З кананічным Конанам
Тэарэтык, герменеўтык мастацкіх набыткаў — ад незлічоных вуснапаэтычных скарбаў да прафесійнае класікі — празарлівы літаратурны крытык, ён няраз падзіўляў чытача вычуленнем на праявы несамавітага мастацкага хараства.
![konan.jpg konan.jpg](/img/v1/images/konan.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Канóн
Пачну, па звычцы, троху здаля. Калісьці на «отделе» у Інстытуце сусветнай літаратуры (ИМЛИ) абмяркоўвалі мой разгорнуты артыкул для калектыўнага зборніка («братской могилы»).
Тэма нават па тым нібы дэмакратычным часе з гледзішча дэпартамента «мировой литературы» мала каго, апроч аўтара, вабіла, калі не насцярожвала. Праглядваю нататкі з таго ледзь не «бурапеністага» абмеркаванння чвэрцьвекавое даўніны. Вось пярэчанні рашучага выступоўцы-апанента («шолахаведа»…): «Что ещё за национальное возрождение в ХІХ-ХХ веке? Он ссылается на какого-то Конóна (націск на прадапошнім складзе), следом ксендза (Адама Станкевіча) пристегивает. Какое это отношение имеет к литературоведению? Пусть читает Буркхардта — там о Возрождении все сказано».
Тую «манаграфічную» тэму пра нацыянальна-культурнае адраджэнне давялося адрачыць на пэвен час, давяршыўшы яе, з большага, ужо па развітанні са згаданай установай («От Скорины до Купалы. Белорусская литература в контексте национально-культурного возрождения». — Москва, ИМЛИ РАН, 2006).
Спомнены ж вышэй апанент — дзякуй яму — міжвольна падштурхнуў да ўсведамлення істотнейшай — кананічнае — якасьці нашага, з Наваградчыны, беларускага творцы.
Узвышэнец
Недзе на сыходзе 1990-х кінарэжысёр, паэт Уладзімір Мароз ладзіў аб ім дакументальны фільм. Сцэнарам прадугледжаны быў і маскоўскі акраец творчага абсягу гэтай Постаці. Выпала і мне на запрашэнне фільмоўца з прыступак бібліятэкі-«Ленінкі», дзе неаднойчы засяроджваўся над фаліянтамі наш чытач з Беларусі, сказаць колькі слоў перад камерай. Вось тыя словы з фільма:
«…Ведаеце, гэтае імя, мілагучнае, поўнае сэнсу таёмнага — Конан, здавён мяне прываблівала, яшчэ да асабістага знаёмства з Уладзімірам Міхайлавічам. Кон, лёс, наканаванне, прадвызначэнне, калі хочаце. Штосьці ёсць у гэтай сімвалічнай збежнасці прозвішча і жыццёвага паклікання чалавека. Яго тэксты, на маё ўспрыманне, ёсць глыбокае асэнсаванне, адначасна й тварэнне беларускай культуры, нашага духоўнага космасу. Аб чым бы ні гаварыў, ні пісаў — пра сусветнае дрэва культуры, лірыку Багдановіча, ці разважаў над зямнымі і боскімі сэнсамі Скарынавага слова, — скрозь адчуваецца стрыжань, карнявішча нацыянальнага дрэва беларускага, глыбока ўрослага ў родную глебу, разгорнутага шатамі ва ўніверсальную прастору, у нябесныя высі. Сваімі працамі ён засведчыў высокае спалучэнне, узаемапрацяканне ў чалавечым лёсе, адпаведна ў культуры, зямных турбот і нябеснага парывання, неадольную тугу па неспатольнай гармоніі — вызначальнай дамінанты жыцця і быцця, акрэсліўшы, на беларускі лад, сваё эстэтычна-філасофскае крэда. Чалавек нараджаецца з каранёў і ўзыходзіць да красы нябеснай…»
