Ці будзе ў Беларусі «народнае аўто»?

Нашая краіна, нягледзячы на тое, што вытворчасць аўтамабіляў для народа ў ёй хранічна не прыжываецца, не кідае спробы стаць аўтадзяржавай. У чарговы раз падпісана пагадненне наладзіць у краіне зборку легкавікоў. Гэтым разам — не кітайскіх.



str_1_autamabil_1_1_.gif

Пагадненне пра арганізацыю ў нас вытворчасці аўтамабіляў маркі «Opel Corsa» для рынкаў Беларусі і Расіі падпісана ў Мінску па выніках перамоваў беларускага Саўміна з дэлегацыяй «General Motors». «Беларусь спецыялізуецца на вытворчасці машынабудаўнічай прадукцыі, але прыход на беларускі рынак кампаніі «General Motors» стане новай старонкай у аўтамабілебудаванні нашай краіны», — аптымістычна глядзіць у будучыню намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Пётр Пракаповіч.

 

Зборка «Opel Corsa», згодна з пагадненнем, пачнецца ў 2014 годзе. У перспектыве зборачнае прадпрыемства плануе выйсці на магутнасць 4–7 тысяч аўтамабіляў штогод. Фірма «Юнісон» пры непасрэдным удзеле спецыялістаў «General Motors» правядзе закупку, мантаж і наладку неабходнага абсталявання для пачатку зборкі новай мадэлі, а таксама арганізуе навучанне персаналу прынцыпам вытворчасці і кантролю якасці, прынятым на заводах GM. Гендырэктар «Юнісон» Дзмітрый Ягораў паведаміў, што акрамя вытворчасці аўтамабіляў мадэлі «Opel Corsa» разглядаецца таксама выпуск шэрагу аўтамабіляў маркі «Chevrolet».

 

Але ў Беларусі ўжо не першы раз правальваюцца аўтамабільныя праекты. Першую спробу зрабіць «народны аўтамабіль» здзяйсняў яшчэ ў час росквіту свайго бізнэсу Андрэй Клімаў. Менавіта ён вёў перамовы на пастаўкі ў Беларусь нямецкага «цуда-прэса» для выпуску кузаваў, але з прыходам да ўлады першага і сённяшняга прэзідэнта гэта дамоўленасць была сарваная.

 

У 1997 годзе ў Абчаку пад Мінскам, дзе зараз размяшчаецца СП ЗАТ «Юнісон», наладзілі зборку легкавых «Ford Escort» і мікрааўтобусаў «Ford Transit» пад кантролем беларускай фірмы «Лада ОМС». Планавалася збіраць 6 тысяч аўтамабіляў на год, але «Ford» са скандалам сышоў з рынку, кажучы, што працаваць яму не даюць.

 

Пасля няўдачы з «Ford», у 2004 годзе ў Абчаку вырашылі збіраць грузавічкі «Lublin–3». Гэты праект спрабаваў наладзіць ужо створаны «Юнісон». Планавалася выпусціць у 2004 годзе 1000 аўтамабіляў «Люблін–3», у 2005-м — 5000, а ў 2007 годзе мелі намер выйсці на ўзровень 10 тысяч машын. Разлікі на тое, што фургончык заваюе расійскі рынак, не апраўдаліся: ачуняў ГАЗ са сваёй «Газеллю», якая каштавала ў тры разы танней за беларускі аналаг.

 

У тым жа 2004 годзе беларускі ўрад стварыў праект па зборцы аўтамабіля «Samand» з іранскіх машынакамплектаў. Аднак, нягледзячы на падтрымку «адміністратыўнага рэсурсу», напрыклад, у 2009 годзе ўдалося прадаць усяго 281 легкавы аўтамабіль, у 2010-м — 369. Пры гэтым большасць аўтамабіляў рэалізоўвалася пры дапамозе адміністрацыйнага рэсурсу. «Samand» проста не купляўся. Нядаўна іранскі пасол сказаў, што гэты праект «замарожаны» і невядома, ці адродзіцца.

 

У 2011 годзе на тым жа заводзе ў Абчаку ў якасці эксперыменту сабралі з машынакамплектаў тры красоверы «Chery Riich X1». Пробныя асобнікі прадалі ў два разы танней за рынкавы кошт, і больш гэтыя машыны збіраць не плануюць.

 

З 2012 па 2015 год плануецца пабудаваць новы завод пад Барысавам па выпуску кітайскіх «Geely». Запланаваная стартавая вытворчая магутнасць завода — да 60 тысяч легкавых аўтамабіляў, а ў 2015–2016 гадах плануецца давесці магутнасць завода да 120 тысяч аўто. Праект пакуль не заглох.

 

Чаму ж зборка легкавікоў у Беларусі не прыжываецца? Бо мы ж нармальна збіраем аўтобусы, тралейбусы, грузавікі ды трактары. Спецыялісты кажуць: таму што Беларусь не вырашае праблему ў комплексе.

 

Зборка аўтамабіляў патрабуе пэўных маштабаў. Для гэтага трэба досыць вялікая вытворчасць, трэба выпускаць столькі аўтамабіляў, каб іх зборка была прыбытковай. Базы ЗАТ «Юнісон» для гэтага наўрад ці дастаткова. Другое пытанне — гэта стабільная пастаўка машынакамплектаў, з якіх робіцца аўтамабіль. І калі адна з умоваў не выконваецца, пра вытворчасць аўто можна забыцца.

 

Для таго, каб аўтамабіль лічыўся беларускім, трэба, каб краіна зборкі пачала сама выпускаць аўтамабільныя дэталі — прыкладна 40% да аўтамабіля. Але і з гэтым вялікія праблемы, якія не вырашаюцца. Можна было б пераарыентаваць МАЗ, але мы аддаём яго ў холдынг «Росбелаўта». Хіба што застаецца МТЗ, бо не ствараць жа легкавік на «Гомсельмашы»?

 

Потым, пасля вырашэння гэтых пытанняў, паўстае новае — рынкі збыту. Таксама праблема.

 

Як разлічваюць падпісанты пагаднення, аўтамабілі будуць вырабляцца для рынку Беларусі і Расіі. Але наўрад ці Расія будзе ад гэтага ў захапленні. У Расіі ўжо дастаткова такіх уласных вытворчасцяў. У Калінінградзе збіраюцца «BMW», «КІА», тыя ж аўтамабілі GM. Пад Масквой і ў Калузе — «Renault», «Citroen», «Wolksvagen». У Санкт-Пецярбургу — «Toyota» і «Nissan». Наогул жа расійскія аўтазаводы штогод вырабляюць звыш двух мільёнаў аўтамабіляў 24 розных марак і больш за 70 мадэляў.

 

Адзінае, на што можна разлічваць, — на ўнутраны рынак пры прымальным кошце аўтамабіля. У сувязі з пошлінамі Мытнага саюза і з плануемым уводам у дзейнасць так званага «ўтылізацыйнага збору» цяпер у Беларусі наогул праблема купіць любы замежны аўтамабіль.

 

А калі кошт аўтамабіля будзе непад’ёмным для беларускага пакупніка? Тады цалкам можа здарыцца тое ж самае, што і з беларускімі трактарамі, якімі бітком забітыя прылеглыя да МТЗ тэрыторыі.

 

Варта адзначыць, што пакуль нават прыкладны кошт «Opel Corsa» беларускай зборкі не называецца. У расійскіх аўтасалонах «Opel Corsa» каштуе прыкладна 14 500 долараў.