БЧБ і Перамога. Пяць беларускіх класікаў-франтавікоў, якія прыязна ставіліся да нацыянальнага сцяга

Шмат гадоў беларускія ўлады, дзяржаўны агітпрап і асабіста Аляксандр Лукашэнка апантана дэманізуюць нацыянальную сімволіку — бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». Да кафкіянскага абсурду справа дайшла пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020-га, калі людзей затрымлівалі проста за «няправільныя» бела-чырвоныя колеры — шкарпэтак, скрынкі ад тэлевізара LG альбо сцяга Японіі.

1__6__11.jpg

АнтыБЧБшныя наратывы рэжыму даўно вядомыя. Учапіўшыся за тое, што падчас Вялікай Айчыннай вайны асобныя нацыянальныя згуртаванні выкарыстоўвалі сцяг пад нямецкай акупацыяй, лукашэнкаўцы максімальна гіпербалізавалі гэтыя факты. І цяпер прапаганда распавядае, што пад «фашысцкай сімволікай» гітлераўскія паліцаі спальвалі беларускія вёскі, калабаранты расстрэльвалі мірных жыхароў дый наогул якіх толькі жахаў не рабілі.

Гісторыкі ды сведкі вайны даўно ўжо зняпраўдзілі ўсю гэтую няхітрую прапаганду. Расказалі, што нацыянальныя сцягі луналі падчас нямецкай акупацыі ў Літве і Латвіі, ва Украіне, Францыі і Бельгіі — і гэта аніяк не перашкодзіла іх сённяшняму афіцыйнаму статусу. Дадалі, што і пад расійскім трыкалорам асобныя батальёны ваявалі супраць Чырвонай арміі. Узгадалі, што цяперашні Андрэеўскі сцяг з’яўляецца сімвалам ваенна-марскога флоту РФ, хаця падчас ВАВ яго выкарыстоўвала армія рэнегата Уласава. Ды зрабілі выснову: ганіць БЧБ-сцяг за падзеі вайны — гэта тое ж самае, што абвінавачваць хрысціянскі крыж за інквізіцыю, паляванне на ведзьмаў і крыжовыя паходы.

Бел-чырвона-белы сцяг — гэта найперш гістарычны сімвал Беларусі, яго, у прыватнасці, уздымалі падчас абвяшчэння незалежнасці БНР у 1918 годзе. Ён не вінаваты ў тым, што недзе нейкія людзі неяк не так ім скарысталіся.

Адметна, што гэта добра разумелі і непасрэдныя ўдзельнікі Вялікай Айчыннай, ветэраны вайны — напрыклад, народныя беларускія пісьменнікі, да якіх варта прыслухоўвацца як да маральных аўтарытэтаў. Мы вырашылі ўзгадаць пяцёх такіх выбітных літаратараў, хаця іх, канечне, было істотна болей.


Васіль Быкаў



hm1bk4cjbue.jpg


Пайшоў на фронт у 18 гадоў, у 1942-м. Неўзабаве атрымаў званне малодшага лейтэнанта. Ваяваў ва Украіне, у Малдове, Румыніі, Венгрыі, Балгарыі, Югаславіі, Аўстрыі. Падчас Кіраваградскай аперацыі атрымаў два раненні, яго лічылі загінулым.

У 1945-м атрымаў Ордэн Чырвонай Звязды, потым яшчэ шмат узнагарод.

ВАВ стала галоўнай тэмай у творчасці Васіля Быкава. Яскравы прадстаўнік «лейтэнанцкай прозы», пісьменнік разглядаў вайну праз прызму чалавечых лёсаў і страшнага маральнага выбару, які людзям прыходзілася рабіць тады ледзьве не штодзень.

Пасля распаду СССР беларускі класік выступаў паслядоўным прыхільнікам ідэй незалежнасці, быў сярод заснавальнікаў «Беларускага народнага фронту». Будучы знаным крытыкам Лукашэнкі, у сярэдзіне 1990-х адправіўся ў палітычную эміграцыю. Намініраваўся на Нобелеўскую прэмію.

Вярнуўся ў Беларусь за месяц да смерці, моцна хворым. Хавалі знакамітага празаіка, сапраўднага класіка і мастака сусветнага ўзроўню пад бел-чырвона-белым сцягам, які ён вельмі паважаў.

Адносна нападак уладаў на сцяг неяк трапна сказаў: паліцаі насілі порткі, то нам цяпер варта адмовіцца ад портак?..


Алесь Адамовіч

adamovich_6.jpg


Шальмуючы бел-чырвона-белую сімволіку, лукашэнкаўцы часам раяць паглядзець вядомы фільм «Иди и смотри». Маўляў, бачыце, што рабілі гітлераўскія карнікі пад вашым сцягам. І хаця ў той знакамітай стужцы няма БЧБ, адэптаў рэжыму гэта не бянтэжыць. Але цікава, што б яны адказалі, калі б нехта ў іх спытаў: а нічога, што сцэнар да таго кіно напісаў «бэнээфавец»?

«Бэнээфаўцам» тым быў Алесь Адамовіч, а для здымак фільма рэжысёра Элема Клімава ён адаптаваў сваю кнігу «Я з вогненнай вёскі…»

Вайну будучы пісьменнік сустрэў падлеткам, але ўжо ў 15 гадоў стаў спачатку партызанскім сувязным, а потым паўнавартасна ўступіў у атрад, меў узнагароды.

