выбуховай хваляй пашкоджаныя будынкі гандлёвага цэнтра і фітнес-клуба.
* * *

* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падчас размовы з журналістамі заявіў, што незадаволены сітуацыяй з вайной Расіі супраць Украіны, але верыць, што яе атрымаецца завяршыць, піша Fox News.
У Трамп заявіў, што ніхто не быў больш жорсткім у дачыненні да Расіі, чым ён: «Гэта звязана з газаправодам, як ведаеце, "Паўночным патокам-2" і многімі іншымі рэчамі. Але я незадаволены. Я незадаволены ўсёй гэтай сітуацыяй... Яна нас не тычыцца, бо гэта не нашы салдаты. Але яны нясуць страты».
«Гэта такая жудасная трата чалавечага жыцця. Так што не, мяне зусім не радуе тое, што там адбываецца. Я веру, што мы зможам дасягнуць ўрэгулявання», — дадаў ён.
Таксама ён анансаваў чарговую размову з расійскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным. «Вельмі хутка, цягам найбліжэйшых некалькіх дзён (пагавару з Пуціным. - рэд.). Мы гэта зробім. Сітуацыю паміж Расіяй і Украінай мы ўладзім», — сказаў кіраўнік Белага дома.
Пры гэтым на пытанне аб тым, ці гатовы Белы дом увесці санкцыі супраць Крамля праз масіраваныя ўдары па Украіне, Трамп адказаў катэгарычна сцвярджальна: «Я гатовы».
* * *
Масква рэзка нарасціла выпуск «Шахедаў», але значная частка гэтай «ўласнай вытворчасці» трымаецца на кітайскіх дэталях, паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Расія працягвае маштабаваць вытворчасць ударных беспілотнікаў вялікай далёкасці, выкарыстоўваючы падтрымку з боку КНР. Масква істотна нарасціла выпуск дронаў тыпу «Шахед», «Гераняў» (расійскія аналагі «Шахедаў»), «Гарпій» («Шахеды» з кітайскімі кампанентамі) і «Гербераў» (дроны-імітатары для перагрузкі сістэм СПА).
Асноўным месцам вырабу гэтых апаратаў з'яўляецца спецыяльная эканамічная зона «Алабуга» ў Татарстане. Дадаткова Расія запусціла новую лінію па вытворчасці «Шахедаў» на Іжэўскім электрамеханічным заводзе, дзе ўжо выпускаюцца «Гарпіі».
У ISW адзначаюць, што залежнасць ад Кітая ў вытворчасці дронаў пастаянна расце. Расія не змагла б падтрымліваць цяперашнія маштабы беспілотнай вытворчасці без кітайскіх дэталяў. Расследаванне ўкраінскай OSINT-арганізацыі Frontelligence Insight выявіла, што толькі завод у «Алабузе» мае патрэбу як мінімум у 41 кампаненце з КНР. Сярод іх — рухавікі, акумулятары, антэны, радыёстанцыі, вугляроднае валакно, карбюратары, электронныя і механічныя вузлы.
Спецыялісты адзначаюць, што значная частка дронаў, якія Расія прадстаўляе як «уласную вытворчасць», фактычна толькі збіраецца ўнутры краіны, тады як большасць складнікаў пастаўляе Кітай.
Раней The Telegraph паведамляў, што кітайскія кампаніі паставілі расійскім фірмам, якія знаходзяцца пад санкцыямі, дэталяў і матэрыялаў на суму не менш за 55 млн еўра з 2023 да 2024 года. Каля чвэрці гэтай сумы — 12,5 млн еўра — пайшлі на прадпрыемствы, якія выпускаюць іранскія дроны Shahed у асаблівай эканамічнай зоне «Алабуга».