Андрэй Дундукоў: «Методыку бою падказваюць гены»

Краіна пачула імя Андрэя Дундукова, выдатніка МНС, турыста-экстрэмала і бацькі маладой сям’і, у кантэксце «Справы патрыётаў». Чым Андрэй жыве і цікавіцца пасля выхаду з СІЗА? Пра рэканструкцыю, гісторыю і «агентаў Расіі» ў беларускім войску чытайце ў нашым матэрыяле.

andrej_dundukou.jpg


Мы працягваем серыю інтэрв’ю з фігурантамі нашумелай «Справы патрыётаў», у якіх гаворым не пра палітыку альбо абставіны справы, але спрабуем раскрыць гісторыі гэтых людзей, паказаць як чалавечыя якасці, так і жыццёвыя прыярытэты ды бачанне будучыні хлопцамі, да прозвішчаў якіх ужо стала дадаецца прыдомак: «патрыёт».

Андрэй заўсёды лічыў, што яго жыццё будзе шчыльна звязанае з войскам, таму спрабаваў у маладосці паступіць у Вайсковую акадэмію, але лёс склаўся па-іншаму. Паводле Дундукова, кожны генерал мае пабыць салдатам, а не пачынаць кар’еру адразу з лейтэнанта, таму і пайшоў на тэрміновую службу — у ПДВ, то бок дэсант. З 2011 года стала працуе ў МНС, ратуючы людзей.

Пры гэтым, як і кожны з фігурантаў справы, Андрэй мае багата зацікаўленасцяў, да некаторых з якіх вярнуўся толькі пасля выхаду з СІЗА…

Пасля вызвалення

Пасля вызвалення

«У клуб запрасіў знаёмы»

— Як ты прыйшоў да рэканструктарскага руху: толькі зараз ці ёсць перадгісторыя?

— Я займаўся рэканструкцыяй на пачатку 2000-х гадоў, быў удзельнікам бабруйскіх клубаў, але, на жаль, па розных прычынах тады не склалася. Зараз жа так атрымалася, што адзін з маіх старых знаёмых — Юрась Усціновіч — дапамагаў сям’і, пакуль я быў у СІЗА, а па выхадзе мы пачалі больш шчыльна сябраваць.

Гэта вельмі вядомы чалавек у руху, які гэтым займаецца ад пачатку 90-х. Можна сказаць, што ён мяне і ўцягнуў у рэканструктарскі рух, хоць само слова «рэканструкцыя» ён не вельмі любіць — лепш казаць «стылізацыя», але гэта нюансы.

— Для цябе рэканструкцыя — гэта адпачынак, хобі, магчымасць падзарабіць?..

— Хутчэй, хобі, чым імаверны заробак, бо гэта вымагае шмат часу, дый матэрыялы, з якіх робіцца рыштунак, не такія танныя. Таму сродкаў аб’ектыўна ты ўкладаеш болей, чым можаш узяць. Асабіста мне больш цікавае XIV стагоддзе, але паколькі я прыйшоў у клуб праз знаёмых, то працаваць зараз больш будзем па XVІІ стагоддзю — гэта таксама надзвычай цікавы перыяд айчыннай гісторыі са шматлікімі войнамі.

Падчас паказальных выступаў з групай рэканструктараў 

Падчас паказальных выступаў з групай рэканструктараў 

— У Беларусі не так шмат клубаў, якія займаюцца «шляхецкай эпохай»?

— Цяжка казаць адназначна, бо людзі з часам зазвычай пераходзяць ад адной эпохі да іншай, цікавасці таксама змяняюцца. Чым пазней, тым лягчэй, калі казаць пра рэчы, якія на сябе апранаеш і з сабой носіш. Бо калі казаць пра позняе Сярэднявечча, то гэта дужа цяжкае ўзбраенне, у XVІІ стагоддзі ўжо лягчэй. А пачынаюць усе з ранніх перыядаў, напрыклад, з эпохі вікінгаў, бо гэта найменш складана: пашыў сабе вопратку з лёну, выкрайкі простыя, троху воўны, рыштунак не такі складаны, калі параўноўваць з тым жа гатычным перыядам.

— Усё ж такі, чаго тут больш — фізічных нагрузак ці «жывой гісторыі»?

