Імпарт, які не менш важны за экспарт. Ці ўсё добра са знешнім гандлем?

Знешні гандаль сёння, па сутнасці, выцягвае эканоміку краіны, не дазваляючы ёй канчаткова зваліцца ў бездань. Аднак адначасова ён жа з'яўляецца мінай запаволенага дзеяння. Чаму так — папулярна тлумачыць тэлеграм-канал «Нашы грошы».

importozameshchenie_img.jpg


А яшчэ знешні гандаль быў і застаецца тэмай для мноства інфармацыйных спекуляцый. Нам расказваюць, што з ім усё добра. Але гэта няпраўда.

Знешні гандаль — гэта тое, што мы купляем і прадаём за мяжу. У ідэале важна вытрымліваць баланс гэтых складнікаў. Яшчэ лепш, калі мы прадаём больш, чым купляем. Менавіта такая сітуацыя цяпер і назіраецца ў Беларусі, на чым прапаганда і акцэнтуе ўвагу.

Нам кажуць: усё выдатна! Сальда знешняга гандлю станоўчае і дасягае рэкордных аб'ёмаў. На самой справе сутнасць таго, што адбываецца, заключаецца ў тым, што ў краіне падае экспарт (за 7 месяцаў гэтага года ён сышоў у мінус на 3,7%), але пры гэтым яшчэ больш падае імпарт (на 8,9%). Вось сальда і расце.

У дзяржаўных СМІ наўрад ці раскажуць, што падзенне імпарту, насамрэч, не меншая праблема для эканомікі. Таксама прапагандысты не захочуць раскласці знешні гандаль па складніках, таму што тады стане зразумела: кароль — голы. А мы раскладзём.

Тавары дзеляцца на «інвестыцыйныя», «прамежкавыя» і «спажывецкія». Паглядзім, што мы маем па выніках 7 месяцаў.

Спажывецкія тавары — усё тое, што купляюць, умоўна, у краме. Іх экспарт прырос на 14%, а імпарт упаў на 9%. У крамах становіцца ўсё менш еўрапейскіх тавараў. «Швейцарскі» шакалад, «італьянскія» макароны і «французскі» сыр, калі прыглядзецца, на самой справе зроблены ў Расіі ці Кітаі.

Што тычыцца экспарту, наша «малочка» і лядоўні сапраўды нядрэнна прадаюцца на расійскім рынку. Але не трэба цешыць сябе ілюзіямі: адбываецца гэта не з-за павышэння канкурэнтаздольнасці, а якраз наадварот — проста альтэрнатыва стала нашмат меншай.

Прамежкавыя тавары — гэта тое, што трэба вытворчасці ў выглядзе сыравіны і камплектуючых. У гэтым сектары на 12% упаў экспарт і на 7% — імпарт. У нас усё менш сыравіны і камплектуючых, у выніку некаторыя зборачныя вытворчасці могуць пачаць працаваць з перабоямі або зусім спыніцца. Цяжка сказаць, з чаго зроблены нашы пральныя машыны, тыя ж лядоўні, трактары і тэлевізары. Калі для іх вытворчасці патрэбны толькі кітайскія камплектуючыя (што малаверагодна), можна спадзявацца, што пакуль яны сяк-так, але будуць у наяўнасці. Але калі гэта дэталі з ЕС або ЗША, узнікаюць вялікія праблемы.

Інвестыцыйныя тавары — станкі і абсталяванне. Тут экспарт расце на 17%, але гэта, хутчэй за ўсё, значыць, што некаторыя прылады расіяне цяпер вымушаны купляць у Беларусі. Пры гэтым мы бачым каласальнае падзенне імпарту — на 24%. Адпаведна, беларускія вытворчасці толькі за 7 месяцаў страцілі чвэрць магчымасцей мадэрнізацыі або пашырэння. Успомнім, што наша «малочка», дрэваапрацоўка і іншыя галіны, якія паказвалі рэальныя вынікі, дасягнулі іх за кошт сучаснага абсталявання з Еўропы. Якога больш не будзе.

У аснове беларускага экспарту ляжаць прамежкавыя тавары (каля 57%), яшчэ траціну займаюць спажывецкія тавары. На долю інвестыцыйных прыпадае каля 13%. У імпарце карціна падобная, толькі доля прамежкавых тавараў вышэйшая — 69%, у той час як долі інвестыцыйных (8%) і спажывецкіх (23%) некалькі ніжэйшыя. Відавочна, што менавіта высокая залежнасць ад імпартнай сыравіны і камплектуючых будзе галоўным галаўным болем беларускай прамысловасці. Складанасці з інвестыцыйным імпартам выявяцца некалькі пазней.

photo_2022_09_20_11_30_34.jpg


Вобразна можна сказаць, што за дзень сённяшні адказваюць спажывецкія тавары. За тое, што будзе адбывацца праз тыдзень ці месяц — прамежкавыя. А за тое, што здарыцца праз год — інвестыцыйныя.

І калі сёння яшчэ можна «намаляваць» пазітыўную карцінку, то ў сярэднетэрміновай, а тым больш доўгатэрміновай перспектыве ўсё выглядае сумна. Бо калі мы хочам заваліць Расію нашымі таварамі або камплектуючымі, іх элементарна трэба на чымсьці вырабляць.

А магчымасцей падтрымліваць магутнасці, як паказвае падзенне інвестыцыйнага імпарту, будзе ўсё менш.