Зяленскі: ЗША прапанавалі завяршыць вайну Расіі супраць Украіны да пачатку лета

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што ЗША прапанавалі завяршыць вайну Расіі супраць Украіны да пачатку лета, бо пазней яны будуць занятыя выбарамі ў Кангрэс. Украіна, у прынцыпе, не супраць. Але Расія ўжо рыхтуе летні наступ, што ставіць пад сумнеў расійскае імкненне да міру. Ідуць 1446-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ

Фота: Генштаб УСУ

Агулам на працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 294 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 8 лютага.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 64 штурмы расіян у раёнах Вольнага, Новага Данбасу, Радзінскага, Котліна, Пакроўску, Грышына, Мураўкі, Удачнага, Маладзецкага, Філіі і іншых.

На Канстанцінаўскім кірунку расіяне здзейснілі 28 атак паблізу Плешчыеўкі, Русінага Яру, Канстанцінаўкі і іншых.

На Ліманскім кірунку вораг расійцы здзейснілі 20 атак у раёнах Капанак, Сярэдняга, Навасёлаўкі, Ставак, Дробышава, Зарэчнага.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку расійцы 18 разоў спрабавлі прарваць украінскую абарону каля Пакроўкі, Зялёнага, Старыцы, Чугунаўкі, Прыліпкі, Лімана, Ваўчанска, Ваўчанскіх Хутароў і ў кірунку Грыгоркаўкі.

На Гуляйпольскім кірунку адбылося 15 боесутыкненняў у раёне Гуляйполя і ў бок Святапятроўкі, Стараўкраінкі, Дабраполля, Прылук, Зялёнага, Аленаканстанцінаўкі.

На Купянскім кірунку адбылося 13 атак у бок Петрапаўлаўкі, Курылаўкі, Глушкаўкі, Новай Круглякоўкі, Шыйкаўкі і Пясчанага.

На Паўночна-Слабажанскім (Курскім), Славянскім і Арэхаўскім кірунках за мінулыя суткі УСУ адбілі па 11 атак расіян на кожным.

* * *

Расія плануе разгарнуць улетку маштабныя наступальныя дзеянні на поўдні і ўсходзе Украіны, пішуць аналітыкі Інстытута вывучэння вайны (ISW), прааналізаваўшы дзеянні расійскага ваеннага камандавання.

У справаздачы адзначаецца, што для рэалізацыі гэтых планаў Крэмль мае намер задзейнічаць стратэгічныя рэзервы, фарміраванне якіх працягваецца з мінулага года. Сам факт падрыхтоўкі да наступу разглядаецца як чарговае пацвярджэнне адсутнасці ў Масквы рэальнай зацікаўленасці ў спыненні вайны.

Эксперты ISW падкрэсліваюць, што, нягледзячы на намеры, Расія сутыкаецца з сур'ёзнымі абмежаваннямі: наяўных рэзерваў можа аказацца недастаткова для паўнавартаснай падрыхтоўкі і дасягнення заяўленых ваенных мэтаў. РФ працягвае адчуваць цяжкасці з аднаўленнем асабовага складу, што зніжае патэнцыял для правядзення працяглых і інтэнсіўных аперацый.

Украінскі ваенны аглядальнік Канстанцін Машавец раней казаў, што новы наступ РФ можа стартаваць ужо ў канцы красавіка 2026 года. Паводле яго, асноўная ўвага расійскіх войскаў можа быць засяроджана на кірунках Славянск–Краматорск або Арэхаў–Запарожжа.

У справаздачы ISW звяртаецца ўвага, што на сёння расійскія сілы захраслі на ўзроўні тактычных задач і не дэманструюць значных поспехаў на паказаных кірунках. Гэта ставіць пад сумнеў здольнасць РФ рэалізаваць планы па маштабным наступе ў заяўленыя тэрміны.

* * *

У выніку начной варожай атакі БПЛА ў горадзе Ягацін Барыспільскага раёна Кіеўскай вобласці ўзнік пажар на тэрыторыі складскога комплексу кампаніі «Рашэн». Падчас ліквідацыі наступстваў атакі загінуў работнік ДСНС, яшчэ двое пацярпелі.

Расіяне пасля поўначы дронам атакавалі адзін з раёнаў у Чугуеве Харкаўскай вобласці. У выніку расійскага ўдару пашкоджаны два шматкватэрныя дамы. Вядома пра аднаго чалавека, які звярнуўся па дапамогу да медыкаў.

Запарожская вобласць перажыла адну з самых інтэнсіўных атак беспілотнікамі за апошні час. Паводле абласных уладаў, расіяне выпусцілі па населеных пунктах 297 дронаў рознай мадыфікацыі, ператвараючы іх у зону суцэльнай небяспекі. 1 чалавек загінуў, 8 мірных жыхароў атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці.

