Банкі нарасцілі аб’ём дэпазітаў

Крэдытаванне насельніцтва за кошт прыцягнення замежных рэсурсаў — пазыковая яма. Такога меркавання прытрымліваецца старшыня Асацыяцыі беларускіх банкаў Фелікс Чарняўскі.



82161242827b703e6acf9c726942a1e4.JPG

Крэдытаванне насельніцтва за кошт прыцягнення замежных рэсурсаў — пазыковая яма. Такога меркавання прытрымліваецца старшыня Асацыяцыі беларускіх банкаў Фелікс Чарняўскі.
“Гэта інструмент прасоўвання замежнай прадукцыі на нашых рынках. Як асацыяцыя мы не выступалі супраць падвышэння працэнтных ставак па крэдытах, мы зацікаўленыя, каб людзі менш бралі крэдытаў. Але настойваем, каб кліенты рэальна інфармаваліся пра тое, колькі яны ў выніку заплацяць за спажывецкі крэдыт, — такую заяву зрабіў Фелікс Чарняўскі падчас сустрэчы з журналістамі.
Старшыня Асацыяцыі беларускіх банкаў паведаміў, што на пачатак студзеня 2009 года запазычанасць насельніцтва па спажывецкіх крэдытах склала 5,67 трлн. рублёў. Запазычанасць па крэдытаванню жылля — 4,7 трлн. рублёў на льготных умовах і два трлн. рублёў на агульных умовах. У параўнанні з 2007 годам гэтыя лічбы выраслі больш чым у два разы — 2,1 і 0,9 трлн. рублёў адпаведна.
Разам з тым нарматыўны капітал банкаўскай сістэмы павялічыўся за 2008 год на 73,3 працэнта, або на 4 трлн. 787,3 млрд. рублёў, і на пачатак студзеня гэтага года склаў 11 трлн. 314,1 млрд. рублёў. Аб’ём статутнага фонду беларускіх банкаў за 2008 год павялічыўся на 91,9 працэнта, або на 4 трлн. 157 млрд. рублёў, і на 1 студзеня 2009 года склаў 8 трлн. 678,6 млрд. рублёў.
“Цяпер праблема ў Беларусі найперш не ў банках, а ў рэальным сектары эканомікі, — адзначыў старшыня Асацыяцыі беларускіх банкаў. — Таму цяпер мы ставім задачу арганізаваць сумесную працу банкаў і рэальнага сектара. Але гэта з серыі пытанняў «як выстаяць», а затым будзе пытанне «як падняцца»? На чым? Калі будзе невяртанне крэдытаў, банкам прыйдзецца цяжка. Фелікс Чарняўскі запэўніў, што банкі назапасілі добрую “падушку бяспекі і пакуль не маюць пагрозы банкруцтва. Больш таго, за студзень рублёвыя і валютныя дэпазіты насельніцтва павялічыліся на 1 трлн. беларускіх рублёў, або на 7,8 працэнта. На пачатак лютага яны дасягнулі амаль 14,3 трлн. рублёў. На дэпазітах у нацыянальнай валюце беларусы захоўваюць каля 6,7 трлн. беларускіх рублёў, у замежнай — у эквіваленце 2,8 млрд. долараў ЗША.
Сярод пагрозаў, якія могуць узнікнуць перад беларускай банкаўскай сістэмай, Фелікс Чарняўскі назваў зніжэнне магчымасцяў павялічваць рэсурсную базу з-за скарачэння тэмпаў эканамічнага росту і рызыку ўзнікнення банкаўскіх дэфолтаў, рызыку пагаршэння крэдытных партфеляў банкаў, страту золатавалютных рэзерваў Нацыянальнага банка, паніжэнне капіталізацыі банкаў у выніку дэвальвацыі беларускага рубля, пагаршэнне ўмоў рэфінансавання знешніх кароткатэрміновых абавязальніцтваў банкаў, а таксама страту даверу да банкаў з боку кліентаў.
У банкаўскім сектары Беларусі працуе 31 банк з 323 філіяламі. З удзелам замежнага капіталу працуюць 25 банкаў, восем з іх на сто працэнтаў маюць замежны капітал, а ў двух банках толькі па адной акцыі належыць рэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.