А за вокнамі — шэрань

Дзіўны выдаецца сёлетні Новы год — ні снегу на вуліцах, ні святочнага настрою. Толькі “перадсвяточная” мітусня ў крамах ды на рынках, якія­­-ніякія карпаратывы (у каго ёсць сродкі ды жаданне). Але ж, па маіх назіраннях, у пераважнай большасці людзей адсутнічае кольвечны навагодні ды калядны бляск у вачах.

Як кажуць, якое жыццё, такі і настрой. Адыходзячы 2013 год быў вельмі складаным. І ў палітычным, і ў сацыяльна-эканамічным сэнсе. Дзяржаўныя варацілы, з штучнымі ўсмешкамі, па дзяржаўных тэлеканалах працягвалі запэўніваць усіх нас, што ў іх “усё на мазі”, што “ўнікальная беларуская мадэль” жыццяздольная, што нас чакае светлая будучыня, а вінаваты ў тым, што склады прамысловых прадпрыемстваў літаральна лопаюцца ад нерэалізаванай прадукцыі, крызіс на Захадзе і ў Расіі, куды мы сплаўляем абсалют вырабленага на айчынных заводах ды фабрыках.

Упершыню з вуснаў галоўнага дзеяча прагучала слова “народзец”. Перашкаджае гэты самы народзец правадыру весці (ці несці) “крыштальны сасуд” у светлую будучыню, скупляючы валюту ды набываючы імпартныя тавары замест выканання мантры “купляйце беларускае”.

А колькі ўсяго няўцямнага ў 2013 годзе наварацілі так званыя народныя абраннікі — “дэпутаты” абедзвюх палатак! Пералічваць усе іх ініцыятывы ды законы — мазгі трэснуць. Адзін толькі падатак на аўтатранспарт чаго варты! Калі ў “бацькі” заканчваецца залаты запас, тут усе сродкі добрыя, у тым ліку і абабранне ўласнага народа. Вось таму і не свецяцца вочы напярэдадні святаў у большасці аўтаўладальнікаў.

У заходніх гарадах, ды не толькі заходніх, ужо даўно святочны настрой ствараюць ілюмінацыі, калядныя кірмашы, якія пачаліся яшчэ пры канцы лістапада. У беларускай жа сталіцы — шэрань. Увечары 30 снежня кіраваўся я дахаты на пачатку на 12-ю гадзіну вечара. Мёртвы горад, без ілюмінацый, калі не лічыць светлафораў, з цёмнымі елкамі — нават галоўная, што на Кастрычніцкай плошчы, не вызначалася аніводнай лямпачкай! І гэта за дзень да Новага году!

Хацелася б памыліцца, але і ў наступным, 2014 годзе чакаць чагосьці пазітыўнага не даводзіцца. Ні ў эканоміцы, ні ў палітыцы. Хоць гэты год будзе перадвыбарчым. Але ў нас што ўлада, што апазіцыя відавочна зацікаўленыя ў захаванні статус-кво, адны імітуюць, што кіруюць і мадэрнізуюцца, другія — што змагаюцца з тымі, што імітуюць, што кіруюць і мадэрнізуюцца. Таўчэнне вады ў ступе, шчыра, ужо дастала.

Адна надзея застаецца на саміх сябе. І вялікая колькасць людзей ужо зразумела ці пачынае разумець, што досыць быць “народцам”. Таму ўсё ж хочацца верыць, што ў Новым годзе штосьці зменіцца ў лепшы бок. Нейкая доля аптымізму напярэдадні святаў усё ж застаецца, інакш жыць было б увогуле немагчыма. Таму з Новым годам, з Раством Хрыстовым! Будзьма!