Чаму Беларусь не Дубай, ці Роля Прыпяцкага прагіну ў чаканні цуду

У савецкай школе і ў савецкім універсітэце (БДУ) мяне пераконвалі, што адзінай крыніцай матэрыяльных выгод з’яўляецца праца. Мне спатрэбіліся дзесяцігоддзі для разумення недасканаласці гэтай ісціны.

17_18_kopiya_4.jpg

Просты прыклад. На момант падрыхтоўкі гэтага артыкула кошт нафты «Brent» складаў 76,6 долара за барэль, а сабекошт здабычы аднаго барэля ў Саудаўскай Аравіі — 2,8 долара! Якой працай створана розніца ў 73,8 долара? Правільны адказ: ні-я-кай! Гэта рэнта.

Як палкая жанчына з’яўляецца марай паэта (глядзі раздзел XII рамана Ільфа і Пятрова «Дванаццаць крэслаў»), так пра рэнтавыя даходы мараць практычна ўсе лідары аўтарытарных дзяржаў. 

Цытата з Паслання–2011: «Мне здаецца, што нафта ў нас усё ж такі ёсць. А калі ёсць нафта, то не можа быць, каб не прарвала газам. Вучонага прэм’ера (Мясніковіча) мы ўзялі, акадэміка. Ён адчувае адказнасць і будзе глядзець, што ў нас там робіцца пад тоўшчай зямлі. Не можа быць такога, каб чалавек шукаў і не знайшоў... Трэба сур’ёзна паглядзець на нашы нетры».

Прайшло дзесяць гадоў: «Мяне вельмі цікавіць і хвалюе праблема Прыпяцкага прагіну. Нутром чую, што там у нас нафта ёсць, якую мы яшчэ не бачым. Калі б нам сёння 8–9 мільёнаў тон нафты, мы б жылі лепш, чым самыя багатыя краіны нашай планеты. Але, на жаль, такога няма».

8-е месца ў рэйтынгу супраць 80-га

Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, якія займаюць 8-е месца па ВУП на душу насельніцтва ($87 729 у 2022 годзе), — прыклад заможнай краіны. Пры здабычы больш за 2 мільёны барэляў нафты ў суткі для замацавання ў дзясятцы самых багатых краін свету вялікага розуму і не патрабуецца.

Але ААЭ — федэратыўная дзяржава, якая складаецца з сямі эміратаў. Дубай — адзін з іх. Для апісання яго поспехаў скарыстаюся кнігай Ясара Джарара «Кіруй як шэйх. Урокі лідарства ад кіраўніка Дубая», якая выйшла ў снежні ў выдавецтве «Бамбора»: «У перыяд з 1995 па 2015 год аб’ём валавога ўнутранага прадукту Дубая вырас з 11 да 101 мільярда долараў ЗША, а ВУП на душу насельніцтва павялічыўся з 16 000 да 42 500 долараў. Пры гэтым доля нафтавых даходаў у ВУП знізілася з 18% да 1,2%. У кантэксце дыверсіфікацыі і росту эканомікі гэтыя лічбы сімвалізуюць сабой эканамічны цуд».

Беларусь у 2022 годзе ў спісе краін па ВУП (ППС) на душу насельніцтва аказалася на 80-м месцы ($ 22 591). Розніца істотная. А як наконт долі нафтавых даходаў у эканоміцы? 

З гэтым пытаннем я звярнуўся да штучнага інтэлекту. Вось яго адказ: «Паводле даных Сусветнага банка, у 2019 годзе доля нафтавых даходаў у ВУП Рэспублікі Беларусь складала каля 18,5%». Цікава, пагадзіцеся. Дубай, гэй! Ты дзе? Хто каму павінен зайздросціць?

