322-гі дзень вайны. Што здарылася за ноч?

Пацвярджэнняў, што Саледар захоплены РФ, няма. Расіяне працягваюць акопвацца ў Херсонскай вобласці, а ў часова акупаваным Крыме актыўна вярбуюць наймітаў у прыватныя ваенныя кампаніі. Што яшчэ здарылася за ноч?

photo_2023_01_12_01_42_56.jpg

У Херсоне з самай раніцы чуваць выбухі

У Херсоне і сёння раніцай таксама неспакойна. Мясцовыя жыхары чуюць выбухі ў горадзе.

«Чутны выбухі ў Херсоне», — пішуць мясцовыя Telegram-каналы. Аднак афіцыйных каментароў па сітуацыі ў горадзе пакуль няма.

Між тым першы намеснік кіраўніка Херсонскай абласной рады Юрый Сабалеўскі паведаміў аб рэкордных абстрэлах за мінулыя суткі. «90 абстрэлаў за апошнія суткі. Оркі ўчора пайшлі на рэкорд. Агонь адкрываўся зноў па жылых кварталах, медыцынскіх установах», — напісаў ён і заклікаў мясцовых жыхароў да эвакуацыі.

Кіраўнік АВА Яраслаў Янушэвіч паведаміў, што ў Херсонскай вобласці за мінулыя суткі з-за расійскіх абстрэлаў загінуў адзін чалавек, яшчэ пяцёра атрымалі раненні.

Сёння ноччу ў Херсоне таксама гучалі выбухі. А ўчора ў выніку чарговага абстрэлу расіян быў пашкоджаны будынак Херсонскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Начны абстрэл Запарожжа. На шчасце, ахвяр і параненых няма.

Уначы расіяне ўдарылі ракетамі па адным з раёнаў Запарожжа. Пашкоджаны прыватныя жылыя дамы і аб'екты інфраструктуры. Паводле папярэдніх даных, людзі не пацярпелі, паведаміў кіраўнік АВА Аляксандр Старух.

У гарсавеце таксама паказалі наступствы ракетнага ўдару па Запарожжы.

«У выніку ўдару пашкоджанні і разбурэнні атрымалі дамы аднаго з прыватных сектараў», — распавёў у Telegram сакратар Запарожскага гарадскога савета Анатоль Курцеў.

Курцеў адзначыў, што на месцах ужо працуюць камунальнікі.


У Данецкай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў загінуў адзін мірны жыхар — у Параскавееўцы, паведаміў кіраўнік АВА Павел Кірыленка.

Генштаб Украіны агучыў арыенціровачныя страты арміі РФ на раніцу 12 студзеня: асабовага складу — каля 113 990 чалавек (+430 ліквідавана за мінулыя суткі).

За мінулыя суткі падраздзяленні сіл абароны адбілі атакі арміі РФ у раёнах населеных пунктаў Стэльмахоўка і Крамянная на Луганшчыне і Радолаўка, Соль, Чырвоная Гара, Параскавееўка, Падгароднае, Бахмут, Кляшчыеўка, Маёрск, Першамайскае і Краснагораўка Данецкай вобласці, паведамляе Генштаб Украіны ў ранішняй зводцы.

Паблізу населенага пункта Радзенск Херсонскай вобласці расіяне пабудавалі сетку акопаў і бліндажоў з марскіх кантэйнераў, якія да гэтага выкарыстоўваліся пад палявы шпіталь.

У Крыме абвешчаны набор наймітаў у зноў створаныя так званыя прыватныя ваенныя кампаніі «Шчыт» і «Русіч». Туды запрашаюць былых вайскоўцаў і іншых супрацоўнікаў сілавых структур, у прыярытэце — афіцэры. Каб хоць неяк зацікавіць наймітаў, патэнцыйным кандыдатам абяцаюць высокую аплату. Акрамя таго, ім кажуць, што іх нібыта не будуць прыцягваць да баявых дзеянняў ва Украіне.

Амерыканскі інстытут вывучэння вайны (ISW) мяркуе, што назначэнне Герасімава і агульная рэструктурызацыя камандавання, імаверна, часткова маюць на мэце прадэманстраваць як на міжнароднай арэне, так і ўнутры Расіі вернасць Крамля традыцыйным сілавым структурам Мінабароны, гатоўнасць Пуціна весці працяглую вайну ва Украіне і аднавіць наступальныя аперацыі.

Акрамя таго, на думку аналітыкаў, узвышэнне Герасімава і Мінабароны РФ над Суравікіным, фаварытам Прыгожына і фракцыі сілавікоў, верагодна, з'яўлялася часткова палітычным рашэннем, каб пацвердзіць першынство Мінабароны РФ ва ўнутранай барацьбе за ўладу.

