Не карміце чужога вытворцу

Ці бульбяны край Беларусь? На гэта і іншыя пытанні адказвае намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце РУП «Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па бульбаводству і агароднінаводству» Вадзім Маханько.

bulba_800x532.jpg

— На пачатку 1990-х гадоў пасевы бульбы ў дзяржаўным і прыватным сектары былі прыкладна аднолькавыя: каля 350 тысяч гектараў у калгасах і саўгасах. І столькі ж на прысядзібных і дачных участках. Беларусь тады атрымлівала каля 10 мільёнаў тон бульбы, з іх 1 мільён ішоў на экспарт. А зараз?

— Цяпер і ў грамадскім сектары, і ў прыватным разам засяваецца толькі каля 350 тысяч гектараў. Такім чынам, мы маем палову ад таго, што было раней.

Па-першае, вёска старэе, стала значна менш тых, хто традыцыйна засяваў па 20–30 сотак, а то і да гектара бульбы. Другая прычына ў тым, што вырошчваць бульбу становіцца ўсё даражэй. І большая частка насельніцтва лічыць: лепей купляць яе ў буйнога вытворцы праз краму ці рынак.

Па-трэцяе, працягваецца канцэнтрацыя вытворчасці. І калі ў мінулыя часы бульбу вырошчвалі ўсе калгасы — хоць па 20–30 гектараў, але ўсе… То сёння гэтым займаюцца толькі асобныя СВК (сельскагаспадарчыя вытворчыя кааператывы), але на плошчах ад 200 да 1000 гектараў. Адзначым — для беларускіх гаспадарак тысяча гектараў — гэта надта шмат.

dranikland_1__1.jpg

Вялікі ўплыў мела прынятая ў краіне праграма развіцця бульбаводства, падмацаваная вялізнымі дзяржаўнымі інвестыцыямі. Палепшылася ўсё: кадры, інфраструктура, тэхніка, гатункі, насенне…

У выніку валавая вытворчасць за мінулы год, пры болей чым у два разы меншых плошчах, склала каля 7 мільёнаў тон. З іх каля 300 тысяч тон пайшло на экспарт. У асноўным у Расію.

— Беларусь гандлюе бульбай толькі з Расіяй?

— Так, у асноўным з Расіяй. Справа ў тым, што ў межах саюзнай дзяржавы дзейнічае спрошчаны дакументаабарот — што важна і для вытворцаў, і для пакупнікоў.

Акрамя таго, з 2000 года ўвоз клубневага матэрыялу на тэрыторыю ЕС забаронены. Да нас можна везці. Да іх — не. Яны абараняюць свайго фермера. У Францыі толькі такая правінцыя, як Брэтань, можа пракарміць 10 Францый усімі прадуктамі харчавання.

Дарэчы, зараз і ў ЕС не ўсё проста. Вось Польшча прыняла еўрапейскія патрабаванні да бульбы. За што і пацярпела. Раней у краіне было 5 буйных насенняводчых станцый. Засталося дзве. У 1991 годзе ў Польшчы 20% плошчаў бульбы займалі іншаземныя гатункі, а 80% польскія. Цяпер — 80% нямецкія і галандскія, 20% польскія.

vadzim_mahanko.jpg

Вадзім Маханько


— Дарэчы, пра гатункі… Раней праблемай беларускага бульбаводства лічыўся недахоп якасных уласных гатункаў. А цяпер?

— У рэестры Беларусі зараз 45 сваіх гатункаў плюс 25 расійскіх. Але ў Галандыі, напрыклад, каля 150 уласных, нямецкіх і амерыканскіх. У Германіі болей за 200, Расіі — каля 400, у Францыі — больш за 300 гатункаў…

— Вялікая колькасць гатункаў — паказчык лепшага развіцця галіны?

— Не, зусім не! Бо ў кожнай краіне 75–80% плошчаў займаюць 10–12 асноўных гатункаў. У нас гэта 12 гатункаў, якія размешчаны на 70–80 працэнтах плошчаў. З іх 10 беларускіх, 2 замежных. Першае месца займае гатунак «Скарб». З розніцай у паўпрацэнта — «Брыз». Далей галандскі «Рэд Скарлет»…

А яшчэ, вялікая колькасць гатункаў — гэта і вялікія выдаткі.

— Беларусь у СССР лічылася па бульбе «наперадзе планеты ўсёй». Але, паводле апошніх дадзеных, расіяне зараз крочылі далей за нас: у спецыялізацыі, вытворчасці, і асабліва ў перапрацоўцы…

— У нас няма такіх буйных прыватных аграхолдынгаў, якія ёсць у Расіі, што маюць ад 2 000 да 15 000 гектараў толькі бульбы. Вось вам — канцэнтрацыя вытворчасці! А чым вышэй канцэнтрацыя, тым ніжэй сабекошт.

Далей — перапрацоўка. У Расію прыйшлі буйныя міжнародныя кампаніі па вытворчасці чыпсаў, у тым ліку «Пепсіко», «Фрыталэй» — вакол іх ствараецца ўласная сыравінная зона.

