Вячка Целеш, князь вечнай Беларусі

Васіль Быкаў дзякаваў яму за беларускасць, а Уладзімір Караткевіч жадаў цвёрда трымаць плацдарм у Прыбалтыцы. Мова пра белрускага мастака і філакартыста, які ўжо больш за паўстагоддзя жыве ў Рызе.



000052_logo.jpg

Віцэ-прэзідэнт Беларускага ПЭН-цэнтра Карлас Шэрман віншуе Вячку Целеша з атрыманнем прэміі імя Ф. Багушэвіча. Фота Сяргея Шапрана

Не так даўно пры садзейнічанні Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» і выдавецтва «Беларусь» Вячка Целеш прэзентаваў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі альбом «Гарады Беларусі на старых паштоўках» і манаграфію «Адсюль наш род, тут мой прычал».

 

«Тут мой прычал»

Вячка Целеш нарадзіўся ў мястэчку Краснасельскі Гродзенскага ваяводства. Па заканчэнні школы спрабаваў паступіць у Мінскае мастацкае вучылішча, але безвынікова, бо ніякай спецыяльнай падрыхтоўкі ў вясковага хлопца не было. Працаваў слесарам, а затым, паслухаўшыся парады сябра, пераехаў у Латвію. Пасля былі гады няўдач, бо Целеш спрабаваў паступіць у Яраслаўскае мастацкае вучылішча, потым у Вільнюскі і Мінскі мастацкія інстытуты. Латвійскую Акадэмію мастацтваў ён таксама пакараў неаднойчы, і нарэшце паступіў — з чацвёртага разу…

Сёння працы Вячкі Целеша захоўваюцца ў музеях і прыватных зборах у Беларусі, Даніі, ЗША, Ізраіля, Канады, Кітая, Латвіі, Партугаліі, Расіі, Румыніі, Францыі, Чэхіі, Швейцарыі. Сярод яго жывапісных прац партрэты Максіма Багдановіча, Францыска Скарыны, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Янкі Купалы, Зоські Верас, Ларысы Геніюш. Зрэшты, яшчэ пры жыцці Ларысы Антонаўны спадар Вячка абяцаў зрабіць ёй экслібрыс — прасніцу і беларускі нацыянальны касцюм, як хацела таго паэтка, але — не паспеў.

Ларыса Геніюш

Госцем апальнай паэткі Целеш быў двойчы ў сярэдзіне 1970-х гадоў. Ларыса Антонаўна паказвала сваю бібліятэку і паштоўкі з краявідамі Беларусі, якія былі выдадзены падчас Другой сусветнай вайны ў Празе. Распавядала пра ГУЛАГ і чытала вершы.

«Наогул кажучы, людзей, якія думалі б пра Бацькаўшчыну, у той час было не так ужо шмат, і ўсе яны ведалі адзін аднаго, — кажа Вячка Целеш. — Сустрэчы з імі давалі не толькі вялікую энергію, але і спадзяванні на тое, што ўсё ў Беларусі некалі наладзіцца. Шкада, вядома, што Ларыса Антонаўна не дажыла да таго часу, калі ў першай палове 1990-х Беларусь зноў пачала жыць пад бел-чырвона-белым сцягам. Часам я прыгадваю тыя гады і разумею, што гэта быў сапраўды шчаслівы час».

У Целеша дасюль захоўваюцца лісты Геніюш, у адным з іх паэтка пісала: «Часам гаворым з мужам, што ёсць ахова раслін і жывёл, але чаму няма аховы паэтаў? Вось усё гэта і спала на сэрца. Я добра ведаю сабе цану, прытым, залежыць мне на асабістай годнасці і годнасці нашага народу хоць бы тут, на зямлі дзядоў нашых. Таму нам удвая цяжка. Нейкая тут пераацэнка вартасцяў, прытым, маральныя вартасці чалавека — не ў лік! Трэба мець гнуткі хрыбет, яшчэ болей гнуткую душу, ну, і зусім падайны на ўсё язык. У мяне так не атрымоўваецца, бо вартасці — ёсць вартасці, а ўсё таннае, часовае ды мала чалавечае не для мяне. Не магу знайсці ў гэтых лозунгах дня ніякага грунту! Засталіся адна прырода і чатыры поры году як перамены майго наваколля, успаміны крыху, муж побач і недзе далёка ўнукі».

