Замежныя СМІ пра Беларусь: 13-19 кастрычніка
З адказаў Лукашэнкі відавочна, што вялікія надзеі ён ускладае на Мытны саюз і Адзіную эканамічную прастору. І гэта зразумела, улічваючы, што Казахстан з Расіяй з’яўляюцца найбуйнейшымі
здабытчыкамі нафты і газу. У той жа час фарсіраваць інтэграцыйныя працэсы ў Мінску не маюць намеру. Але калі, напрыклад, з ініцыятывай стварэння адзінага парламента будуць выступаць у Астане, то
беларусы гэту ініцыятыву падтрымаюць.
Lenty.Ru (Расія)
Дзеянні Лукашэнкі назіральнікі між сабой у адзін голас назвалі «беспределом», але публічна выказаліся больш асцярожна — «нацыяналізацыя». З такой
нацыяналізацыяй улада не зможа дамагчыся зацверджаных паказчыкаў па прыцягненні замежных інвестыцый на наступны год. У такіх умовах інвестары ў Беларусь не прыйдуць. Колькасць інвестыцый і так вельмі
малая. Улада зрабіла стаўку на прыцягненне 4,5 мільярда долараў замежных інвестыцый у наступным годзе — іх не будзе. Але ў Лукашэнкі іншае меркаванне на гэты конт.
«Рэспубліка» ( Казахстан)
Праблема ў тым, што, калі б Лукашэнка пад прыцэлам відэакамер прыбыў бы разграбаць эканамічныя праблемы дзе-небудзь у 1995–1998 гадах, тое гэта неяк было б зразумела —
«спадчына праклятага царызму» ў асобах «ворагаў беларускага народа» Кебіча і Шушкевіча. Аднак заяўляць, што «час даўно прызнаць памылковасць таго, што
было зроблена ў 1990-я гады… на васямнацатым (!) годзе кіравання пажыццёвага прэзідэнта, азначае ні што іншае, як тое, што Лукашэнка заняты чым заўгодна, акрамя кіравання дзяржавай.
«Политобзор» (Расія)
Найлепш адлюстроўвае бачанне свету Лукашэнкі яго сяброўства з Чавесам — лідарам, які кідае выклік Злучаным Штатам пры кожным зручным выпадку і, здаецца, мае неакамуністычны светапогляд.
Беларусь Лукашэнкі пагружаная ў мінулае. Ён па-ранейшаму шануе дасягненні Савецкага Саюза, ветэранаў вайны, якія вялі барацьбу, каб выратаваць свет ад фашызму. Па меркаванні Лукашэнкі, краіне
пагражаюць знешнія ворагі, якіх ён стварае паводле свайго светапогляду. Беларускі кіраўнік, такім чынам, застаецца постаццю з мінулага і супраціўляецца зменам ва ўсіх кірунках. Ён душыць апазіцыю,
але ўсё больш нервуецца, імкнучыся знайсці надзейных сяброў у свеце, які мяняецца.
«The Jamestown Foundation» (ЗША)
Дарэчы, удзельнікі «Ляпіса Трубяцкога» не проста крыкуны і казачнікі, яны самі выпрабавалі на сабе ўсе прыколы рэжыму. На радзіме гурт знаходзіцца пад сакрэтнай забаронай і ўжо
паўтара гады не дае канцэртаў. Пры гэтым музыкі ад сваёй краіны не адракаюцца і кажуць пра яе заўсёды з любоўю і болем. «Ляпісы» шчыра вераць, што сітуацыя ў дзяржаве, дзе яны цяпер
жывуць і адкуль яны родам, зменіцца. Пасыл блізкі да пушкінскага — «и на обломках самовластья напишут наши имена». І для гэтых выканаўцаў такая ідэя — не нагода
пыжыцца, а шчырае выказванне сваёй пазіцыі і барацьба сваімі творчымі сіламі.
«Московский Комсомолец» (Расія)