У сярэднім беларусы трацяць у магазіне 150 тыс. рублёў
Сярэдні чэк у большасці гандлёвых арганізацый у другім квартале 2013 года не перавышаў 150 тыс. рублёў. Такія звесткі атрыманыя падчас кан’юнктурнага апытання кіраўнікоў арганізацый рознічнага гандлю, праведзенага Навукова-даследчым эканамічным інстытутам (НДЭІ) Мінэканомікі ў другім квартале 2013 года.
У 18% апытаных сума сярэдняга чэка была ў дыяпазоне 150–249 тыс. рублёў, у 9% — 500 і больш тысяч рублёў.
«Абарот рознічнага гандлю і аб’ём продажаў у натуральным выражэнні ў другім квартале 2013 года павялічваўся. Яго рост адзначылі больш як палова рэспандэнтаў, якія
ўдзельнічалі ў кан’юнктурным апытанні, памяншэнне аб’ёмаў рэалізацыі мела месца ў 23% выпадкаў», — гаворыцца ў справаздачы НДЭІ Мінэканомікі па выніках
апытання.
Паводле даных афіцыйнай статыстыкі, рознічны тавараабарот гандлю праз усе каналы рэалізацыі ў першым паўгоддзі 2013 года склаў 115,9 трлн. рублёў і павялічыўся на 19,2% у дачыненні да
аналагічнага перыяду 2012-га.
Паводле меркавання экспертаў, значны рост рознічнага тавараабароту абумоўлены павелічэннем даходаў насельніцтва. Спецыялісты Мінэканомікі канстатуюць, што зарплаты ў Беларусі растуць
апераджальнымі тэмпамі.
«У студзені-чэрвені 2013 года намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата работнікаў у цэлым па рэспубліцы склала 4.770,9 тыс. рублёў, ці 550,5 долара ЗША, і павялічылася
ў параўнанні з адпаведным перыядам 2012 года на 45,8%. Гэты паказчык вышэйшы за тэмпы росту, прадугледжаныя прагнозам на 2013 год (124,7%), у тым ліку ў чэрвені — 5.159,9 тыс. рублёў, ці
590,5 долара ЗША (павелічэнне ў параўнанні з чэрвенем 2012 года на 37,3%)», — гаворыцца ў паведамленні Мінэканомікі.
Даныя афіцыйнай статыстыкі пацвярджаюць, што рост зарплат апярэджвае тэмпы росту прадукцыйнасці працы.
Беларускія эканамісты мяркуюць, што працяг такой тэндэнцыі будзе прыводзіць да павелічэння аб’ёмаў спажывецкага імпарту, а таксама да зніжэння канкурэнтаздольнасці айчынных
прадпрыемстваў на знешніх рынках.
БелаПАН