Замежныя СМІ пра Беларусь: 24–31 студзеня

Цікавая пазіцыя беларускіх уладаў у дачыненні да ўкраінскіх падзей. Афіцыйны Мінск па-ранейшаму імкнецца прытрымлівацца нейтралітэту. Выказванні чыноўнікаў часцей за ўсё ўтрымліваюць шкадаванні з нагоды супрацьстаяння, што прывяло да ахвяраў. Мясцовыя эксперты тлумачаць гэта «палітычнай хітрасцю»: невядома, чым скончыцца канфлікт ва Украіне, а добрыя адносіны лепш бы мець з любой уладай суседняй краіны. Да таго ж прэзідэнт Лукашэнка ўжо апынаўся ў сітуацыях, калі перамагалі не тыя, на каго ён рабіў стаўку. «Независимая газета» (Расія)



smi4.jpg

Украіне моцна не пашанцавала, што ў краіне не знайшлося свайго Пуціна ці хаця б Аляксандра Лукашэнкі. Вядома, Бацьку ў Беларусі было лягчэй: яму дасталася яшчэ не разрабаваная бандытамі і нованароджанымі алігархамі эканоміка, прадуманая знешняя палітыка дазволіла атрымліваць ад Расіі танную сыравіну. Ва Украіны магла б быць выдатная будучыня культурнай, цывілізаванай, хрысціянскай краіны, спадчынніцы гістарычнай Кіеўскай Русі. Магла б быць, калі б украінскія палітыкі і алігархі паставілі нацыянальныя інтарэсы вышэй за прагу нажывы. А хто будзе новым прэм’ерам? Калі не Аляксандр Лукашэнка, то і казаць няма пра што.

«Взгляд» (Расія)

У гэтыя дні шмат кажуць пра спробу ўвесці ва Украіне расійска-беларускі сцэнар, але такое параўнанне, што называецца, кульгае на абедзве нагі. Тут не Расія, дзе кіруючы рэжым мае магутную эканамічную аснову, хай нават у выглядзе сыравіннай эканомікі, а рэйтынг самога Пуціна пасля без малога 15 гадоў кіравання стабільна перавышае 50%. Тут не Беларусь з яе хай і з праблемамі, прамысловымі і сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі, усеагульнай занятасцю, бясплатнай медыцынай, магутнай сацыялкай, бясплатнай адукацыяй, дзіцячымі кружкамі і спортам, а таксама Лукашэнкам, якога таксама падтрымлівае пераважная частка насельніцтва. Дарэчы, можна быць упэўненым, што, на фоне падзей у Кіеве ўлада ў Беларусі стане яшчэ больш трывалай з-за росту рэйтынгу Лукашэнкі.

«Фраза» (Украіна)

Дзяржаўнаму «Беларуськалію» фактычна давялося ўставаць на новыя рэйкі, выходзячы на сусветны рынак угнаенняў самастойна. Такія вынікі хваравітага разрыву з «Уралкаліем», з якім яны да канца ліпеня 2013 года разам гандлявалі праз Беларускую калійную кампанію. Аляксандр Лукашэнка зрабіў усё магчымае, каб спрасціць «Беларуськалію» задачу сіламі чыноўніцкага апарату. Для яго абнулілі пошліны на экспарт, шэрагу міністэрстваў прама даручылі заняцца продажам калію. Нягледзячы на карт-бланш, беларускія калійшчыкі, падобна, так і не змаглі эфектыўна арганізаваць збыт і штучна завышаюць статыстыку экспарту. Як расійскія, так і беларускія эксперты лічаць, што адзінай рэальнай магчымасцю павысіць аб’ёмы продажаў «Беларуськалія» магло б стаць аднаўленне партнёрства «Беларуськалія» з «Уралкаліем».

«Эксперт» (Казахстан)

Калі сур’ёзна, з трох славянскіх краін найбольш гатовая «ў Еўропу» не Украіна, не Расія, а Беларусь. Уласна кажучы, гэта і цяпер цалкам нармальная еўрапейская краіна. Прыбытак на душу насельніцтва па ВУП амаль удвая больш украінскага, каэфіцыент Джыні пры гэтым нізкі (гэта значыць, людзі рэальна маюць гэтыя грошы). Добрая сацыялка, цалкам сумяшчальная з еўрапейскай. «Бытавых свабод» (якія цікавяць абывацеля) досыць — рэстараны, начныя клубы (у тым ліку гейскія і да т.п.). Нацыянальнае пытанне вырашана акуратна, працоўная мова руская, беларуская — у асноўным парадная (але яе веданне прэстыжна). А тое, што беларусаў ад Еўропы аддзяляе — дык гэта «рэжым Лукашэнкі». Які, наколькі я разумею, гэта нешта накшталт «ваеннага становішча». А «ваеннае становішча» — на тое і «становішча», што яго можна хутка адмяніць. Як гіпс зняць. Тры ўдары малатка — і вуаля, толькі памыцца, надзець модныя штаны, і ўжо можна заказваць квіткі ў венскую Оперу.

«Новый обозреватель» (Расія)