На якім жа падмурку выбудаваны дубайскі цуд? Як і мае быць у постіндустрыяльную эпоху — на паслугах. Зноў працытую кнігу Ясара Джарара: «Аснову эканомікі Дубая складае пераважна сектар паслуг — уключаючы транспартныя перавозкі, лагістыку, раздробны гандаль і турызм, а таксама лёгкая прамысловасць і нерухомасць. У тым жа 2016 годзе ў 70% кампаній са спісу «Fortune» 500 былі рэгіянальныя штаб-кватэры, размешчаныя ў Дубаі, а сам эмірат увайшоў у васьмёрку найлепшых гарадоў свету па аб’ёмах патокаў тавараў, паслуг, капіталу, людзей і даных. Яго суседзямі ў рэйтынгу сталі Сан-Францыска, Лос-Анджэлес, Нью-Ёрк, Лондан, Шанхай, Ганконг і Сінгапур. Горад-дзяржава, у якой пражываюць прадстаўнікі больш за 200 розных нацыянальнасцей, працуюць больш за 120 суднаходных ліній і 150 авіякампаній, якія займаюцца перавозкамі па больш чым 220 кірунках ва ўсім свеце, па праве заваяваў званне спалучальнага звяна паміж Усходам і Захадам. Пра падобныя тэмпы эканамічнага развіцця могуць толькі марыць амаль усе краіны, якія развіваюцца, і нават некаторыя развітыя дзяржавы».

Як тут не прыгадаць айчыннае бла-бла-бла пра ролю моста паміж Усходам і Захадам, якую наканавана адыграць дзяржаве ў геаграфічным цэнтры Еўропы. У Дубаі працуе 150 авіякампаній. А колькі ў Беларусі пасля прымусовай пасадкі Boeing 737 – 8AS ірландскай авіякампаніі «Ryanair» у траўні 2021 года? Падумаў спытаць штучны інтэлект, але пасаромеўся: а раптам ён мяне пашле ў эратычнае падарожжа?!

Адпаведныя высновы не зроблены

Я не прыхільнік Леніна. З гэтага, аднак, не вынікае, што ўсё, напісанае ў яго поўным зборы твораў, не вартае вывучэння. Абмяжуюся любімай цытатай: «Камуністам стаць можна толькі тады, калі ўзбагаціць сваю памяць веданнем усіх тых багаццяў, якія выпрацавала чалавецтва».

Стаць камуністам я адмовіўся яшчэ ў брэжнеўскія часы, чым паставіў крыж на сваёй кар’еры. Тым не менш ужо ў статусе бацькі траіх дзяцей «Ленінку» наведваў рэгулярна. Недахопу ў натуральна-навуковых ведах галоўная бібліятэка краіны не адчувала. 

Складаней было з ведамі гуманітарнымі, у прыватнасці, па пытаннях кіравання. У гэтай галіне мае пошукі абмежаваліся напісанай яшчэ ў 1911 годзе кнігай амерыканскага спецыяліста па кіраўніцкім кансалтынгу Гарынгтана Эмерсана «Дванаццаць прынцыпаў прадукцыйнасці».

З паршывай авечкі (з камуністычнага рэжыму) хоць шматок воўны. Але рэжым загнуўся ў тым ліку праз нежаданне прытрымлівацца ленінскай рэкамендацыі. Яго правапераемнікі адпаведных высноў не зрабілі. Замест узбагачэння памяці беларусаў веданнем усіх тых багаццяў, якія выпрацавала чалавецтва, яны працягваюць марнаваць асноўныя намаганні на складанне страшылак.

У Дубаі пайшлі іншым шляхам. Прывяду яго ў рэдакцыі ўжо знаёмага чытачам аўтара: «У 2004 годзе шэйх Махамед абвясціў аб адкрыцці Дубайскай школы дзяржаўнага кіравання. Навучальная ўстанова вырашае дзве асноўныя задачы: дазваляе Дубаю ісці ў нагу з часам і фіксуе каштоўны вопыт для таго, каб дзяліцца ім з іншымі краінамі. Шэйх распарадзіўся набраць у штат найлепшых выкладчыкаў і заключыў партнёрскае пагадненне са школай кіравання імя Джона Ф. Кэнэдзі пры Гарвардскім універсітэце».

Не ўпэўнены, што шэйх Махамед чытаў працы Леніна ў арыгінале. Але для разумення ролі ведаў у эканоміцы ведаў, хай даруюць мне чытачы за таўталогію, гэтага і не патрабуецца.

(працяг будзе)