«Качка па-пекінску»: кітайскі прарыў ператворыцца ў правал?

З лічбамі ў беларускіх уладаў зноў праблемы.



kacka.jpg

«Мы калісьці марылі пра тое, каб дасягнуць тавараабароту ў 500 мільёнаў даляраў паміж дзвюма дзяржавамі. Сёння мы ўжо круцімся каля лічбы ў 3 мільярды. Гэта велізарны прагрэс», — заявіў Лукашэнка ў інтэрв'ю кітайскаму афіцыйнаму агенцтву «Сіньхуа» напярэдадні свайго візіту ў Пекін.
Вось толькі, калі раскласці ўсё па палічках, вымалёўваецца зусім не бліскучая для Беларусі карціна. Папярэдні візіт Лукашэнкі ў Пекін адбыўся ў 2010-м. Вось і паглядзім на знешнегандлёвую дынаміку за апошнія тры гады.

Экспарт Беларусі ў КНР


2010 г. – 475,8 млн даляраў
2011 г. – 636,6 млн даляраў
2012 г. – 433,6 млн даляраў


Гэта значыць па выніках мінулага года наш экспарт у Кітай абваліўся амаль у паўтара раза. Больш за тое, ён не дацягнуў нават да паказчыкаў двухгадовай даўніны.

 

Экспарт КНР у Беларусь



2010 г. - 1,683,4 млн даляраў
2011 г. – 2193,9 млн даляраў
2012 г. – 2367,9 млн даляраў


Выходзіць, што кітайскі экспарт у нашу краіну ўпэўнена расце, а з ім і адмоўнае для Беларусі сальда ў гандлі з Паднябеснай.
Чаму гэта адбываецца, гаварылася ўжо не раз. Проста канстатуем: фокус з таваразваротам крыецца ў тым, што Беларусь стала яшчэ адным рынкам для кітайскай прадукцыі. Не богведама якое дасягненне. А калі ўлічыць, што, напрыклад, якасць абсталявання, якое вырабляецца і пастаўляецца кітайцамі, выклікала нараканні нават у Сяргея Сідорскага ў бытнасць яго прэм'ер-міністрам, можна канстатаваць, наша краіна больш страчвае, чым выйграе, ад такога «стратэгічнага партнёрства».
Дарэчы, віцэ-прэм'ер Анатоль Тозік заявіў, што падчас цяперашняга афіцыйнага візіту Лукашэнкі ў КНР плануецца заключыць кантрактаў і пагадненняў на 1,5 мільярда даляраў. Сума нават па мерках Беларусі не ахці, а для Кітая наогул смешная. Дарэчы, падчас папярэдняга візіту Лукашэнкі ў Пекін былі завізаваныя праекты на 3,5 мільярда даляраў.
Але справа нават не ў тым, што на гэты раз сума аказалася ў два з лішнім разы меншай. Праблема ў іншым.
Міністр прамысловасці Беларусі Зміцер Кацярыніч падрабязна даў справаздачу ў Пекіне перад журналістамі пра тое, што можна запісаць у актыў нашай эканоміцы. Напярэдадні візіту заключаная дамова на пастаўку кар'ернай тэхнікі на 9 мільёнаў даляраў. Плануецца падпісаць кантракт на пастаўку ў Кітай БелАЗаў і запасных частак на 12 мільёнаў даляраў. Ужо ёсць дамовы на пастаўку 350 энерганасычаных трактароў, розных камбайнаў. Агульную суму Кацярыніч на той момант ацаніў у 70 мільёнаў даляраў.
Зразумела, што падчас візіту будуць падпісаныя і іншыя кантракты. Але на аснове сказанага можна прагназаваць, што беларусы прададуць кітайцам сваёй прадукцыі мільёнаў гэтак на 200 плюс-мінус. А ільвіная доля ад 1,5 мільярда - гэта тое, што КНР «уцюхала нам», яшчэ больш павялічыўшы адмоўнае знешнегандлёвае сальда Беларусі. Але пра гэта і Лукашэнка, і Тозік палічылі за лепшае змаўчаць.
А пераможныя рэляцыі пра «велізарны прагрэс» паходзяць на «качку па-пекінску». «Качку» не ў кулінарным, а ў журналісцкім сэнсе слова. На справе ж усё ідзе да таго, што чарговы «кітайскі прарыў» ператворыцца ў правал.
gazetaby.com