Зяленскі: ЗША могуць узмацніць санкцыі супраць Расіі за адмову ад спынення агню
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі чакае, што Дональд Трамп адрэагуе на адмову Расіі спыніць баявыя дзеянні. А Расія пад час «мірных перамоў» толькі павялічыла колькасць паветраных атак на Украіну. А ў Курскай вобласці УСУ стрымліваюць 64 тысячы расійскіх жаўнераў. Ідуць 1137-я суткі вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ
За суткі, 4 красавіка, на фронце ва Украіне адбылося 145 баявых сутыкненняў, паведамляе ў ранішняй зводцы 5 красавіка Генштаб УСУ.
На Пакроўскім кірунку УСУ спынілі 40 атак расіяненедалёка ад населеных пунктаў Андрэеўка, Сухая Бэлька, Елізаветаўка, Лісаўка, Успенаўка, Шаўчэнка, і ў напрамках Александропаля, Старой Мікалаеўкі, Катляроўкі, Багданаўкі і іншых.
На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 39 разоў, спрабуючы прасунуцца наперад у бок Новаміхайлаўкі, Кацярынаўкі і іншых.
На Тарэцкім кірунку армія РФ здзейсніла 20 атак у раёнах Крымскага, Дачнага, Тарэцка, Леанідаўкі і ў напрамку Дыліеўкі.
На Харкаўскім, Купянскім і Арэхаўскім кірунках за суткі зафіксавана па чатыры атакі расійцаў на кожным.
У Курскай вобласці Расіі за мінулыя суткі УСУ адбілі 18 атак расійцаў. Армія РФ здзейсніла 13 авіяцыйных удараў па сваёй тэрыторыі, скінуўшы 20 кіраваных авіябомбаў.
* * *
Расійская Федэрацыя хоча выцесніць украінскіх вайскоўцаў з тэрыторыі Курскай вобласці. УСУ стрымліваюць там значную колькасць расійскіх войскаў, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас брыфінгу ў пятніцу, 4 красавіка.
«Расія не хоча спынення агню. Мы гэта бачым і разумеем, што яна хоча, якія наступныя крокі, дзе збіраюцца ў іх вайскоўцы, дзе павелічэнне абстрэлаў, дзе павелічэнне атак, наступаў па ўсёй лініі фронту», — адзначыў Зяленскі.
Зяленскі таксама распавёў, што Расія хоча выцесніць украінскія войскі з тэрыторыі Курскай вобласці, бо расійцамі патрэбныя «поспехі» да іх «сімвалічных дат» у траўні.
На ягоную думку, Курская аперацыя мае важнае значэнне, бо гэта дазволіла адцягнуць частку расійскіх войскаў з іншых кірункаў на фронце ва Украіне. «Яны хочуць паказаць пераможныя крокі, але пакуль, што мы там заходзімся і трымаем вялікую колькасць вайскоўцаў. 64 тысячы расійцаў на Курскім напрамку іх войскаў. Гэта вельмі сур'ёзная групоўка, якая магла б быць на іншых кірунках, там хлопцы малайцы», — распавёў ён.
* * *
Увечары 4 красавіка расійская армія нанесла ўдар балістычнай ракетай «Іскандэр-М» з касетнай баявой часткай, якая разлічана на паразу як мага большай плошчы і колькасці людзей, у цэнтр жылога мікрараёна Крывога Рога. Удар быў нанесены непадалёк ад дзіцячай пляцоўкі. Вядома пра 18 загінулых, сярод якіх 9 дзяцей, і больш за 60 параненых, сярод якіх 12 дзяцей.
Мінабароны Расіі заявіла, што ўдар па Крывым Рогу быў трапленнем у «месца правядзення нарады камандзіраў злучэнняў УСУ з заходнімі інструктарамі». У Генштабе УСУ гэтую заяву назвалі «высокадакладнай хлуснёю».
У расійскім Саранску ў Мардовіі ў ноч на 5 красавіка, беспілотнікі атакавалі адзіны ў Расіі завод, які вырабляе аптычнае валакно, што выкарыстоўваецца для кіравання дронамі на лініі фронту. На заводзе адбыўся пажар.
У Чапаеўску Самарскай вобласці РФ беспілотнікі атакавалі завод «Прамсінтэз». Гэтае прадпрыемства вырабляе выбухоўку і порах.
* * *

* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі чакае, што ЗША могуць узмацніць санкцыі супраць Расіі ў адказ на яе адмову на спыненне агню.
Зяленскі выказаў надзею, што «адпаведныя моцныя крокі» — маючы на ўвазе ўзмацненне санкцый ЗША супраць Расіі праз адмову апошняй завяршаць вайну — «будуць найбліжэйшым часам».
«І я ведаю — прынамсі ў нас ёсць такая інфармацыя — што Амерыка блізкая да мер у адказ. Паглядзім, ці будзе гэта. Гэта не прароцтва, гэта проста інфармацыя, якая ёсць. Наколькі яна адпавядае рэаліям — мы проста з вамі ўбачым у бліжэйшы час», — адзначыў ён.
* * *
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон мае намер прадстаўляць Еўропу ў перамовах з расійскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным пра мір ва Украіне, піша The Telegraph.
Па даных выдання, некаторыя члены «кааліцыі жадаючых» настойваюць, каб еўрапейскі лідар узначаліў ўзаемадзеянне з РФ у рамках намаганняў па падтрымцы Кіева.
Макрон і прэм'ер-міністр Брытаніі Кір Стармер былі вылучаныя ў якасці найбольш верагодных суразмоўцаў з Масквой. Аднак брытанскі прэм'ер не плануе праводзіць перамовы з Пуціным у рамках намаганняў Вялікабрытаніі па падтрымцы абароны Украіны.
Крыніца ў Елісейскім палацы паведаміла выданню, што Макрон гатовы заняць гэтую пасаду, «калі прыйдзе час».
* * *
З моманту пачатку мірных перамоваў пад кіраўніцтвам ЗША колькасць расійскіх удараў па Украіне павялічылася на 50%, піша Тһе Telegraph.
Праз 30 дзён пасля пачатку перамоўнага працэсу пад кіраўніцтвам ЗША ў сярэдзіне лютага 2025 года расійцы нанеслі 4776 дронавых удараў па Украіне. За 30 дзён да гэтага было нанесена 3148 удараў.
Аналіз Telegraph паказаў, што найбольш інтэнсіўныя расійскія атакі адбываліся ў дні, калі паміж Дональдам Трампам і Уладзімірам Зяленскім адбылася публічная сварка ў Авальным кабінеце, а ЗША на некаторы час прыпынілі абмен выведданымі з Украінай. Тады расійцы запусцілі больш за 250 БПЛА.
«Расія спрабуе павялічыць колькасць удараў па Украіне з мэтай прымусіць Кіеў пайсці на балючыя саступкі і прадэманстраваць, што яна можа працягваць вайну бясконца доўга», — сказаў дырэктар праграмы па вайне, нерэгулярных пагрозах і тэрарызму Цэнтра стратэгічных і міжнародных даследаванняў Даніэль Байман.