Брытанская выведка лічыць, што змена кіраўніцтва ваеннай кампаніяй Расіі ва Украіне сведчыць аб выкліках, перад якімі паўстае РФ у дасягненні сваіх мэт. На думку аналітыкаў, назначэнне начальніка Генштаба камандуючым тэатрам ваенных дзеянняў «з'яўляецца паказчыкам усё большай сур'ёзнасці сітуацыі, перад якой стаіць Расія, і выразным прызнаннем таго, што кампанія не адпавядае стратэгічным мэтам Расіі».

Эксперты прагназуюць, што гэты крок, верагодна, вельмі незадаволена сустрэне вялікая частка расійскай ультранацыяналістычнай і ваеннай блогерскай супольнасці, якая ўсё часцей абвінавачвае Герасімава ў правалах у вайне. Суравікін жа атрымаў шырокую падтрымку гэтай супольнасці за адстойванне больш рэалістычнага падыходу. Паколькі цяпер ён намеснік камандуючага, яго аўтарытэт і ўплыў амаль пэўна значна зменшыўся, лічыць разведка.

ЗША і Японія прынялі сумесную заяву, у якой асудзілі дзеянні РФ і паабяцалі і далей падтрымліваць Украіну. Падтрымка Украіны і супрацьдзеянне расійскай агрэсіі сталі адной з асноўных тэм пасяджэння Кансультатыўнага камітэта ЗША — Японія па бяспецы.

Польшча дасць украінскім абаронцам танкі «Leopard», а Вялікабрытанія — танкі «Challenger».

Учора прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў, што хоча сфарміраваць кааліцыю з некалькіх краін, якія таксама перададуць Украіне танкі — такім чынам можна будзе стварыць вялікае танкавае падраздзяленне. Ён спадзяецца, што такое падраздзяленне, узброенае тэхнікай па стандартах НАТА, зможа стварыць «сур'ёзную блакаду, жалезную сцяну для расійскай агрэсіі супраць Украіны».

Аднак спікер нямецкага ўрада Штэфен Гебештрайт заявіў, што планы Лондана паставіць Украіне танкі «Challenger 2» не змянілі пазіцыі нямецкага ўрада, які да гэтага часу адпрэчваў заклікі да Берліна перадаць Кіеву нямецкія танкі «Leopard 2».

Амерыканскі інстытут вывучэння вайны (ISW) паведамляе, што абаронна-прамысловая база РФ не здольна пераадолець дэфіцыт боепрыпасаў. У сувязі з гэтым Расіі будзе вельмі праблематычна падтрымліваць наступальныя аперацыі на ўсходзе Украіны ў 2023 годзе. Аналітыкі нагадалі, што, згодна з заявамі амерыканскіх і ўкраінскіх чыноўнікаў, штосутачная інтэнсіўнасць артылерыйскага агню расіян паменшылася на 75%, што з'яўляецца мінімумам з 24 лютага 2022 года.

РФ вычарпала свае запасы 122-мм і 152-мм калібру і іншыя рэзервы летам 2022 года, бо меркавала, што празмерныя артылерыйскія атакі прывядуць да больш хуткіх вынікаў. Цяпер жа яна павінна перакідваць дадатковыя снарады з тылавых раёнаў і закупляць дадатковыя боепрыпасы ў замежных дзяржаў.

Расійскае пастаяннае прадстаўніцтва анансавала пасяджэнне СБ ААН па Украіне 17 студзеня, тэма пасяджэння не раскрываецца.

ЗША працягнуць вылучаць Украіне новыя маштабныя пакеты дапамогі, якія забяспечаць яе перамогу ў супрацьстаянні расійскай агрэсіі, заявіла прэс-сакратарка Белага дома Карын Жан-П'ер: «ЗША будуць працягваць стаяць разам з Украінай столькі, колькі спатрэбіцца, і мы былі вельмі выразнымі і паслядоўнымі ў гэтым пытанні. Мы хутка рухаемся і падтрымліваем Украіну інструментамі, неабходнымі для перамогі ў гэтай вайне».

Падчас баёў за Саледар былі забіты двое грамадзян Вялікабрытаніі — Эндру Бэгшоу і Крыстафер Пэры. Пра гэта заявіў Прыгожын і апублікаваў фота іх дакументаў. Паводле яго інфармацыі, цела аднаго з брытанцаў было знойдзена, пры ім былі выяўлены дакументы яшчэ і другога брытанца. Раней Нацпаліцыя Украіны паведамляла пра тое, што брытанскія валанцёры раніцай 6 студзеня выехалі з Краматорска ў Саледар, пасля чаго сувязь з імі знікла.

Літва перадасць Украіне зенітныя ўстаноўкі «L70», паведаміў прэзідэнт Гітанас Наўседа. Па яго словах, устаноўкі і боепрыпасы да іх паступяць у бліжэйшы час. На вайсковую падтрымку Украіны ў бюджэце Мінабароны Літвы ўжо прадугледжана 40 млн еўра. Акрамя таго, Літва навучае ўкраінскіх жаўнераў, аднаўляе і рамантуе ўкраінскую вайсковую тэхніку.