Беларусы актыўна выказваюць недавер да рубля
Фінансавы рынак Беларусі перажывае не лепшыя часы. У кастрычніку негатыўныя тэндэнцыі на грашовым рынку, якія мелі месца ў верасні, захаваліся. Нежаданне насельніцтва несці рублі на захоўванне ў банкі, рост валютных дэпазітаў, масавае павелічэнне спажывецкага крэдытавання ў нацвалюце — відавочныя сімптомы недаверу да рубля.
Кастрычніцкая далярызацыя ўкладаў
Беларускія банкі ў лістападзе працягваюць павышаць стаўкі па дэпазітах у нацвалюце. «Беларусбанк», «Альфа-банк», «Парытэтбанк» давялі
даходнасць па новых рублёвых укладах да 49-50% гадавых. Тэндэнцыя павышэння адсоткавых ставак па рублёвых укладах нядзіўная: насельніцтва не гарыць жаданнем несці рублі ў банкі.
Напрыклад, «Белаграпрамбанк», які яшчэ ў першай палове кастрычніка ўстанавіў стаўку па дэпазітах у нацвалюце на ўзроўні 49%, здолеў у мінулым месяцы істотна павялічыць
аб'ём рублёвых дэпазітаў насельніцтва.
У той жа час іншыя буйныя банкі («Беларусбанк», «БПС-Ашчадбанк», «Прыёрбанк», «Белінвестбанк»), у якіх адсоткавыя стаўкі
былі ніжэй, канстатавалі ў кастрычніку зніжэнне (у параўнанні з вераснем) тэрміновых рублёвых укладаў насельніцтва.
Трэба адзначыць, што Нацбанк Беларусі ў сітуацыі, якая склалася, спрабуе зніжаць напружанасць на фінансавым рынку шляхам правядзення жорсткай грашова-крэдытнай палітыкі, якая нацэленая на
забеспячэнне прывабнасці рублёвых укладаў і на зніжэнне ціску на валютны рынак.
Па словах банкіраў, Нацбанк праводзіць пастаянную працу з банкамі па абмежаванні крэдытавання, а рублёвую ліквіднасць дае абмежаванаму ліку банкаў. Такая палітыка рэгулятара прыводзіць да
недахопу рублёвай ліквіднасці, у выніку чаго банкі зацікаўленыя ў прыцягненні рублёвых сродкаў насельніцтва і таму гатовыя павышаць стаўкі па дэпазітах.
«Дзеянні грашовых уладаў у бягучай сітуацыі цалкам апраўданыя і адпавядаюць бягучаму моманту часу. Змякчэнне грашова-крэдытнай палітыкі магчыма пры ўмове дасягнення спрыяльнай
сітуацыі на ўнутраным валютным і дэпазітным рынку», — каментуе сітуацыю
фінансавы аналітык BusinessForecast.by Аляксандр Муха.
Негатыўныя тэндэнцыі закансерваваныя
Яшчэ адна праява недаверу насельніцтва да нацвалюты — масавы попыт на рублёвыя
(спажывецкія) крэдыты. За адзін месяц (у кастрычніку) пераважная большасць банкаў істотна павялічылі аб'ёмы спажывецкага крэдытавання. Шмат у якіх банках у кастрычніку атрымалася павялічыць
партфель спажывецкіх крэдытаў на 6 і больш адсоткаў, што лічыцца вельмі высокім тэмпам росту.
Эксперты тлумачаць павышаны попыт насельніцтва на рублёвыя крэдыты дэвальвацыйнымі чаканнямі.
Далярызацыя банкаўскіх укладаў насельніцтва таксама абумоўленая дэвальвацыйнымі чаканнямі, мяркуе эксперт.
«Такія чаканні сфармаваліся і ў сувязі з ростам курсу даляра, і ў сувязі з нарастаннем адмоўнага сальда ў знешнім гандлі, і ў сувязі са зніжэннем золатавалютных рэзерваў, і з агульным
негатыўным інфармацыйным фонам», — кажа Палхоўскі.
Дарэчы, за перыяд з траўня па кастрычнік золатавалютныя рэзервы Беларусі скараціліся на 1 млрд. 456,9 млн. даляраў. Зніжэнне рэзерваў абумоўлена плацяжамі па знешнім абавязку, але і не толькі.
Па наяўных дадзеных, у кастрычніку попыт на валюту з боку эканамічных агентаў (прадпрыемстваў, насельніцтва) перавышаў прапанову, што змушала грашовыя улады ажыццяўляць валютныя інтэрвенцыі.
Трэба сказаць, што вышэйпералічаныя негатыўныя тэндэнцыі (павышаны попыт на валюту; адсутнасць росту рублёвых укладаў на фоне высокіх адсоткавых ставак; зніжэнне рэзерваў) былі добра бачныя ўжо
ў верасні.
Павышаны попыт на валюту, працягвае эксперт, аказвае ціск на рэзервы. Змякчыць сітуацыю можа паступленне валюты, якая тэарэтычна магла б прыйсці ў краіну за кошт новых знешніх запазычанняў, а
таксама ў выніку заключэння прыватызацыйных здзелак. Аднак, пакуль няма падстаў сцвярджаць, што грошы будуць знойдзеныя — канкрэтныя дамоўленасці з патэнцыяльнымі крэдыторамі і магчымымі інвестарамі адсутнічаюць.
Напружанасць, якая захоўваецца на фінансавым рынку атрымалася б, магчыма, часткова знізіць у выпадку прыняцця выразнай праграмы дзеянняў эканамічных уладаў на будучы год. Аднак прагноз
сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2014 год, першая рэдакцыя якога была падрыхтаваная яшчэ летам, да гэтага часу не прыняты. Таму нявызначанасць захоўваецца, і гэтая сітуацыя — спрыяльнае асяроддзе для павышэння ўзроўню дэвальвацыйных чаканняў.
naviny.by