— У любым разе, тут ёсць частка фізічных практыкаванняў, калі адпрацоўваем паказальныя выступы, але па цяжкасці гэта, канешне, не кросфіт. Так атрымалася, што пасля гісторыі з затрыманнем у мяне з жыцця сышло пэўнае кола маіх захапленняў, а вольны час нечым займаць трэба, таму…

Падчас паказальных выступаў з групай рэканструктараў 

Падчас паказальных выступаў з групай рэканструктараў 

Захапленне гісторыяй пачалося з «двойкі»

— А што наконт захапленняў, якія засталіся ў мінулым?

— Да затрымання я любіў практычную стральбу, гэта вымагае шмат часу і вельмі спецыфічных фізічных практыкаванняў, як і ў любым спорце. На жаль, у нас не так шмат спяцоў, а ў мяне з маім графікам працы не заўжды атрымлівалася трапляць да таго самага трэнера. Таму вымушаны быў займацца сам, аддаючы шмат часу і шмат энергіі. Зараз гэтага ў жыцці не стала, таму быў момант пошуку: што далей? Так і звярнуўся да рэканструкцыі. А гісторыяй я пачаў цікавіцца ў чацвёртым класе на пачатку 1990-х…

— Цікава, што памятаеш нават клас. Нешта тады адбылося?

— Адбылося: міжусобныя войны Ягайлы з Вітаўтам (смяецца). На жаль, усё гэта ў падручніку было напісана такім цяжкім тэкстам… Калі памятаеце, была такая бела-чырвоная кніжачка «Мая Радзіма Беларусь». Дык вось, пра Грунвальдскую бітву я матэрыял ведаў добра, а вось пра Ягайлу з Вітаўтам… я на той момант не дужа добра разумеў нават, што такое «міжусобныя войны» (смяецца).

— А вам не тлумачылі?

— Не, бо настаўніцу мы мелі адну па ўсіх прадметах, і для яе міжусобныя войны Ягайлы з Вітаўтам былі такім жа непаразуменнем, як і для мяне. Разам з тым, настаўніца вырашыла, што мае веды цягнуць толькі на «два», і з той двойкі я і пачаў захапляцца XV стагоддзем.

Андрэй Дундукоў  з сынам і жонкай на вяселлі Міраслава і Святланы Лазоўскіх

Андрэй Дундукоў з сынам і жонкай на вяселлі Міраслава і Святланы Лазоўскіх



«Рускі гэта даспех ці не рускі?..»

— Рэканструкцыя — гэта спосаб заняць самога сябе ці таксама прапаганда айчыннай гісторыі?

— Гэта вельмі ўдалае спалучэнне і таго, і другога. Ты аднаўляеш пэўны перыяд і знаходзіш цікавы занятак сабе асабіста, але пры гэтым Юрась ладзіць багата сустрэчаў, на якіх мы распавядаем людзям пра зброю розных часоў, методыкі валодання ёй, гісторыю таго перыяду і іншае. У ягонай калекцыі ёсць даспехі на розныя часы, таму ўсё гэта відовішчнае і цікавае.

Падчас паказальных выступаў з групай рэканструктараў 

Падчас паказальных выступаў з групай рэканструктараў 

Мне падаецца, так нараджаецца цікавасць да гісторыі, бо гэта не проста расповед ці дэманстрацыя малюнкаў. Той жа даспех можна памераць, адчуваць вагу, уявіць, як усё гэта выглядала ў мінулыя часы. Таму людзі і цягнуцца, як моладзь, так і людзі сталага веку.

У нас склалася багата міфаў, якія мы спрабуем руйнаваць падчас гэтых сустрэчаў.

Напрыклад, часам кажуць, што сярэднявечны меч важыў ледзьве не паў пуда, а насамрэч, хоць мячы былі і розныя, сярэдняя вага — кілаграм-паўтара. Альбо думаюць, што ўсе сярэднявечныя ваяры — гэта рыцары, закутыя ў прыгожы бліскучы панцырны даспех, хоць каштавалі такія даспехі вялізных грошай, таму іх і не магло быць шмат. Таму, калі бачыш усё на яве — міфы рассыпаюцца.

— Ты чуеш дарэчныя альбо зусім недарэчныя пытанні ад гледачоў?