Праглядаю «Погляд у вечнасць» — прысвячэнні на яго 75-я ўгодкі. Гожае на вокладцы аблічча юбіляра, скіраваны ўдалеч працінальны погляд. Абок яго ўзвышэнскіх тэкстаў («На ўзвышшах») калегі-сумоўнікі адарылі «сапраўднага беларускага філосафа» і падзячнымі высновамі пра «феномен Конана» (М. Крукоўскі), «носьбіта святла» (А. Разанаў), «вялікага Конана» (Н. Гілевіч). Да гэтых важкіх азначэнняў напрошваецца ранейшае слова Мікалая Улашчыка ў лісце ад 15.06.1986 г. (водгук на дасланую ў Маскву кнігу «Проблемы искусства Белоруссии в общественной мысли начала ХХ века»): «Мне яна спадабалася перш за ўсё тым, што манаграфія паказвае культуру аўтара і яго добрасумленнасць…»
Перада мной на рабочым стале мала не ўсе яго кнігадрукі — ад «Развіцця эстэтычнай думкі ў Беларусі…» (1968) да апошняе — «Выбранае» (2009), надпісанага аўтарам золкім кастрычніцкім надвячоркам у яго пакойчыку хмарачоснага паверха ў Серабранцы (вуліца Малініна): «Дарагому Аляксею Каўку з удзячнасцю за тваю працу для Беларусі. 18.10.2009». Абок — ніштаваты жэўжык яго публікацый з многіх беларускіх, часткова расійскіх, польскіх перыёдыкаў. Сваім часам прачытваў, цяпер перачытваю гэтае багацце роднага маўлення і мыслення. На грунтоўны выклад духоўна-эстэтычнай планіды Уладзіміра Конана мне ўжо не стаць (пэўнай кампенсацыяй маёй немачы, мяркую, паслужыць ксёнжачка Анатоля Астапенкі «Уладзімір Конан» у серыі «100 выдатных дзеячоў беларускай культуры» (2017), — прыстойныя ўводзіны ў конаназнаўства, адмысловы раздзел у беларускай гуманістыцы абок скарына-купала-коласа-ўлашчыка і г.д. знаўства). Адважуся хаця б адцеміць два істотнейшыя напрамкі ў спадчыне нашага Думанніка:
— Адраджэнне — гістарычная правідловасць, магістральны шлях нацыянальна-культурнага развіцця Беларусі, яе нацыянальнай ідэі, нацыянальнага фундаменталізма, — ад Скарыны да Каліноўскага, Багушэвіча, Купалы да сучаснай постсавецкай эпохі.
— Узвышэнства — неадольны мастацка-літаратурны, культуровы рух «з нізін на ўзвышшы», да найвышэйшых праяў нацыянальнай і ўніверсальнай культуры. Сюды, да ўзвышэнскага клопату далучаем яго ж, Конана, незвычайную сутнасць у пераадоленні «саўкова»-партыйных напластаванняў у нацыянальнай культуры, вяртанне ў яе арганіку спрадвечна хрысціянскага ўсведамлення ролі Праваслаўнай, Каталіцкай цэркваў у жыццятворчасці Беларусі (напрыклад, артыкулы «Хрысціянства і беларуская культура», «Эсхаталагічныя матывы паэзіі Якуба Коласа», іншыя.) У гэтым шырэйшым кантэксце і асоба самога Уладзіміра Конана ўяўляецца мне жывым увасабленнем творцы-Узвышэнца.
Тэарэтык, герменеўтык мастацкіх набыткаў — ад незлічоных вуснапаэтычных скарбаў да прафесійнае класікі — празарлівы літаратурны крытык, ён няраз падзіўляў чытача вычуленнем на праявы несамавітага мастацкага хараства. Як, прыкладам, у выпадку з вершам «Вы шуміце, шуміце Нада мною бярозы…» Там, дзе спрактыкаваны аналітык паэзіі апроч знешніх «пацягушанак» чагось вартаснага не заўважыў, У. Конан адсланіў высока трапяткую касмічную лучнасць паэта з роднай зямлёй, класічную прастату яго лірычнага перажывання. Невыпадкова верш-песню (кампазітар Э. Ханок) падхапіў народ на хрэсьбінах, вяселлях (асабіста слухаў, падпяваў узрушаны ў ваколіцах майго Ігуменя-Чэрвеня).