На момант распаду СССР Алесь Адамовіч жыў у Маскве, але падтрымліваў стварэнне БНФ і ініцыятывы партыі, скіраваныя на нацыянальнае адраджэнне. Уваходзіў у беларускі ПЭН-цэнтр.


Максім Танк

tank_10.jpg


Глядзіце ў будучыню смела!
Настаў доўгачаканы час.
Пад сцягам бел-чырвона-белым
Чакае перамога нас.

Гэтыя радкі Максіма Танка шмат цытавалі падчас пратэстаў у 2020-м. Так, паэт напісаў той верш яшчэ ў 1930-м, калі жыў у Заходняй Беларусі, якая ўваходзіла ў склад Польшчы. Аднак ад знакамітых радкоў ён ніколі не адракаўся.

Вайну ён прайшоў карэспандэнтам газеты «За Савецкую Беларусь», якую рэдагаваў Міхась Лынькоў. Быў узнагароджаны Ордэнам Айчыннай вайны.

Пасля Перамогі жыў і працаваў у Мінску. Мілагучныя, высока эстэтычныя вершы зрабілі Максіма Танка класікам беларускай літаратуры яшчэ пры жыцці.

Калі Беларусь стала незалежнай, народнаму паэту было ўжо амаль 80 гадоў. Ён не быў заўважаны ў палітычнай актыўнасці, але шанаваў бел-чырвона-белы сцяг, выступіў супраць вынікаў рэферэндуму 1995-га і моцна перажываў за стан беларускай мовы.


Янка Брыль



bryl.jpg


Другую сусветную вайну Янка Брыль сустрэў яшчэ ў 1939-м — у складзе польскай арміі, куды быў прызваны з Заходняй Беларусі. Маючы грэнадзёрскі рост, ваяваў у марской пяхоце. Патрапіў у палон, адкуль збег і далучыўся ўжо да савецкіх партызан.

Да распаду Савецкага Саюза заставаўся беспартыйным, праз што незласліва кпіў з калег-камуністаў. «Брыль быў настаўнікам для нас, маладых: вучыў не хістацца на палітычных вятрах», — успамінаў класіка Рыгор Барадулін.

Вышэй згаданую кнігу «Я з вогненнай вёскі…» Алесь Адамовіч напісаў у суаўтарстве з Янкам Брылём і Уладзімірам Калеснікам. Зразумела, што аўтараў яднала і стаўленне да беларускай незалежнасці і яе сімвалаў.

У маленькім эсэ «У сцягах нашых многа святла», напісаным напрыканцы 1990-х, Брыль згадаў адзін з мітынгаў тых часоў. «Добра было таксама прысесці на сходках шырознага ганка Палаца спорту, побач з незнаёмым мужчынам, у руцэ якога старчма стаяў высока i светла наш бела-чырвона-белы…» Эсэ заканчваецца словамі: «Малітвенны настрой душы: дай Бог выжыць, каб без слязы ў душы сказаць, што Яна, Беларусь, жыве».


Пімен Панчанка

panchanka.jpg


У час вайны будучы слынны беларускі паэт працаваў карэспандэнтам у франтавых газетах «За свабодную Беларусь», «Партызанская дубінка», «Гераічны штурм». Быў на Бранскім, Калінінскім і Паўночна-Заходнім франтах. У 1943-м быў узнагароджаны медалём «За баявыя заслугі».

За савецкім часам быў на добрым рахунку ва ўладаў, але перажываў, што цэнзары псуюць яго творы. У 1988-м ухваліў стварэнне «Беларускага народнага фронту» і ўвайшоў у аргкамітэт БНФ. Тады ж, у перабудовачныя часы, прадбачыў расійскі вялікадзяржаўны шавінізм у прароцкім вершы «Развітанне».

З-пад пяра Пімена Панчанкі выйшлі і такія радкі: «На прускага ката за вёску і хату кліч помсты народнай заве. Ідуць у атаку лясныя салдаты, грукочуць гранаты, грымяць аўтаматы — жыве Беларусь! Жыве!»
Некаторыя лічаць, што верш «Партызанскі марш» належыць беларускаму класіку, хаця насамрэч ён толькі зрабіў пераклад — аўтарам твора з’яўляецца рускі паэт Аляксей Суркоў.

Пімен Панчанка памёр увесну 1995-га і паводле звычаю тых часоў быў пахаваны пад бел-чырвона-белым сцягам.


Замест пасляслоўя

Яны ваявалі, мелі светлы розум і вялікі талент, былі сумленнем нацыі і не былі нікім ангажаванымі. І пры гэтым прыязна ставіліся да нацыянальных сцяга і герба, якія цяпер актыўна ачарняюцца рэжымам і яго служкамі. І, канечне, яны былі такія не адны — спіс беларускіх інтэлектуалаў з сімпатыямі да БЧБ-сімволікі доўгі, і яго можна працягваць.

Каму верыць: пісьменнікам і інтэлектуалам альбо дзяржаўнай прапагандзе — пытанне рытарычнае.

У рэшце рэшт, Перамогу і свята 9 траўня шанавалі і тады, калі бел-чырвона-белы сцяг быў дзяржаўным. І неяк не ўзгадваецца, каб «сапраўдныя ветэраны» і простыя людзі ладзілі з гэтай нагоды шматтысячныя пратэсты супраць «фашысцкіх сімвалаў» у святы для ўсіх дзень.

Якім быў Дзень Перамогі ў бел-чырвона-белыя часы, можна паглядзець на гэтым відэа.