— Недарэчныя хутчэй ад падпітых гасцей, калі дзея адбываецца на нейкім фэсце, накшталт: «Рускі гэта даспех ці не рускі?..» Вось тады маса недарэчных пытанняў (смяецца). Звычайна, пытанні цалкам адэкватныя, прычым ад людзей, якія самі цікавяцца і нешта ведаюць. Бываюць на сустрэчах і замежнікі, ім гэта таксама цікава, то бок мы, у нейкім сэнсе, падтрымліваем і марку краіны ў гэтай галіне.

— Ці маеш нейкія ўпадабанні альбо спецыялізацыю ў плане сярэднявечнай зброі?

— З даўніх часоў мне падабаюцца сякеры, таму я ўпэўнена сябе адчуваю, і калі трымаю яе ў руках, і калі нешта распавядаю ды тлумачу пра гэты від зброі. Гэта і кароткія сякеры, і двуручныя, так бы мовіць, індывідуальныя. Цікава, што, паводле адной з версіяў, вялікага магістра Тэўтонскага ордэну забіў менавіта ліцвін, і зрабіў гэта сякерай.

— Дзякуючы археалогіі можна аднавіць форму сякеры, а як аднавіць тэхніку бою 500–700-гадовай даўніны?

— Шмат да чаго людзі дахо­дзяць самі, бо гены падказваюць. Калі прыходзіш у рэканструкцыю, аднак да таго часу ўжо займаўся нейкімі баявымі мастацтвамі, ты разумееш, як рухацца, як трымаць шчыт, як прыкрывацца падчас двубою. Бярэш зброю, трошкі памахаў — і прыходзіць разуменне, як трымаць і як дзейнічаць. Але ёсць выпадкі, як з працай двуручным мячом, калі без падручніка не абыдзешся: шмат спецыфікі.

У сямейным коле з жонкай Ганнай і сынам

У сямейным коле з жонкай Ганнай і сынам

«Наша гісторыя — гэта бясконцыя войны»

— Ты вайсковы чалавек, а ці няма ў вайскоўцаў такога разумення, што войска, маўляў, справа сур’ёзная, а рэканструкцыя — дзіцячыя забаўкі?

— Вайскоўцы ставяцца да рэканструкцыі вельмі па-рознаму, бо войска — гэта зрэз грамадства: адны падтрымліваюць падобныя захапленні, іншыя лічаць, што рэканструктар невядома навошта абвешваецца бляшанымі банкамі… У кожнага сваё меркаванне. Дзякуй Богу, апошнім часам усё больш людзей ставіцца да гэтага сур’ёзна, бо прыходзіць разуменне, што гэта таксама беларускае войска, нашы папярэднікі, а без мінулага мы не можам збудаваць сучаснае.

Падчас альпінісцкіх вышкалаў

Падчас альпінісцкіх вышкалаў

— А ты сам адчуваеш пераемнасць паміж нашым старажытным войскам і тым, што маем зараз?

— На жаль, зараз такой пераемнасці пакуль няма.

— А як гэта можна змяніць? Уводзіць нейкія рытуалы?..

— Вельмі паказальны прыклад войска Ізраіля. У іх ёсць легендарная крэпасць Масад, дзе шмат якія вайскоўцы прымаюць прысягу. У нас прысягу прымаюць на плацу альбо выязджаючы на нейкае поле, прычым часцяком робіцца гэта без належнага разумення. Аднак у Беларусі ёсць мноства месцаў, дзе нашы продкі перамагалі большыя па колькасці і лепш узброеныя войскі суперніка — гэта тыя перамогі, якімі мы можам ганарыцца, пра якія яшчэ ў тыя часы ведала ўся Еўропа.

На жаль, сёння мы на гэта забыліся. Акурат праз такія месцы, праз расповеды і сустрэчы сітуацыю можна выпраўляць. Раней жа людзі меліся памятаць свой род да сёмага калена, каб не забываліся, чым займаліся іх продкі, а ў нас гэтага сёння няма: уся вайсковая гісторыя зводзіцца да Другой сусветнай вайны, дастаткова ведаць баявы шлях сваёй брыгады, каб быць ідэйна падкаваным байцом.

Падчас паказальных выступаў з групай рэканструктараў 

Падчас паказальных выступаў з групай рэканструктараў 

— А дзе ў нас можна было б прымаць прысягу?

— У нас што не горад, то сувязь з падзеямі, бо праз нас прайшлі мноства войнаў і паўстанняў. Гэта апошнія 40–50 гадоў можна пачуць, што беларусы рахманыя і ніколі не ваявалі, а насамрэч ці не кожнае пакаленне беларусаў трымала зброю ў руках і бараніла Радзіму. Узяць хаця б памежныя войны ВКЛ пасля Вітаўта: там жа фактычна быў няспынны канфлікт.