На супольнай сцежцы
Пазнаёміўся з ім раней непасрэднай сустрэчы. Вясной 1979-га, прастуючы цягніком з Масквы да Варшавы, сярод «дыпламатычных» ванзэлкаў тулілася тэчка з «беларускім» мінімумам: зборнічкі Купалы, Коласа, Багдановіча, нават крамольнага тады Гаруна (1920), манаграфіі Александровіча, Кісялёва, Мальдзіса і «Адам Бабарэка» Конана. Яго ўзвышэнскія росшукі-роздумы вабілі, дзесьці інтрыгавалі нечаканымі намёкамі на таёмную зорку літаратурнага небасхіла Беларусі...
Згледзеў жа «вживую» аўтара-ўзвышэнца ў менскім Доме літаратара на «круглым стале», прысвечаным 100-м угодкам Купалы, Коласа (Міжнародная канферэнцыя ЮНЕСКА «Славянскія культуры і сусветны культурны працэс» (1982), куды собіла было трапіць і мне, радзецкаму дыпламату з Варшавы). Менавіта Конан навукова «легалізаваў» тады перад беларускай і замежнай грамадскасцю купалавых «Тутэйшых». Тады ж мы і «парукаліся», адчуўшы ўзаемна духоўную блізкасць. Аб чым, дарэчы, сведчыла й маё спавешчанне на тым «стале» — «Ад тутэйшасці да нацыянальнасці». Назаўтра, пад знаёмства-развітанне, даверыў яму адбітак эмігранцкага выдання М. Бярдзяева «Смысл истории».
Ці не скрозь сустракаліся на канферэнцыях, чытаннях, з’ездах згуртавання «Бацькаўшчына». Мінск—Горадня—Віцебск—Маладзечна—Полацак—Тураў — нашыя супольныя прыпынкі. Не мінулася і Масквы, уключна з маім колішнім Угловым завулкам — паміж Беларускім вакзалам і Бутырскай турмой. Цягам аднаго запозненага чаркавання на тым адрасе прытомлены Валодзя, эксперт беларускае дэлегацыі на перамовах у крамлёўскім «Нова-Огарёво», рэплікаваў з прытоенай усмешкай: колькі б, маўляў, палітыкі-верхаводы не радзілі, не спрачаліся, а незалежнасць дзяржаўная грукаецца ў нашыя дзверы, — такі ж адчыняцца. Што ўхуткасці і сталася.
Падчас першага З’езда беларусістаў ехалі разам на радзіму Якуба Коласа. У лесе блізу Альбуці аўтобус прыпыніўся, і купка делегатаў-экскурсантаў высыпала на ўзбочыну перадыхнуць водарам лясной цішы. Тады траіх нас (з В. Голубам, трэцім) і зафіксаваў нейчы фотааб’ектыў (Ул. Калесніка, Т. Ткачэнкі?). Здымак той месціцца ў яго фоталетапісе ва ўспомненым «Выбраным».
Зноў жа фотка: Валодзя на лавачцы (сонечны травень 1997 года) перад тураўскай Усіхсвятскай царквой — пасярод Алены Яскевіч і Аляксея Каўкі — летуценна ўглядаецца ў храм.
