Ад пачатку вайны супраць Украіны за антываенныя акцыі ў Беларусі затрымалі мінімум 1,5 тысячы чалавек
З 24 лютага — дня пачатку агрэсіі Расіі супраць Украіны — за ўдзел у антываенных акцыях у Беларусі затрымалі самае меншае 1,5 тысячы чалавек, паведамляюць праваабаронцы.

Большасць затрыманых улады пераследуюць у адміністрацыйным парадку, але супраць некаторых заводзяць і крымінальныя справы.
«Беларусаў кідаюць за краты за запуск балонікаў, адзенне і сімволіку ў блакітна-жоўтых колерах, за кветкі каля ўкраінскай амбасады і за гукавы сігнал падчас мітынгу», — зазначаюць праваабаронцы.
Самыя масавыя антываенныя акцыі па ўсёй краіне прайшлі 27 і 28 лютага. За два дні ў Беларусі было затрымана больш за 1,1 тысячы чалавек, пры гэтым за кратамі з іх апынуліся як мінімум 630.
Акцыі адбываліся як у сталіцы, так і ў рэгіёнах. Вядома пра пратэсты ў 27 гарадах, сярод іх і зусім невялікія: Дрыбін, Докшыцы, Шуміліна, Ушачы, Талачын.
Згадаем толькі некалькі абсурдных выпадкаў са справаздачы, за якія людзі былі пакараныя.
Адна з жыхарак Гомеля апынулася за кратамі за тое, што «фатаграфавалася на лаўцы, выконваючы жоўта-сінюю гаму».
У Полацку 27 лютага на выбарчым участку затрымалі 54-гадовага Сяргея Хлебадара. Прычына — блакітна-жоўты шалік. На думку міліцыянтаў, мужчына такім чынам паўдзельнічаў у «несанкцыянаваным пікетаванні». Сяргея арыштавалі на 15 сутак.
У вёсцы Дрыбінскага раёна актывіста руху «За свабоду» Андрэя Юркова арыштавалі за заклік да малітвы за ўкраінцаў. Ён зрабіў відэазапіс з заклікам і выклаў яго на сваёй старонцы ў «Аднакласніках». Падчас суда мужчына віну не прызнаў. Вынік — 7 сутак арышту.