Але ёсць і тое, у чым мы пайшлі крыху далей за расіян — гэта стварэнне новых гатункаў і насенняводства. Дзяржавай укладзены вялікія грошы — і вынік ёсць. Калі ў мінулым годзе Расія атрымала 7 мільёнаў мініклубняў (існуе такі паказчык у насенняводстве), то мы — 3 мільёны. Давайце супаставім тэрыторыі — у нас, па нашых тэрыторыях, у выніку, болей.

kartoshka_.jpg


Наступны момант: Расія, дзякуючы вялізнаму прыватнаму капіталу, за апошнія два гады ў асноўным забяспечыла сябе бульбай уласнай вытворчасці. Таварная бульба з іншых краін купляецца ў мізэрных колькасцях. Прычым, не проста сталовая бульба, а толькі павышанай якасці. У мінулым годзе звычайная бульба каштавала ў Расіі 10 рублёў за кілаграм, сярэдняй якасці 30–40, вышэйшай — 90–100…

Увогуле, краіны, якія займаюцца вытворчасцю бульбы, сёння перайшлі на продаж па кулінарных тыпах — ABCD. У тым ліку: A — кулінарны тып бульбы, якая не разварваецца, D — вельмі моцна разварваецца… І на ўпакоўцы абавязкова ўказваецца кулінарны тып, назва гатунку, пералік страў, якія з дадзенага тыпу бульбы можна прыгатаваць. У Беларусі ніхто з вытворцаў пакуль што так не працуе.

— І ў выніку што мы можам сказаць пра стан галіны ў Беларусі?

— Я б назваў яго станам перманентных перамен. Перамен недзе да аптымізацыі, недзе да паляпшэння. Недзе, магчыма, ёсць і рэгрэс… Але адназначна можна сказаць — галіна развіваецца. Мяняюцца наша свядомасць, нашы адносіны да бульбы. Ну, напрыклад, — ці можна было ўявіць сабе 20 гадоў таму, што ўся наша таварная бульба будзе запакаваная ў сеткі? Сёння ніхто з табой не будзе размаўляць, калі вытворца не выкарыстоўвае нармальную упакоўку. Прычым, аптовы пакупнік замаўляе не толькі, скажам, вагу і аб’ём сеткі, але і гатунак бульбы, колер.

— Раней слабым месцам у Беларусі заўсёды была перапрацоўка…

— У пэўнай ступені і застаецца. Бо асноўны прадукт перапрацоўкі бульбы ў нас — крухмал. У краіне сёння 10 крухмальных заводаў, у тым ліку мы пабудавалі 3 новыя. Адзін у Пружанскім раёне пабудаваны на кітайскія інвестыцыі і працуе па кітайскіх тэхналогіях. Другі — «Друць» у Бялыніцкім раёне — зноў жа, кітайскія крэдыты, абсталяванне і тэхналогіі. Але самы, так бы мовіць, шыкоўны крухмальны завод — «Рагозніца» ў Мастоўскім раёне, які працуе па шведскай тэхналогіі. Гэта, вобразна кажучы, «Ролс-Ройс» у свеце абсталявання па вытворчасці крухмалу.

Будаўніцтва новых прадпрыемстваў звязана таксама з тым, што перад намі стаяла (і стаіць дагэтуль) праблема якасці. Бо ў Беларусі, амаль заўсёды, на перапрацоўку ў крухмал ідуць адходы бульбы, ці тыя аб’ёмы, што вытворца не змог рэалізаваць. А гэта, амаль заўсёды, нізкаякасны прадукт. Што дрэнна, бо кан’юнктура рынка спрыяльная — у Расіі попыт на крухмал расце. Крухмал з ЕС больш якасны, але ён надта дарагі. І мы павінны заняць тое месца, што займала прадукцыя Еўрасаюзу. Таму непазбежна трэба павышаць якасць.

145010379616546981.jpg


А крухмал — гэта сінтэтычныя фарбы, лакі, пластык… Між іншым, ні адзін карабель НАСА не мог бы ўзляцець без выкарыстання крухмалу з бульбы. Таму што ён выкарыстоўваецца для вытворчасці пэўных катэгорый ізалятараў правадоў.

Раней попытам у Расіі карысталася сухое бульбяное пюрэ, але зараз у іх пабудаваны свае заводы. Рэалізаваць нашу прадукцыю стала складана.

Рэстараны «Макдональдс», якія працуюць у Беларусі, нашу бульбу не прымаюць — яны выкарыстоўваюць толькі паўфабрыкат. А ў польскіх Катавіцах пабудаваны завод, які забяспечвае бульбай фры Польшчу, Чэхію, Славакію, усе краіны Балтыі, Беларусь і нават частку Расіі.

Але я хацеў бы падкрэсліць: сітуацыя ў галіне дае падставы для аптымізму. Да таго ж, не магу не адзначыць вельмі важны фактар: пры сучасным узроўні вытворчых адносін, адзін заняты ў сельскай гаспадарцы чалавек забяспечвае працай яшчэ да 18 жыхароў краіны. Гэта транспарт, перапрацоўка, гандаль… Такім чынам, калі мы займаемся бульбай па ўсім тэхналагічным цыкле — ад насенняводства да перапрацоўкі і гандлю — мы кормім нашых 18 чалавек. Калі купляем чужую бульбу ці хаця б толькі насенне — кормім чужога вытворцу.