Хто яшчэ верыць у нашы рэферэндумы?

Інстытут рэферэндума за апошнія сто гадоў быў моцна дыскрэдытаваны аўтакратычнымі рэжымамі. Скепсіс наконт рэферэндуму як універсальнага спосабу вызначыць волю народа з’явіўся не на пустым месцы. Ужо ў ХІХ стагоддзі многія аўтарытарныя палітыкі ўжывалі гэтую форму дэмакратыі для легітымізацыі захопу ўлады.

referendum_.jpg


Напэўна, далей за ўсіх пайшоў Напалеон, які прапанаваў французам адказаць на пытанне, ці з’яўляецца ён абраным Богам памазанцам. Менавіта такі чалавек у манархічнай традыцыі мог насіць тытул імператара, пра які марыў Банапарт. У лістападзе 1804 года каля 99,93 працэнта ўдзельнікаў рэферэндуму падалі галасы за стварэнне імперыі на чале з імператарам Напалеонам.

Так ці інакш, да пачатку ХХ стагоддзя былі сфармуляваныя асноўныя прынцыпы крытыкі рэферэндумаў. Іх аўтары сцвярджаюць, што выбаршчыкі на рэферэндуме, хутчэй за ўсё, кіруюцца сітуацыйнымі забабонамі, чым сур’ёзнымі разважаннямі. Як правіла, удзельнікі рэферэндумаў недастаткова інфармаваныя, каб прымаць рашэнні па складаных або тэхнічных пытаннях. Нарэшце, на грамадзян можа паўплываць манаполія на інфармацыю, банальнае запалохванне, створаны ў медыя культ асобы, дарагія рэкламныя кампаніі. Калі эфектыўна задзейнічаць хоць адзін з пералічаных вышэй рэсурсаў, то ў прынцыпе можна нават сумленна лічыць галасы.

Найбольш моцна пазіцыі крытыкаў інстытута рэферэндуму ўзмацніліся ў 1930-я гады, калі рэферэндумы для маскіроўкі сваёй рэпрэсіўнай палітыкі пачаў ладзіць рэжым нацыстаў. Сапраўды, Гітлер любіў праводзіць рэферэндумы. Усяго за сем гадоў — з 1932 па 1938, — у нацысцкай Германіі адбылося восем агульнанацыянальных рэферэндумаў. Прычым на іх вырашаліся самыя розныя пытанні міжнароднага і ўнутранага палітычнага жыцця.

Безумоўна, найважнейшы рэферэндум для Гітлера адбыўся 19 жніўня 1934 года, калі немцы прагаласавалі за аб’яднанне дзяржаўных пасадаў прэзідэнта (кіраўніка дзяржавы) і канцлера (кіраўніка ўрада). Галасаванне праводзілася ў сувязі са смерцю дзеючага прэзідэнта Германіі Паўля фон Гіндэнбурга (2 жніўня 1934 года) замест пазачарговых прэзідэнцкіх выбараў. У выніку за аб’яднанне вышэйшых дзяржаўных пасад прагаласавалі 89,93%, а супраць — 10,07%. Такі вынік дазволіў Гітлеру прыняць тытул «фюрэр і рэйхсканцлер».

Выбарчы бюлетэнь. Поле "супраць" адсутнічае. Фота wikipedia.org

Выбарчы бюлетэнь. Поле "супраць" адсутнічае. Фота wikipedia.org

Ёсць меркаванне, што такой «элегантнай перамогай» Гітлер абавязаны маніпуляцыям з паперамі нябожчыка Гіндэнбурга. Той, нібыта, пакінуў палітычны тастамент, у якім, як стары кайзераўскі вайсковец, прапаноўваў на пасаду прэзідэнта чальца дома Гогенцолернаў. Гэты дакумент нацысты схавалі і запусцілі інфармацыйную кампанію пра тое, што нябожчык бачыў на пасадзе пераемніка толькі Гітлера. Так ці інакш, любоў Гітлера да рэферэндумаў з’яўляецца непасрэднай прычынай таго, чаму пасля Другой сусветнай вайны ў ФРГ нельга праводзіць рэферэндумы на федэральным узроўні.