Наша гісторыя — гэта бясконцыя войны: білі і крыжакоў, і маскавітаў, і шведаў, і татараў. Калі браць выдатных ваяводаў, то ў нас ёсць кім ганарыцца: Ян Караль Хадкевіч, Канстанцін Астрожскі, Юры Радзівіл… Існуюць добрыя прыклады і Літвы, і Польшчы, якія глядзяць у сваёй гісторыі далей і глыбей за апошнія 100 гадоў, варта было б павучыцца.

Разам з сынам Міраславам

Разам з сынам Міраславам

«Ідэалогія мусіць пачынацца ў садочку»

— Хто павінен займацца ідэйным выхаваннем байцоў? Палітрук, бацюшка, замацаваны за часткай, яшчэ нехта?..

— Усё гэта маюць пачынаць тлумачыць яшчэ ў садочку. Хлопец у войска ўжо павінен прыйсці ідэйна падкаваным, мусіць ведаць, што ён — абаронца сваёй Бацькаўшчыны. Бо на працягу нядоўгага 1,5 года ў войску трэба займацца баявой падрыхтоўкай, а не ідэалагічнай. На жаль, ані ў садочку, ані ў школе ніхто гэтага не робіць. Што казаць, калі байцы нашай арміі часцяком ані пісаць нармальна не могуць, ані геаграфіі сваёй краіны не ведаюць… Не буду казаць пра ўсіх, але я асабіста такіх сустракаў падчас сваёй тэрміновай службы.

Разам з сынам Міраславам

Разам з сынам Міраславам

— Перавод войска на беларускую мову — гэта нешта немагчымае альбо дарэчная мера, якая з часам мае стаць нормай?

— Залежыць, што перакладаць на мову, бо калі мы загадаем усяму асабістаму складу раптам загаварыць па-беларуску, то ўзнікне больш пытанняў, чым адказаў. Я лічу, што ўсё гэта мае адбывацца паступова і акуратна, пачынаючы з шыхтавых камандаў і далей-далей-далей... Мова — гэта сродак зносінаў. Возьмем радыёабмен: людзі павінны найперш разумець адзін аднаго, а не думаць, хто на якой мове сказаў. Канешне, было б добра, каб усе па загадзе за дзень вывучылі мову, але так не бывае.

Таму пачынаць трэба з шыхтавых камандаў. Ёсць добры «Беларуска-расійскі вайсковы слоўнік», выдадзены ў 1990-х Сержуком Чыславым і Станіславам Суднікам. Яго не так складана вывучыць, прычым пачынаць можна з урокаў фізкультуры ў школе. А пасля ў войску дадасца яшчэ і лексіка, датычная валодання зброяй. Шыхтавы статут быў перакладзены на беларускую яшчэ напрыканцы 1980-х. Так, там ёсць пэўныя хібы, але гэта была першая спроба. Агулам, гэта нескладана, калі людзі прызвычаяцца і мова ўвойдзе ва ўжытак, наша войска ўжо будзе больш падобным на беларускае.

Горныя выправы Андрэю часова давядзецца адкласці праз статус невыязнога з краіны

Горныя выправы Андрэю часова давядзецца адкласці праз статус невыязнога з краіны

«Адкуль вы ведаеце, хто здраднік?»

— Зараз у дыскусіях шмат негатыву, маўляў, усе нашы сілавікі — гэта нібыта патэнцыйныя здраднікі і «агенты Расіі». Што ты пра гэта думаеш?

— Вядома, збольшага гэта перагінанне палкі ды істотнае перабольшванне існуючых хібаў. Паўтаруся, што войска — гэта зрэз грамадства. Там ёсць людзі, якія любяць Расію і якія яе не любяць, якія служаць за грошы і якія служаць пераканана. Пытанне, як доўга апошнія, напрыклад, у гэтым войску затрымліваюцца…

Але нельга мераць усіх адной меркай і казаць, што тыя «здраднікі», бо носяць пагоны, а тыя — «патрыёты», бо сядзяць у фэйсбуку ды на люстэрка ў машыне прывязваюць вышываную стужку. Гэта не паказчыкі сутнасці таго ці іншага чалавека, і ніхто не ведае, як хто сябе павядзе ў крытычнай сітуацыі. Той, хто найбольш крычыць, зазвычай, найхутчэй бяжыць у адваротны ад небяспекі бок. Вайны не было, дык адкуль вы ведаеце, хто здраднік?