Уладзімір Караткевіч

Яшчэ падчас вучобы ў акадэміі беларускія мастакі распавялі Целешу пра полацкага князя Вячку, даніну якому плацілі ўсе, хто жыў уздоўж Даўгавы. Вячкам жа Вячаслава Міхайлавіча Целеша «ахрысціў» ягоны сябар, мастак Яўген Кулік. Гэтаксама і Уладзімір Караткевіч гаварыў: «Ты ж Вячаслаў і, значыць, Вячка, а не Слава!» І наказваў, каб Вячка стаяў у Латвіі на рубяжы беларускасці.

З Караткевічам Целеш пазнаёміўся ў 1976 годзе. Прыязджаючы ў Латвію, Уладзімір Сямёнавіч звычайна спыняўся ў Доме адпачынку Саюза пісьменнікаў у Дубултах. Быў госцем і Целешавай «Беларускай хаткі», як называлі яго майстэрню. Да 50-годдзя Караткевіча Целеш зрабіў экслібрыс: побач са шчытом з выявай «Пагоні» намаляваў рыцарскія даспехі, фонам жа стаў Гродзенскі замак, бо мастак дужа захапляўся тады раманам «Хрыстос прызямлiўся ў Гароднi». Караткевіч экслібрысам застаўся задаволены, пісаў з гэтай нагоды ў адным з лістоў: «Работаць апошнія дні не мог і таму клеіў экслібрысы. Іх у мяне розных ёсць, але твой найбольш настраёвы і найбольш адпавядае майму характару. І клеіў я яго на свае кнігі (акрамя лірыкі) і на творы гісторыкаў пра Беларусь і на найлепшыя кнігі аб мастацтве Вялікага княства, і на творы Купалы (у прыватнасці на першае выданне «Жалейкі»). І… не хапіла. Ёсць яшчэ шмат кніг, на якія ён так і просіцца: у прыватнасці на Вальтэра Скота, Ірасека, на дакладна капіяваныя (ну, дакладна паўтараюць першадрук) выданні Каханоўскага. Нязручна мне цыганіць, браце, але хацелася б вытрымаць марку да канца. Ці нельга зрабіць яшчэ хаця б сотню копій (калі нельга, то і меней, тады буду клеіць толькі на самыя выдатныя)? Калі можна — зрабі гэта, калі ласка…»

У апошні прыезд у Рыгу Караткевіч разам з жонкай Валянцінай, Вячкам Целешам і паэтамі Сяргеем Панізнікам і Алегам Лойкам наведалі Музей этнаграфіі, пасля завіталі ў «Беларускую хатку», дзе Караткевіч у агромністым сшытку для ганаровых гасцей намаляваў сябе і жонку і напісаў:

З майстэрні мілай пана Вячка

Паўзлі мы ледзь не на карачках.

І дух наш ледзь трымаўся ў целе,

Калі дамоў пусціў нас Целеш.

І, намаляваўшы гасціннага гаспадара, занатаваў такія радкі:

Прыйшоў у Краснае сяло,

Дзе даўніх шахтаў веле,

І аж дыханне заняло:

Тут з шахтаў вылез Целеш.

Увогуле, аўтографы ў гэтай кнізе пакінулі шмат якія славутыя беларусы: Анатоль Вярцінскі, Мікола Купава, Алег Лойка, Аляксей Марачкін, Зянон Пазьняк, Сяргей Панізнік, Стэфанія Станюта, Кастусь Тарасаў, Леанід Шчамялёў, Яўген Кулік. Ёсць і верш Рыгора Барадуліна:

Пакуль ты, думка, слова целіш,

Куфэрка славы ўзняўшы вечка,

Для вечнасці

Шчырэе Целеш —

Князь вечнай Беларусі —

Вячка!

Ужо ў гэты прыезд у Беларусь гаспадар унікальнага сшытка перадаў яго на пастаяннае захоўванне ў Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва. Без перабольшвання найкаштоўнейшы падарунак.

