Мясніковіч: без росту экспарту будуць вялікія праблемы ў эканоміцы
Стымуляванне рэальнага сектару эканомікі і нарошчванне экспарту павінны стаць аднымі з галоўных прыярытэтаў у 2014 годзе. Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч 22 кастрычніка на пасяджэнні прэзідыума Саўміна, на якім разглядаліся праекты прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця, бюджэту і асноўныя кірункі грашова-крэдытнай палітыкі на будучы год. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе ўрада.
Дадзеныя праекты ўжо абмяркоўваліся на пашыраным пасяджэнні Савета міністраў, падчас якога было прынята рашэнне падтрымаць падыходы, прадстаўленыя міністэрствам фінансаў, мінэканомікі і Нацыянальным банкам. "Разам з тым былі выказаны пэўныя заўвагі і прапановы, накіраваныя ў першую чаргу на тое, каб стымуляваць развіццё рэальнага сектару эканомікі і падтрымаць экспартную канкурэнтнасць. Без нарошчвання экспарту ў нас могуць быць вялікія праблемы ў эканоміцы", — адзначыў Міхаіл Мясніковіч.
З моманту разгляду прагнозных параметраў у канцы жніўня на пасяджэнні Саўміна ацэнка росту эканомікі краіны і сітуацыя на знешніх рынках зазнала змены, з улікам якіх для збалансаванасці сітуацыі і фармавання ўмоў для доўгатэрміновага эканамічнага росту ў сярэднетэрміновай перспектыве быў прыняты план канкрэтных мер па стабілізацыі эканомікі, адзначыў Мікалай Снапкоў. Паводле яго слоў, "асноўныя меры плана сканцэнтраваны на пераходзе да эфектыўнага крэдытаванні эканомікі, захаванні прынцыпу апярэджання росту прадукцыйнасці працы над ростам заработнай платы, аптымізацыі дзяржпадтрымкі". Ён дадаў, што ў аснову карэкціроўкі прагнозу на 2014 год легла суразмернасць фінансавых магчымасцяў з патрэбамі эканомікі ў наступным годзе.
Рост ВУП, па разліках мінэканомікі, у 2014 годзе прагназуецца на ўзроўні 2,4% супраць раней прагназаваных 5,7%. Паказчык па прыцягненні прамых замежных інвестыцый усталяваны ў аб'ёме 2,5 мільярда долараў. Тэмп росту паказчыка экспарту тавараў і паслуг ў 2014 годзе, згодна з праектам указу "Аб важнейшых параметрах прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2014 год", вызначаны на ўзроўні 107,2%. На думку міністра эканомікі Мікалая Снапкова, нарошчванне экспарту з'яўляецца галоўным фактарам росту эканомікі краіны. Канкурэнтаздольнасць прадукцыі і выкарыстанне фінансавых інструментаў стане асновай павышэння прадукцыйнасці працы і росту заработнай платы.
"На бягучы момант у прагнозе 2014 года перагледжаны ўзровень інфляцыі да 14,5% (снежань да снежня). Гэта абумоўлена рэалізацыяй у плане стабілізацыі задачы па скарачэнні перакрыжаванага і бюджэтнага субсідавання і павышэння ўзроўню кампенсацыі насельніцтвам затрат на жыллёва-камунальныя паслугі да 50%, а таксама ростам коштаў на транспарт", — дадаў Мікалай Снапкоў.
Па словах кіраўніка ведамства, асноўнай мэтай сацыяльна-эканамічнага развіцця ў 2014 годзе застанецца павышэнне прадукцыйнасці працы, выручкі на аднаго занятага і заработнай платы на аснове мадэрнізацыі вытворчасці і аптымізацыі арганізацыйна-эканамічных інстытутаў.
