Адвакаты д’ябла

А што ў Расіі? Ці намагаецца хто сказаць гучнае «Не вайне!», ці спрабуе хто, кажучы па-руску, «образумить» Пуціна? — разважае на старонках «Народнай Волі» Міхась Скобла.

advakaty_djabla_fota.jpg.webp

Вайна ва Украіне, як на рэнтгенаўскім апараце, высвеціла і паказала ўсе метастазы страшнай хваробы, на якую даўно і безнадзейна хварэе расійская інтэлігенцыя. Гэтая смяротная і, як паказаў час, невылечная хвароба ў розны час называлася па-рознаму, сёння яна дыягнастуецца як «русский мир». Нахабны, агрэсіўны і ваяўнічы, ён распаўзаецца, як ракавая пухліна, паўсюль, куды пускаюць. А калі не пускаюць — усё роўна лезе сляпіцаю, сілаю і гвалтам, едзе на танках і ляціць на бамбавозах, забіваючы без разбору ўсіх падрад (крылатыя ракеты перад прызямленнем рэферэндумаў не праводзяць).

Увесь цывілізаваны свет ужо асудзіў гэту вайну — самую жудасную і маштабную пасля Другой сусветнай. Увесь свет праз сваіх прадстаўнікоў у ААН назваў і заклікаў да адказнасці падпальшчыка вайны — пуцінскую Расію. Увесь свет дапамагае чым можа Украіне — прымае мільёны бежанцаў, прадастаўляе абарончую зброю, абвяшчае эканамічныя санкцыі краіне-агрэсару.

А што ў самой Расіі? Ці намагаецца хто сказаць гучнае «Не вайне!», ці спрабуе хто, кажучы па-руску, «образумить» Пуціна? На жаль, нешматлікія галасы такіх смельчакоў (а яны прагучалі) заглушаюцца прапагандысцкай «артылерыяй», якая малоціць па галовах расіян без перадыху.

У гэтай мазгадрабільнай кананадзе гучаць і звароты расійскіх пісьменнікаў — гуртам і ўраздроб. «Литературная газета» нядаўна апублікавала пісьменніцкі адкрыты ліст, пад якім падпісаліся каля трохсот майстроў пяра. Атрымаўся гэткі сабе калектыўны advocatus diaboli (адвакат д’ябла). Бо як па-іншаму можна назваць людзей, якія цалкам, без агаворак апраўдваюць крывавую захопніцкую вайну?

Чытаючы той крывадушны, ганебны зварот, я мусіў раз-пораз спыняцца — нават мае звыклыя да ўсялякай прапагандысцкай хлусні вочы адмаўляліся ўспрымаць надрукаванае. Як быццам Оруэл пасяліўся ў чэхаўскай палаце №6.

«Специальная военная операция, проходящая сейчас в Донбассе и некоторых частях Украины, направлена на то, чтобы в Европе установился мир. Стравливание славян между собой недопустимо. Мы, россияне, не хотим никого ни с кем стравливать! Русские не начинают войну, русские обычно ее заканчивают».

Слухайце, Еўропа ад вашага «мира» ўжо трэці тыдзень як разварушаны вулей, вайну еўрапейцы бачаць практычна ў жывым эфіры, каму вы локшыну на вушы вешаеце?

А хто «стравливает славян»? Хто загадаў дваццацігадоваму Вані з Яраслаўля ехаць на танку пакараць Чарнігаў і Кіеў, каб на паўдарозе загінуць ад гранаты раззлаванага Грыцька?

«Русские не начинают войну…» Дык а хто яе пачаў? Не натаўскі ж генерал. Ды і згаданы Грыцько не абстрэльваў Бранск з Растовам. Ён бароніць сваю зямлю, сваю сям’ю, сваю краіну якраз ад рускіх крыважэрных прыхадняў.

Адвакатам д’ябла на старонках той жа «Литературной газеты» выступіў і яе былы рэдактар, а цяпер старшыня Расійскай асацыяцыі драматургаў пісьменнік Юрый Палякоў. Гэты ў адрозненне ад сваіх «литсобратьев» асабліва не крывадушнічае, выкладвае сваю імперскую дактрыну, не накідваючы на яе маскіровачных сетак: «Наши воины отдают свои жизни во имя будущего большого народа (я имею в виду триединство: русские, украинцы, белорусы). Мы обязаны сохранить в своей политической и экономической орбите отторгнутые куски Русского мира и земли исторически неразделимых с нами народов, а потом создать условия для их воссоединения с материковой Россией».

Калі пераказаць гэта велягурыстае выказванне больш простай мовай, то атрымаецца прыблізна так: «Бульбашам і хахлам месца ў падпечку вялікай рускай печы, а будуць вылазіць без дазволу — качаргой па нагах і жару на галовы».

Так яно ўжо і адбываецца — Беларусь сядзіць з перабітымі нагамі, а Украіне з вогненнай пашчы той печы сыплюцца на галаву палаючыя галавешкі, а вочы выядае куродым. І ў куродыме тым чуецца, як з таго свету, голас расійскай маці, якой далі пагаварыць з палоненым пад Кіевам сынам: «Ты же не виноват, Ванечка… ты же за родину воюешь, сынок».

У эфіры ўкраінскіх тэлеканалаў прагучалі ўжо дзясяткі падобных тэлефонных дыялогаў, і ніводная маці не выказалася супраць злачыннай у вачах усяго свету пуцінскай вайны. І іх сыны аддаюць свае маладыя жыцці за нейкую абстрактную «родину», якая прытрызнілася царку за крамлёўскай сцяной. І ў імя той прытрызненай «родины» забіваюць сваіх украінскіх раўналеткаў, лупяць «градамі» па школах і радзільнях, бамбардуюць жылыя кварталы Харкава і Ірпеня. Як гэта ўвогуле можна апраўдваць?! З кім вы, майстры культуры, — з Богам ці з д’яблам? Калі зірнуць на рэчы цвяроза — атрымліваецца, што з д’яблам.

Былы начальнік крамлёўскага пратакола са знакавым прозвішчам Шаўчэнка ўспамінаў, штó зрабіў Пуцін, як толькі стаў кіраўніком Расіі. Ён загадаў пасадзіць прэзідэнцкі верталёт проста пасярод Крамля. Дрыжалі званіцы старажытных храмаў, калаціліся куранты на вежы, упала і разбілася люстра ў адным з залаў. А ён вылазіў, задаволены, з таго пазначанага двухгаловым арлом верталёта.

Сёння дрыжыць і калоціцца паў-Еўропы. І ўся Еўропа спалохана і з надзеяй глядзіць на таго ж украінскага Грыцька са «стынгерам»…