Звярталіся да рэферэндумаў і іншыя дыктатары. Напрыклад, Франсіска Франка, які на практыцы даказаў значэнне фармулёўкі пытання для правядзення такіх акцый. У 1947 годзе іспанцам прапанавалі адказаць на пытанне, ці падтрымліваюць яны пераход краіны ад дыктатуры Франка да канстытуцыйнай манархіі з умовай таго, што менавіта каўдыльё павінен назваць імя манарха і ў выпадку сваёй смерці перадаць таму краіну.

Такім чынам, удзельнік рэферэндуму трапляў у пастку. У выпадку галасавання за пераход краіны да нормаў канстытуцыйнай манархіі ён аўтаматычна падтрымліваў пажыццёвую дыктатуру Франка. Галасуючы супраць прапановы, ён выступаў за тое, каб пакінуць усё як ёсць, а дакладней — тую самую дыктатуру Франка. Тым не менш, надзея на дэмакратызацыю хаця б у аддаленай будучыні прывяла многіх на ўчасткі і дазволіла рэжыму атрымаць 94 працэнты «за». Шмат хто на Захадзе ўбачыў у гэтай лічбе відавочны доказ легітымнасці дыктатуры, з якой так ці інакш давядзецца мець справу.

Зрэшты, пры дыктатурах можна праводзіць рэферэндумы наогул без усялякіх дэкарацый. Так зрабіў дыктатар Фердынанд Маркас на Філіпінах у 1973 годзе. Рэферэндум быў унікальны ўжо таму, што ў краіне дзейнічала ваеннае становішча, а ў такіх умовах праходзіць усеагульнае «дэмакратычнае» галасаванне, — гэта ўжо нонсэнс. У ліку іншых пытанняў філіпінцам прапанавалі падтрымаць ідэю падаўжэння ваеннага становішча. Звычайныя ўчасткі для галасавання вырашылі замяніць лакальнымі сходамі грамадзян, якія павінны былі выказацца «за» або «супраць» шляхам узняцця рук. Зрэшты, журналісты пісалі, што ўлады нават паленаваліся праводзіць тыя сходы і адразу напісалі, што атрымалі на рэферэндуме 90,77 працэнта падтрымкі.

Нарэшце, аргументаў апанентам рэферэндумаў дадалі плебісцыты на постсавецкай прасторы. Для мясцовых кіраўнікоў усенародныя апытанні сталі любімым спосабам падаўжэння паўнамоцтваў без усялякіх выбараў. Усіх пераплюнуў незабыўны Туркменбашы Сапармурат Ніязаў, які ў 1994 годзе запытаў у народа санкцыю на тое, каб без выбараў правіць адразу да 2002 года. І, калі верыць мясцоваму ЦВК, увесь народ адгукнуўся на заклік любімага правадыра. Згодна з выніковым пратаколам, абсалютна ўсе (!) грамадзяне з правам голасу ў Туркменістане прыйшлі на ўчасткі. І з іх толькі 212 чалавек (0,1 працэнта!) выказалі нязгоду, а ўсе астатнія — 99,99 працэнта — сказалі Ніязаву «так».

Такім чынам, відавочна, што абяцаны ўладай рэферэндум без забеспячэння шматлікіх дэталяў — свабоды дэбатаў, празрыстасці падліку, свабоды сходаў і меркаванняў, — будзе ўспрымацца ў грамадстве неадназначна. Амаль як апошні рэферэндум у Расіі пра абнуленне тэрмінаў Пуціна, які прайшоў у час пандэміі і спарадзіў мноства анекдотаў. Кшталту такога: «З-за каранціну на рэферэндуме будзе пытанне пра тое, што Пуціну нельга пакідаць прэзідэнцкую пасаду».