Замежныя СМІ пра Беларусь: 1-7 снежня

Беларуская грамадскасць чакае прыняцця дэкрэту прэзідэнта, які забароніць працоўным звальняцца падчас мадэрнізацыі заводаў і фабрык краіны. Пры гэтым абмеркаванне перспектыў выканання ўказання і яго магчымых наступстваў застаецца тэмай нумар адзін. Складана не пагадзіцца з тым, што ў больш аддаленай перспектыве цяперашні скандал негатыўна адаб’ецца на рэйтынгу Аляксандра Лукашэнкі сярод яго электарату — працоўных і сялян.

«Независимая газета» (Расія)


Беларусы, якія пражываюць наводшыбе цывілізацыі ў цэнтры Еўропы, — нонсэнс. Яны стаміліся ад аднаго і таго ж твару, асобы, якая захапіла ўладу і не жадае расстацца з ёй. На хвалі гэтай стомленасці змены ў краіне могуць адбыцца імкліва. Іншая справа, хто ўзначаліць краіну, паабяцаўшы «шчаслівую будучыню». Не выключана, што гэта будзе яшчэ адзін дыктатар, калі народ зноў даручыць яму дзейнічаць у імя «навядзення парадку».
«Deutsche Welle» (Германія)
Крыніца «Эксперта» ў апараце беларускага ўрада кажа, што Лукашэнка зноў пачаў працаваць на расійскі электарат. У выпадку любога канфлікту, звязанага з Расіяй на глебе складаных эканамічных пытанняў, Лукашэнка будзе апеляваць да рускіх — «братоў», з якімі «ў Другую сусветную ў адных акопах сядзелі». Пры гэтым, вядома, спартовы імідж Лукашэнкі выглядае больш моцным за імідж Пуціна, які атрымаў траўму на банальнай трэніроўцы. Вось толькі як бы такія тонкія палітычныя манеўры не пазбавілі Лукашэнку зніжак на газ і магчымасцяў для атрымання чарговых расійскіх крэдытаў.
«Эксперт» (Расія)
Ацэньваючы заяўлены беларускім прэм’ерам курс на прыватызацыю дзяржаўных актываў, можна казаць пра тое, што крытычная пазіцыя Еўропы ў адносінах да выбараў прымусіла Лукашэнку пераарыентавацца на Расію, дзелавыя колы якой даўно зацікаўленыя ў набыцці самых ліквідных беларускіх прадпрыемстваў.
«Политком» (Расія)
Беларускія ўлады фіксуюць трывожныя тэндэнцыі на рынку працы. Профільнае міністэрства канстатуе дзесяціразовае перавышэнне колькасці вакансій над колькасцю беспрацоўных, а ўрадавыя службоўцы прызнаюцца, што бягуць з краіны ўжо нават калгаснікі… Самы відавочны адказ на пытанне пра чыннік адтоку кадраў — фінансавы. Нягледзячы на браваду ўладаў пра набліжэнне да сярэдняй зарплаты ў 500 долараў, сапраўды да гэтай лічбы набліжаецца вельмі мала беларусаў. Сярэдняя зарплата нацягваецца за кошт адносна высокіх прыбыткаў начальнікаў, паколькі прадстаўнікі сельгаспрадпрыемстваў сцвярджаюць, што іх прыбытак знаходзіцца на ўзроўні 100 долараў, і выжываць атрымоўваецца толькі за кошт асабістых гаспадарак. Тое, што эканамічная мадэль улады зайшла ў тупік, прызнаюць нават прадстаўнікі гэтай самай улады, але ў кулуарах: разбурыць міф прэзідэнта Лукашэнкі пра ўнікальную мадэль развіцця не рызыкуе ніхто.
«Вести» (Малдова)