979-ы дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: Фронт у Данбасе «пасыпаўся»?

Сітуацыя на фронце ў Данецкай вобласці ўскладнілася праз недахоп боепрыпасаў, узбраення і людзей, а таксама «разбалансавання кіравання», заявіў украінскі генерал Дзмітрый Марчанка.

Украінскія вайскоўцы на лініі фронту ў Данецкай вобласці. Фота: Diego Herrera Carcedo / Anadolu / picture alliance

Украінскія вайскоўцы на лініі фронту ў Данецкай вобласці. Фота: Diego Herrera Carcedo / Anadolu / picture alliance

Расійская армія ў кастрычніку захапіла больш за 470 кв. км на ўсходзе Украіны. Гэта стала найбольшым прыростам тэрыторыі з сакавіка 2022 года, піша Die Welt. Так, толькі на мінулым тыдні расейцам удалося захапіць 196 кв. км.

Армія РФ ужо знаходзіцца за 2,5-3 км ад Купянска, горад бесперапынна руйнуюць КАБамі, паведаміў начальнік гарадской ваеннай адміністрацыі Андрэй Бяседзін. 

Генерал УСУ Марчанка: Украінскі фронт пасыпаўся?

Узброеныя Сілы Украіны працягваюць губляць пазіцыі ў Данецкай вобласці па меры прасоўвання расійскіх войскаў, якія ўжо практычна захапілі горад Селідава.

Пра гэта заявіў у відэаінтэрв'ю экс-дэпутату Вярхоўнай рады Барыславу Бярозе генерал-маёр УСУ Дзмітрый Марчанка. Ягоныя словы прыводзяць украінскія СМІ, піша dw.com.

«Усе мы ведаем, я не адкрыю ваенную таямніцу, калі скажу, што фронт у нас пасыпаўся. На жаль, у Селідава ўжо зайшлі «оркі» (так многія ўкраінцы называюць расійскіх вайскоўцаў.  І там замацоўваюцца. Я думаю, што ў бліжэйшы час яны абыдуць яго колам і захопяць цалкам, што дасць ім тактычны выхад на Пакроўск. Гэта вельмі для нас дрэнна», — заявіў Марчанка, які займае пасаду кіраўніка Галоўнага ўпраўлення развіцця і суправаджэння матэрыяльнага забеспячэння УСУ.

Ён назваў тры прычыны такой сітуацыі на фронце: «Па-першае, гэта недахоп боепрыпасаў, узбраенняў. Па-другое, гэта людзі: няма людзей, няма папаўненняў. Людзі вельмі стаміліся, яны ўжо проста не выцягваюць тыя франты, на якіх знаходзяцца. Па-трэцяе, гэта разбалансаванне кіравання (украінскімі войскамі. — Рэд.)».

«Тое, што цяпер адбываецца, я скажу, што так не павінна быць дакладна», — рэзюмаваў генерал-маёр, які з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну і да 6 красавіка 2022 года паспяхова кіраваў абаронай горада Мікалаева.

УС РФ прасунуліся ў раёне пяці населеных пунктаў

Расійскім войскам удалося прасунуцца ў Наваселідаўцы, Богаяўленцы, Кацярынаўцы, каля Вострага і Шахцёрскага Данецкай вобласці, паведаміў у сваім Telegram-канале 29 кастрычніка ўкраінскі OSINT-праект DeepState.

Напярэдадні аналітыкі DeepState пацвердзілі, што горад Гарняк у Пакроўскім раёне заняты расійскімі войскамі. Пра тое, што УС РФ акупавалі Гарняк, раней пісалі расійскія праваенныя блогеры. Яны таксама сцвярджалі, што войскі РФ найбліжэйшым часам зоймуць ці ўжо занялі Селідава. 

Навіны вайны

Вярхоўная Рада Украіны падтрымала законапраекты аб падаўжэнні дзеяння ваеннага становішча і ўсеагульнай мабілізацыі на 90 дзён — да 7 лютага 2025 года.

