Замежныя СМІ пра Беларусь: 22–30 студзеня
За апошні год прэзідэнт Беларусі не раз падкрэсліваў важнасць захавання мовы і культуры тытульнай нацыі. На думку экспертаў, ён рабіў гэта пад ціскам знешніх абставінаў. Лукашэнка адчуў рэальную пагрозу сваёй уладзе з боку так званага «рускага свету», таму і загаварыў пра важнасць нацыянальнай мовы і культуры. Гэтаму «свету» Лукашэнка не патрэбны. «Deutsche Welle» (Германія)
Лукашэнка разлічвае ўдзелам у гэтым еўрапейскім форуме (майскі саміт Еўрапейскага партнёрства ў Рызе) зрабіць крок да легітымізацыі сваёй улады ў выніку маючай адбыцца прэзідэнцкай кампаніі. Да
таго ж складанай застаецца і сітуацыя ў эканоміцы — краіна мае вострую патрэбу ў знешнім фінансаванні. Чым цяплей адносіны з ЕС, тым большая верагоднасць атрымання крэдыту ад МВФ. Можа
спрацаваць і геапалітычны шантаж — Масква, не жадаючы губляць галоўнага саюзніка, дасць крэдыт большы і на лепшых умовах. У любым выпадку, пацяпленне на лініі Мінск—Брусэль
беларускім уладам у дадзены момант патрэбна і выгадна.
«Независмая Газета» (Расія)
Расійскія СМІ ўжо пачалі антыбеларускую прапаганду. Папулярны аналітык Аляксандр Шумскі ў сваім блогу падрабязна выказаў прыналежнасць Беларусі да Расіі і права Расіі актыўна процідзейнічаць
«вестэрнізацыі» суседняй краіны. А адзін з федэральных тэлеканалаў у Расіі распавёў гледачам пра пераварот, які заходнія спецслужбы нібыта рыхтуюць у Беларусі. На думку выдання,
сёння стала зразумела, што Лукашэнка і яго набліжаныя перасталі лічыць сяброўства з Расіяй безальтэрнатыўным і хочуць наблізіць сваю краіну да Захаду. Наколькі паспяховымі будуць спробы Лукашэнкі
выйсці з ізаляцыі, залежыць ад таго, наколькі ён гатовы праводзіць лібералізацыю ў сваёй краіне.
joinfo.ua (Украіна)
Прэзідэнт Лукашэнка, які жалезнай рукой кіруе ў Беларусі ўжо 20 гадоў, гэтай восенню павінен пераабірацца на новы тэрмін. У год правядзення выбараў прынята рабіць шырокія дабрачынныя жэсты ў
выглядзе павышэння пенсій і заробкаў працаўнікам бюджэтнай сферы. Аднак у гэтым годзе Лукашэнку давядзецца праявіць асаблівую вынаходлівасць, каб захаваць свой сацыяльны кантракт з насельніцтвам пад
лозунгам «стабільнасць замест свабоды»... Пасля пачатку вайны ва Украіне Лукашэнка дыстанцыяваўся ад Масквы, фактычна асудзіўшы захоп Крыма і наведаўшы Кіеў, чым відавочна
прадэманстраваў яму сваю падтрымку. Аднак «апошні дыктатар Еўропы», як калісьці назвала яго былая дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс, Лукашэнка наўрад ці даб’ецца гэтым
нейкай асаблівай прыхільнасці Захаду, пакуль яго палітычныя апаненты сядзяць у турме або падвяргаюцца наймацнейшаму ціску з боку ўладаў.
«Bloomberg Businessweek» (ЗША)
Улады Беларусі ўлічылі «крымскі сцэнар» у законе аб ваенным становішчы. 26 студзеня беларускія заканадаўцы ўнеслі істотныя змены ў закон «Аб ваенным
становішчы». У ім з’явіўся пункт «аб накіраванні іншай дзяржавай узброеных груп, ірэгулярных сіл ці падраздзяленняў рэгулярных войскаў» на тэрыторыю рэспублікі.
Такія дзеянні цяпер будуць афіцыйна лічыцца ваеннай пагрозай, дастатковай для ўвядзення ў краіне ваеннага становішча.
«Росбалт» (Расія)