* * *

629882893_1256318743347868_6068360908566910091_n.jfif

* * * 

Злучаныя Штаты прапанавалі завяршыць вайну Расіі супраць Украіны да пачатку лета, паколькі пазней у іх будзе іншы прыярытэт — выбары ў Кангрэс ЗША, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на сустрэчы з журналістамі.

Паводле яго слоў, амерыканцы «прапануюць бакам завяршыць вайну да пачатку гэтага лета, і, верагодна, будуць ціснуць на бакі менавіта згодна з такім графікам». Для Украіны пажадана, каб ЗША не выйшлі з перамоў. Расіянам таксама трэба на сёння, каб амерыканцы заставаліся.

«У прынцыпе, мы даўно прапаноўвалі амерыканскаму боку мець сапраўды выразны Sequence Plan. Каб усе разумелі, на што ідуць бакі, у які момант, на якіх этапах. Каб вайна не расцягвалася, таму што мы сапраўды хочам скончыць вайну і гарантаваць бяспеку», — заявіў Зяленскі.

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп упершыню даручыў вядучым ваенным кіраўнікам краіны ўдзельнічаць у ключавых перамовах з Іранам і Расіяй, дэманструючы новую стратэгію дыпламатыі, дзе ваенныя наўпрост ўплываюць на знешнепалітычныя працэсы, піша Associated Press.

Адмірал Брэд Купер, камандуючы Цэнтральным камандаваннем ЗША (CENTCOM), упершыню далучыўся да перамоў з Іранам у Амане, з'явіўшыся ў параднай форме як сімвал узмацнення прысутнасці ЗША ў рэгіёне.

Адначасова міністр арміі ЗША Дэн Дрыскал працягвае адыгрываць ключавую ролю ў перамовах па расійска-ўкраінскай вайне, падтрымліваючы сувязь з украінскімі афіцыйнымі асобамі паміж сесіямі.

У Абу-Дабі да перамоў далучыўся генерал Алексус Грынкевіч, камандуючы амерыканскімі і натаўскімі сіламі ў Еўропе. Паводле даных амерыканскіх ваенных, яго ўдзел накіраваны на аднаўленне высокаўзроўневага ваеннага кантакту з Расіяй, забяспечваючы пастаянны дыялог для магчымага дасягнення трывалага міру.

На думку экспертаў, рашэнне Трампа выкарыстоўваць ваенных замест дыпламатаў паказвае імкненне адміністрацыі да больш жорсткай і аператыўнай знешняй палітыкі.

* * *

Расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін заяўляе пра нібыта блізкую перамогу ва Украіне, сцвярджаючы пра пераадоленне санкцый і стратэгічную ініцыятыву на фронце. Але нягледзячы на вобраз сілы, унутры Расіі назапашваюцца праблемы, піша Financial Times.

Выданне адзначае, што ў расійскім уяўленні вайна не абмяжоўваецца рамкамі Украіны і падаецца як глабальнае супрацьстаянне, дзе Расія нібыта кідае выклік Захаду і гістарычна асуджаным дэмакратыям. Унутры краіны гэтая версія падмацоўваецца сцвярджэннямі пра пераадоленне санкцый, устойлівасць эканомікі і «стратэгічную ініцыятыву» на фронце.

Гэты наратыў актыўна транслюецца за межы РФ і падхопліваецца асобнымі палітыкамі на Захадзе. Стаўка робіцца не столькі на факты, колькі на стварэнне адчування непазбежнасці.

Як адзначаюць аналітыкі, у сучасных канфліктах вырашальнае значэнне набывае здольнасць навязаць уласную гісторыю, а не толькі ваенныя поспехі.

Але нягледзячы на вобраз сілы, унутры Расіі назапашваюцца праблемы. Эканамічная мадэль, заснаваная на ваенных выдатках і нафтавых даходах, сутыкаецца з ростам дэфіцыту і інфляцыі. Узмацняецца ціск на сістэму набору ў армію, расце незадаволенасць схаванай мабілізацыяй.

Страта саюзнікаў, няўдачы гібрыдных кампаній і супраціў грамадстваў у Еўропе паказваюць, што навязаны наратыў не з'яўляецца ўніверсальна пераканаўчым. Нават там, дзе Масква ўкладвае значныя рэсурсы, вынік аказваецца абмежаваным.

Эксперты сыходзяцца ў меркаванні: слабасць крамлёўскага наратыву становіцца заўважнай, калі разглядаць падзеі ў комплексе. Ключавая задача — паслядоўна паказваць гэтыя супярэчнасці і адначасова выбудоўваць уласную гісторыю ўстойлівасці і рашучасці.