Дзяўчаты з бел-чырвона-белымі парасонамі на вуліцах Вільні (фота)

Сёння, 7 траўня, на шпацыр з бел-чырвона-белымі парасонамі выйшлі беларускі Вільні.

parasony6.jpg

Шпацыр прайшоў пад антываенным лозунгам у падтрымку флэшмобу «Дзяўчаты супраць вайны» #я_гуляю_не_вайне! Яго абвясцілі беларускія дзяўчаты Адэсы, калі выйшлі на шпацыр падчас вайны.

Шпацыр у Вільні адбыўся таксама і на знак салідарнасці з мінскімі дзяўчатамі, што ў вельмі небяспечных умовах выходзілі на вуліцы з бел-чырвона-белымі парасонамі.

parasony8.jpg

Дзяўчаты, што гулялі па Вільні з бчб-парасонамі, адзначылі:

«Мы салідарныя з беларускім ды ўкраінскім змаганнем супраць цемры, што навісла над нашымі краінамі, і жадаем падтрымаць добрых нязломных людзей, якія цяпер знаходзяцца ў Беларусі пад прыгнётам дыктатуры і ва Украіне церпяць ад тэрору расійскіх акупантаў альбо хаваюцца ад маскальскіх бомбаў ды ракет.

Мы сэрцам поруч і верым у перамогу дабра, любові ды справядлівасці!

Нельга здавацца! Святло пераможа цемру!

Жыве Беларусь!

Слава Украіне!»

Легендарныя шпацыры дзяўчат з бчб-парасонамі распачаліся напрыканцы жніўня 2020 года ў Мінску і былі адной з формаў пратэсту супраць беззаконня ды гвалту.

Дзяўчаты з парасонамі на вуліцах горада натхнялі беларусаў на змаганне і дэманстравалі нязломнасць духу нават у цёмныя часы, калі махавік рэпрэсіяў ужо працаваў напоўніцу.