Украіна плануе мабілізаваць яшчэ 160 тысяч чалавек, заявіў сакратар РНБА Аляксандр Літвіненка падчас выступу ў Вярхоўнай Радзе. Паводле яго, гэта дазволіць укамплектаваць вайсковыя часткі да 85%. Усяго ў склад сіл абароны было прызвана 1 млн 50 тысяч грамадзян Украіны.

straty_rf_29_10_2024.jpg
  • Супрацьпаветраная абарона Украіны ноччу знішчыла 26 з 48 расійскіх беспілотнікаў (тыпу Shahed і неўстаноўленага тыпу) У Кіеўскай, Чаркаскай, Вінніцкай, Жытомірскай, Хмяльніцкай, Сумскай, Чарнігаўскай і Палтаўскай абласцях. Яшчэ 20 варожых дронаў лакацыйна страчаныя, адзін вярнуўся ў Расію, паведамілі ў паветраных сілах УСУ. Акрамя таго, ноччу РФ нанесла ўдар балістычнай ракетай Іскандэр-М па Крывым Рогу.
  • Раніцай расійскія войскі атакавалі Херсон, адзін чалавек паранены, паведаміла АВА. Ноччу войска РФ атакавала таксама Станіслаў — пацярпелі чатыры чалавекі, з іх двое дзяцей. Акрамя таго, позна ўвечары 28 кастрычніка расійскае войска атакавала з беспілотніка жыхароў Антонаўкі і брыгаду экстранай медыцынскай дапамогі, якая прыбыла на выклік. У выніку атакі загінуў лекар, параненыя фельчар і трое мясцовых жыхароў. Усяго за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў у вобласці два чалавекі загінулі, 16 атрымалі раненні, з іх двое дзяцей.

  • Ноччу расіяне нанеслі ўдар КАБ па Харкаву — чатыры чалавекі загінулі, двое пацярпелі, паведаміў кіраўнік АВА Алег Сінягубаў. Разбураны дом, пашкоджаны 19 прыватных дамоў. Акрамя таго, колькасць пацярпелых у выніку ўчорашняга ўдару па будынку Дзяржпрама ў цэнтры Харкава ўзрасла да дзевяці. Пашкоджаны трэці паверх будынка, а таксама рэабілітацыйнае аддзяленне абласной клінічнай бальніцы, два жылыя дамы, будынак апеляцыйнага гаспадарчага суда, дзве навучальныя ўстановы, памяшканне банка, установы харчавання.

  • У Данецкай вобласці за 28 кастрычніка ў выніку расійскіх абстрэлаў загінуў адзін чалавек — у Мірнаградзе. Яшчэ два чалавекі ў вобласці за суткі атрымалі раненні, паведаміў кіраўнік АВА Вадзім Філашкін.

  • Увечары 28 кастрычніка расіяне нанеслі ракетны ўдар па Крывым Рогу — адзін чалавек загінуў, 14 пацярпелі, паведаміў кіраўнік АВА Сяргей Лысак. У горадзе пашкоджана 11 шматкватэрных дамоў, клініка, школа, адмінбудынак.

  • Уначы расіяне атакавалі Кіеў дронамі, усе яны былі нейтралізаваныя, паведаміў кіраўнік КГВА Сяргей Папко. У Саломенскага раёне ў выніку падзення абломкаў адбылася разгерметызацыя газавай трубы на фасаднай частцы дзевяціпавярховага жылога дома, з-за чаго загарэлася крама і аўтамабілі. Пажар быў ліквідаваны, але пацярпелі шэсць чалавек. У Святошынскім раёне абломкі выбілі шкло ў трохпавярховым адміністрацыйным будынку, інфармацыя аб пацярпелых не паступала.
straty_vojska_rf_29_10_2024.jpg

Украінскі Генштаб агучыў прыкладныя страты РФ па стане на раніцу 29 кастрычніка:

асабовага складу — каля 692 080 (+1360) чалавек,

танкаў — 9129 (+9),

баявых браніраваных машын — 18 404 (+9),

артылерыйскіх сістэм — 19 917 (+45),

РСЗА — 1241 (+1),

БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 17 939 (+72),

аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 27 749 (+89),

спецыяльнай тэхнікі — 3566 (+10).


ukrainskija_saldaty_na_linii_fronta_na_danetczyne.webp