«Аб'яднаемся вакол Кіева!» — Мітрапаліт Епіфаній звярнуўся да святароў УПЦ МП

Кіраўнік Праваслаўнай Царквы Украіны заклікаў «маскоўскіх» святароў пераходзіць да яго.

epifanij.jpg

Раней мітрапаліт Епіфаній ужо звяртаўся з такім заклікам, але ў гэты раз ён упершыню адкрыта ўказаў на тое, што кіраўнік РПЦ патрыярх Кірыл блаславіў вайну супраць украінцаў, паведамляе ВВС.

«Аб'яднаемся вакол Кіева, аб'яднаемся ў памеснай Праваслаўнай Царкве Украіны! Не чакайце, пакуль з Масквы вам дадуць дазвол ці параду — ракеты і бомбы, якія з хлуслівым дабраславеннем кіраўніка РПЦ Кірыла цяпер скідаюць на вас расійскія вайскоўцы, ужо з'яўляюцца адказам «рускага свету». Гэтым адказам з'яўляюцца вашы абстраляныя, спаленыя, знішчаныя храмы. Гэтым адказам з'яўляецца маўчанне Кірыла (у адказ) на злачынствы расійскага войска ў Марыупалі, Харкаве, Чарнігаве, у дзясятках іншых гарадоў і вёсак Украіны», — заявіў Епіфаній.

Некаторыя біскупы УПЦ МП пасля пачатку вайны блаславілі святароў сваіх епархій на тое, каб не памінаць патрыярха Кірыла ў канцы набажэнстваў — гэта крайняя форма выказвання пратэсту супраць царкоўнай палітыкі, даступная звычайнаму святару.