— Адкуль тады меркаванне, што беларускія вайскоўцы «глядзяць на Расію»?

— Бо гэта наш партнёр у вайсковых пытаннях, гэта тая дзяржава, з якой нашы вайскоўцы найбольш шчыльна супрацоўнічаюць. У дадатак, наша войска не спяшаюцца добра карміць. Калі афіцэр зарабляе 300–400 долараў, то я лічу, што гэта не тыя грошы, за якія можна жыць разам з сям’ёй, аддаючы столькі часу сваёй працы, колькі аддае вайсковец. Таму, калі сусед зарабляе больш, то нашы пачынаюць задумвацца і цікавіцца, чаму ж так? Ёсць добрае выслоўе: «Хто не корміць сваё войска, будзе карміць чужое».

На жаль, зараз нават па апытанках, якія праводзілі СМІ, бачна, што вайсковы бюджэт ніхто з мінакоў папаўняць не хоча. Усе кажуць, што нам патрэбная ахова здароўя і адукацыя, быццам войска — гэта хлопчыкі, якім наўпрост падабаецца бегаць у зялёнай форме і часам страляць... Але з гісторыі мы бачым, што як толькі войска ў дзяржаве слабое, то неўзабаве прыйдзе сусед, які прывядзе мацнейшае і больш баяздольнае.

Разам з сынам Міраславам

Разам з сынам Міраславам

«Калі еду на трэніроўку, бяру з сабой сына»

— Ці хацеў бы ты аддаць свайго сына ў кадэцкі клас, сувораўскую вучэльню альбо наўпрост рэканструктарскі гурток, каб яго жыццё было звязанае з той справай, якой ты аддаеш жыццё?

— Нельга нешта навязваць, бо ты альбо сам прыходзіш да гэтага, альбо не прыходзіш наогул. Пра сучасныя кадэцкія класы, напрыклад, у мяне вельмі негатыўнае ўражанне, бо навучанне там зводзіцца, зазвычай, да нашэння формы, а нейкіх прадметаў па баявой падрыхтоўцы ім наўпрост не даюць. Паглыбленае вывучэнне фізікі і матэматыкі?.. Дык гэта фізіка-матэматычны клас, а не кадэцкі, навошта вы форму апранаеце? Асаблівага разумення дысцыпліны я там таксама не бачыў.

Што да сувораўскай вучэльні, дык гэта фактычна пазбаўленне дзіцяці дзяцінства. На маю думку, наведванне якога-небудзь вайскова-патрыятычнага клубу па дзве гадзіны на дзень двойчы на тыдзень і нейкага аднаго палявога занятку будзе дзіцяці цалкам дастаткова. Дык навошта вучэльня?

Міраслаў Дундукоў, сын Андрэя, наведвае з бацькам спартовую залю

Міраслаў Дундукоў, сын Андрэя, наведвае з бацькам спартовую залю

— Дык калі паўстане выбар, аддаваць сына ў музычную школу па класе фартэпіяна ці спартовы клуб «Волат», да прыкладу, як ты зробіш?

— На фартэпіяна, мабыць, толькі калі сам вельмі папросіцца (смяецца), а ў «Волаце» ён ужо быў. З ягонымі асабістымі задаткамі ў прынцыпе ўжо ўсё зразумела, кірунак інтарэсаў вызначаны. Сын яшчэ не займаецца, зразумела, на поўную сілу, але бачыць, як займаюся я, і прыкладае намаганні: можа на кольцах гімнастычных пагушкацца, з задавальненнем хапае 4-кілаграмовую гіру і г.д.


Як было раней, у гісторыі? Не было ж дзіцячых садкоў, куды бацькі дзіцё аддавалі і «забывалі». Дзіцёнак глядзеў, што робяць старэйшыя, і спрабаваў паўтараць. У мяне падобны выпадак: калі еду на трэніроўку, бяру сына. Калі на фехтаванне, таксама бяру — ён там можа пабегаць з мячом і пакрычаць: «Тата, давай паб’емся разам!» Мірык расце мужчынам і будучым абаронцам Радзімы, мяне гэта цешыць.