000050_logo.jpg

Мінск, 2000 год. Разам з Рыгорам Барадуліным. Фота Сяргея Шапрана

Зніклая Беларусь

Караткевіч, убачыўшы калекцыю старых паштовак Целеша, распавёў пра гэта сябру Адаму Мальдзісу, які і «сасватаў» Целеша ў беларускае выдавецтва, каб выдаць альбом «Мінск на старых паштоўках». Праўда, ягоны лёс быў найскладнейшы — Целеша неаднойчы выклікалі ў ЦК кампартыі, і ў выніку з выдання былі выкінуты ўсе выявы культавых пабудоў: цэркваў, касцёлаў, сінагог, татарскай мячэці і лютаранскай кірхі. Аднак пасля пра незвычайную кнігу напісала нават усесаюзная газета «Известия» — маўляў, беларусы ўсіх апярэдзілі. І аналагічныя альбомы пачалі выходзіць у Маскве, Ленінградзе, Кіеве…

Паштоўкі Целеш пачаў збіраць яшчэ ў школе — віншавальныя і з рэпрадукцыямі карцін. Ужо падчас вучобы ў Акадэміі мастацтваў захапіўся паштоўкамі з выявамі Рыгі, покуль ягоны сябар, беларускі краязнаўца і калекцыянер Міхась Вераціла не запытаўся: «А чаму ты не збіраеш паштоўкі пра Беларусь?» З гэтага пытання і пачалося яго новае захапленне. Прычым на гэтую справу часам ішлі апошнія грошы. «Здаралася, што не паясі, але паштоўку набудзеш!» — прыгадваў ён.

Зрэшты, Целеш не проста займаўся філакартыяй — ён даследаваў паштоўкі, дзеля чаго мэтанакіравана ездзіў у бібліятэкі Масквы і Ленінграда. У выніку з’явіўся камплект паштовак «Рыга на старых паштоўках», а пасля, у 1991 годзе, і альбом. Пасля ж кнігі «Мінск на старых паштоўках» была яшчэ больш грунтоўная праца — «Гарады Беларусі на старых паштоўках», за якую аўтар у 2000 годзе быў уганараваны прэміяй імя Ф. Багушэвіча Беларускага ПЭН-цэнтра. Трохтысячны наклад унікальнага альбома хутка разышоўся, і цяперашняе выданне — чацвёртае.

Маю гонар!

На пачатку 1990-х гадоў Целеш быў адным з ініцыятараў стварэння таварыства мастакоў-беларусаў Балтыйскага рэгіёна «Маю гонар». Ён прыгадваў: «У нашым таварыстве сабраліся людзі, якія былі аб’яднаныя нацыянальнай ідэяй: мы не проста мастакі, мы — беларускія мастакі. Хоць сам я раней не ведаў ні беларускай гісторыі, ні беларускай мовы. Аднак падчас вучобы ў акадэміі пачаў звяртаць увагу на тое, якое ўважлівае стаўленне да сваёй культуры і мовы панавала сярод латышоў. Тады і задумаўся: хто ж я такі? Паводле пашпарта — беларус. У выніку пачаў купляць беларускія кнігі і выпісваць беларускія газеты. Зноў жа вялікі ўплыў здзейснілі на мяне Уладзімір Караткевіч і Рыгор Барадулін, якія неаднойчы былі гасцямі маёй майстэрні…»

У 1994 годзе Целеш быў ініцыятарам стварэння першай беларускай школы ў Рызе і сем гадоў пасля быў яе дырэктарам. Ён жа спрычыніўся да ўтварэння ў Латвіі Таварыства беларускай культуры «Сьвітанак», дзякуючы чаму пэўны час пасля быў сябрам кансультацыйнай рады пры латвійскім прэзідэнце Гунтысу Улманісу.

Яго імя ўжо не адно дзесяцігоддзе добра вядомае далёка за межамі Латвіі. Невыпадкова калі я аднойчы папрасіў Васіля Быкава падпісаць кнігу для яго, Васіль Уладзіміравіч напісаў: «Вячку Целешу — з удзячнасцю за беларускасць». А латышскі пісьменнік Айвар Калве назваў яго «амбасадарам Беларусі ў Латвіі». Фактычна гэта было прызнана і самой латвійскай дзяржавай: у 1997 годзе за асаблівыя заслугі Вячка Целеш быў уганараваны латвійскім грамадзянствам, а ў 2006-м атрымаў найвышэйшую ўзнагароду Латвійскай Рэспублікі — Ордэн Трох Зорак.

Што ж тычыцца яго ўнікальнай калекцыі паштовак, дык рыжскую яе частку Целеш пачаў даўно мяняць на беларускія паштоўкі, а некалькі гадоў таму ўвогуле прадаў. Беларуская ж частка павінна будзе, па яго словах, вярнуцца ў Беларусь, бо з’яўляецца спадчынай беларусаў. А пакуль яна, гэтая спадчына, ужо трыццаць гадоў вяртаецца на радзіму ў выглядзе кніг. І перадусім — дзякуючы яе неўтаймаванаму гаспадару Вячку Целешу, «князю вечнай Беларусі».