Сярэдні заробак беларусаў у верасні працягнуў зніжацца

Сярэдні заробак у Беларусі зніжаецца другі месяц запар. Да гэтага ён рос на працягу паўгода.

denhi_e1542788155966.jpg

Паводле звестак Белстата, у верасні сярэдняя зарплата склала 1 264,5 рубля, што на 11,9 рубля менш, чым у жніўні. У рэальным выражэнні з папраўкай на інфляцыю сярэдні заробак вырас на 7,1% у параўнанні з аналагічным месяцам мінулага года.
Ва ўсіх абласцях сярэдняя зарплата перавышае 1000 рублёў, а ў палове рэгіёнаў — за 1 100 рублёў. Самы высокі паказчык адзначаны ў Мінску. Сярэдні заробак у сталіцы склаў 1 780,8 рубля, у рэальным выразе ён вырас на 9,3%. Найбольш нізкі заробак у Магілёўскай вобласці. Ён склаў 1 036 рубля і вырас за год у рэальным выражэнні ўсяго на 4,7%.
Зарплатныя лідары па галінах не мяняюцца. У жніўні сярэдняя зарплата ў IT склала 5 503,3 рубля, што ў рэальным выражэнні на 26% больш, чым год таму. На другім месцы зарплата работнікаў пасажырскага паветранага транспарту. Яна склала 2 832,8 рубля, што ў рэальным выражэнні на 13,2% менш, чым год таму. Трэцяе месца — у работнікаў грузавога авіятранспарту. Тут сярэдняя склала 2 690,4 рубля, што на 44,7% больш, чым у мінулым годзе.
Самая нізкая зарплата, паводле даных статыстыкі, у работнікаў цырульняў і салонаў прыгажосці. Яна складае 593,3 рубля, што ў рэальным выражэнні на 6,2% менш. чым год таму. Далей стаіць від дзейнасці «творчая дзейнасць і забавы». Тут сярэдняя скарацілася за год на 3,6% у рэальным выражэнні, а ў намінальным склала 679,6 рубля. Зарплата бібліятэкараў, архівістаў, музейных работнікаў у верасні склала 714,7 рубля, што ў рэальным выражэнні на 3,8% больш, чым у леташнім верасні.
Сярэдні заробак у адукацыі ў верасні склаў 851,5 рубля, а ахове здароўя — 1 104,5 рубля, у будаўніцтве — 1455,3 рубля, апрацоўчай прамысловасці — 1 331,7 рубля, сельскай, лясной і рыбнай гаспадарцы — 962,9 рубля .
reform.by