Таго ж надвячорка грамадка наша «навуковая» ў таварыстве з Анатолем Вярцінскім, Аленай Яскевіч, Іванам Чаротам, іншымі ўдзельнікамі «праваслаўных чытанняў» пасля навуковых дыскусій адстаяла вячэрнюю службу ў храме. Потым з ласкі св.п. Кацярыны Паповай, мясцовай настаўніцы, паэткі, утрох (з А. Вярцінскім) падаліся на начлег у дамок былога старшыні колішняга перадавога калгаса А. Сяргейчыка. Прымалі нас гаспадар і гаспадыня дома пані Сяргейчыкава, доктар біялагічных навук, пільнавальніца кліматычнага рэжыму ў Батанічным садзе Мінска, ахарошвала тую сустрэчу над беражком Піны. Магчыма, уражанні з таго начавання «зашыліся» ў Валодзевых паперах.
Падзячны Уладзіміру Міхайлавічу за спрыянне рукапісу мае кнігі «Тут мой народ». Не менш — за ягоныя тэксты ў маскоўскім «Скарынічы», уключна з выпускам трэцім, з нагоды якога сябра «памасліў» укладальніку-«скарынічу» (слабы чалавек, што зробіш).
Захавалася колькі старонак з нашага ліставання (БДАМЛіМ, Фонд 740). У адным з лістоў Валодзя — пэўна, з падачы Мальдзіса — намаўляў калегу да вяртання на Радзіму, менавіта ў Скарынаўскі асяродак (прабачце, цэнтр). Не адбыліся тыя мройлівыя пярэбары. Шкада.
Увогуле ж калега-сябра мой, мысляр па натуры, не належыў да сухароў-нудотнікаў. Няраз і мне, наезніку з Масквы, траплялася вітацца з ім на сходах, шэсцях нацыянальных у Менску, калі там ці не ўсё дэманстрацыйна нацыянальнае дратавалася паліцэйскімі дубінкамі і аўтазакамі. Конана Гасподзь сцярог ад тых «суверэнных» палак, але ж памятаю яго балючае перажыванне ў суверэннай краіне ад «суверэннага» зладзейства Вярхоўнага Хама, які, зглуміўшы нацыянальную святыню — Сцяг — прыпячатаў перад шырокім светам патрыятычных людзёў (наступнікаў нацыянал-дэмакратаў) «националистической сволочью» («Независимая газета», 1998, 5 февраля). Хаця, памятаецца, пры тых роспачлівых перажываннях Валодзя спрабаваў філасафічна, па-евангельску, суцешыць сябе і блізкіх: не варта адчайвацца, грэх; звар’яцелыя свінні рана-позна ў бездань зрынуцца.
Неўладкаваны сямейна, ён цалкам аддаўся адзінай сваёй абранніцы — Беларусі. Не забудзецца яго слова на адным з першых сходаў БНФ узімку 1988 года. Пасля ўступнай прамовы Васіля Быкава да трыбуны падыходзіць Конан. Мяккі прыцішаны голас і суцішная заля ў Чырвоным касцёле. Ён не прамаўляў, а толькі, нібы пра сябе, пераказваў думку Ул. Салаўёва адносна нацыянальнага пытання ў колішняй Расійскай імперыі (пераказваю з памяці пачутага і занатаванага): «Национальный вопрос для России — это вопрос её достойного существования. Для национальных окраин — вопрос ихнего выживания…» Уладімір Конан, працытаваўшы меркаванне расійскага філосафа, адразу ж удакладніў — пад сціплыя воплескі слухачоў: варта дамагацца прыстойнага жыцця, не выжывання, нашае Бацькаўшчыны-Беларусі.
«Самотны рыцар гармоніі» — адгукаўся Уладзімір Конан з юбілейнай нагоды да старэйшага калегі і сябра Міколы Крукоўскага з філасофскай парадыгмай мудрасці і небезнадзейнага смутку: «Самотна сёння рыцарам гармоніі і класічнага квітнення культуры, і наступіў час татальнага цемрашальства — эпоха заняпаду, дэнацыяналізацыі… і нігілізму. Але ж даўно было запаведана людзям: «І святло ў цемры свеціць, і цемра не агарнула яго».
Будам імкнуцца да святла і светлых людзей.