Мінэканомікі прапануе максімальна скараціць спіс прагнозных паказчыкаў у наступным годзе, каб сканцэнтраваць дзеянні дзяржорганаў на дасягненні важнейшых параметраў, якія з'яўляюцца падмуркам збалансаванага развіцця эканомікі. "Ідэалогія прагнозу — адмова ад прывядзення вялікай колькасці мэтавых паказчыкаў", — адзначыў Мікалай Снапкоў. "Іх пералік будзе мінімальным , арыентаваны на стымуляванне мадэрнізацыі вытворчасцяў, рост дабаўленай вартасці, нарошчванне экспарту і прыцягненне прамых замежных інвестыцый", — растлумачыў міністр эканомікі.
На рэгіянальным узроўні мяркуецца пакінуць такія асноўныя мэтавыя паказчыкі, як валавы рэгіянальны прадукт, рост рэальных грашовых даходаў, прамыя замежныя інвестыцыі і ўвод жылля.
Вялікая ўвага па-ранейшаму будзе надавацца стварэнню новых прадпрыемстваў. "Асноўнай задачай з'яўляецца стварэнне новых прадпрыемстваў, умоў для развіцця астатніх эканамічных агентаў краіны", — удакладніў міністр. Для гэтага спатрэбяцца меры, накіраваныя на стварэнне інстытуцыйнага асяроддзя, што шмат у чым прадугледжана ў плане сумесных дзеянняў урада і Нацбанка па структурным рэфармаванні і павышэнні канкурэнтаздольнасці эканомікі краіны, зацверджаным 10 кастрычніка гэтага года.
Згодна з праектам прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, у 2014 годзе плануецца ўвесці ў эксплуатацыю 2,5 мільёна квадратных метраў жылля за кошт усіх крыніц фінансавання.
Міністр эканомікі адзначыў, што хоць прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2014 год не забяспечвае дасягненне шэрагу колькасных паказчыкаў пяцігодкі, ён дазваляе выйсці на якасныя мэты развіцця (перш за ўсё рост даходаў насельніцтва) і такім чынам знаходзіцца ў рэчышчы патрабаванняў кіраўніка дзяржавы. Важным аспектам з'яўляецца і тое, што прагноз–2014 прадугледжвае ўлік памылак мінулых гадоў. "У сувязі з гэтым асноўная задача 2014-га — нівеляваць тыя дысбалансы, якія склаліся ў нас. У тым ліку, пачынаючы з перакрыжаванага субсідавання і прапорцыі заработная плата / прадукцыйнасць працы", — адзначыў Мікалай Снапкоў.
Ён таксама лічыць, што прагноз кансерватыўны: "У выпадку дадатнай тэндэнцыі і змены знешніх умоў развіцця сусветнай эканомікі і краін-асноўных партнёраў прагноз можа быць больш аптымістычным і пры неабходнасці перагледжаны з улікам вынікаў работы краіны, сусветнай эканомікі за першае паўгоддзе".
Па выніках пасяджэння прэм'ер-міністр адзначыў, што згодны з агульнымі падыходамі фармавання бюджэту на 2014 год. Пры гэтым Міхаіл Мясніковіч лічыць, што ў будучым годзе неабходна рэзкае зніжэнне стаўкі рэфінансавання.
Кіраўнік урада даручыў у найбліжэйшы час дапрацаваць праекты бюджэту і прагнозаў сацыяльна-эканамічнага развіцця на будучы год. У дакументах павінны быць адлюстраваны падыходы, якія забяспечваюць развіццё эканомікі краіны.
Як паведамляў Тэлеграф, на пасяджэнні прэзідыума Саўміна міністр эканомікі Мікалай Снапкоў адзначыў, што намінальная сярэднямесячная зарплата беларусаў ў 2014 годзе можа дасягнуць 628 долараў у эквіваленце. Гэтая лічба закладзеная ў прагнозе сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі. Характэрна, што раней ён жа абяцаў сярэднямесячную зарплату ў 700 даляраў ужо ў 2013 годзе.