Замежныя СМІ пра Беларусь: 21 красавіка — 27 красавіка

Аналітыкі ў Мінску называюць абвінавачанне чыноўнікаў у дрэнным стане спраў у краіне і кампанію па выяўленні карупцыянераў у асяроддзі высокіх кіраўнікоў «унутраным піярам», разлічаным на папярэджанне сацыяльнай незадаволенасці. Аляксандр Лукашэнка неаднаразова скарыстаўся гэтым ходам і ў гэтым выступе (штогадовае пасланне). ВВС (Вялікабрытанія)  



smi4.jpg

Цяжка зразумець, на які тэхналагічны ўклад выйшла беларуская мадэрнізацыя, якая, як адзначыў Лукашэнка, ужо завяршаецца. На шосты, дзе ключавым фактарам з’яўляюцца нанатэхналогіі, біятэхналогіі, клеткавыя тэхналогіі? Не падобна. Можа, Беларусь прарвалася да пятага ўкладу, сімвалам якога з’яўляецца мікраэлектроніка, а таксама развітая электронная прамысловасць, праграмнае забеспячэнне, робатабудаванне і г.д.? Пакуль мы можам казаць пра тое, што ў выніку «бесперапыннай мадэрнізацыі» Лукашэнкі беларуская эканоміка ўпэўнена дэградуе да ўзроўню чацвёртага тэхналагічнага ўкладу — аўтамабілебудаванне, перапрацоўка нафты, трактарабудаванне, вытворчасць тавараў працяглага карыстання, арганічная хімія. Канструяванне ўсё больш магутных рухавікоў унутранага згарання — вяршыня дадзенага ўкладу.

«Politobzor» (Расія)

Бягучы ўзровень фінансавых рэзерваў не гарантуе Мінску абароны ад верагодных знешніх і ўнутраных крызісаў. Беларусь знаходзіцца ў цяжкай сітуацыі. Краіна дасягнула піка выплат замежнага дзяржаўнага доўгу і мае патрэбу ў 3,1 мільярда долараў, каб пагасіць свае ранейшыя пазыкі і дзяржаўныя еўрабонды. Па меры таго, як перспектывы новай пазыкі МВФ застаюцца змрочнымі, беларускі ўрад робіць стаўку на свайго старога выратавальніка — Расію.

«Financial Times» (Вялікабрытанія)

Інвестыцыі Беларусі ў развіццё порта ў Клайпедзе нельга ацэньваць як звыклы «маятнікавы рух» Мінска ад Масквы да Брусэля. Гэта яснае сведчанне таго, што беларускае кіраўніцтва разлічвае на паляпшэнне адносін з ЕС, зняцце кропкавых візавых і эканамічных санкцый з боку Захаду і на дапамогу Літвы, якая будзе старшынстваваць у ЕС у другой палове гэтага года. Вільня актыўна ўзялася за нармалізацыю кантактаў Мінска і Брусэля. Літва знайшла спосаб, чым прыцягнуць Мінск да супрацоўніцтва. Беларускім суб’ектам гаспадарання на бізнэс-форуме ў Клайпедзе былі прапанаваны выгадныя двухбаковыя здзелкі, так што і бізнэсмэны засталіся ў прыбытку, і беларускія інвестыцыі прыйшлі ў Літву. У той жа час літоўскія палітыкі не адступілі ад галоўнай умовы ЕС: дыялог Беларусі з ЕС магчымы толькі пасля таго, як палітвязні выйдуць на свабоду.

«Deutsche Welle» (Германія)

Нафтавае перамір’е паміж Расіяй і Беларуссю падыходзіць да канца. Нягледзячы на тое, што Аляксандр Лукашэнка і прэм’ер Міхаіл Мяснікоў настойваюць на павелічэнні паставак расійскай нафты на беларускія НПЗ да 23 мільёнаў тон, дамагчыся гэтага будзе вельмі складана. Канфлікт вакол паставак нафты і нафтапрадуктаў — не адзіны момант, які паўплываў на рашэнне Расіі паставіць Беларусі «нафтавай ультыматум». Як распавяла крыніца ў кабінеце міністраў, Беларусь усімі магчымымі шляхамі імкнецца да зацягвання працэсу рэалізацыі сумесных праектаў, высоўваючы новыя і змяняючы ўмовы ранейшых дамоўленасцяў.

«Известия» (Расія)