Беларусь, якая чакае. Улаўскі трохкутнік

Новая замова ад нашага сталага чытача дзіўным чынам супала з адным з ужо запланаваных месцаў для вандроўкі, побач з якім, як баравікі, месцяцца яшчэ тры цікавосткі. Усе яны знаходзяцца побач з малавядомай рачулкай Ула на паўднёвым захадзе Віцебшчыны і ствараюць амаль правільны трохкутнік з вугламі ў Лепелі, Чашніках і Бешанковічах. Але ў самі гэтыя «вуглы» нам пакуль не трэба. Зацікавіліся? Паехалі!

_belarus_hubina_kascjol_final_2025_fota_novy_czas__1_.jpg

Прабіраючыся скрозь ранішнюю цемру і вільготны туман, высвятляецца, што ва ўсёй гэтай прыроднай вакханаліі вінаваты наш фатограф. Ён, як грунтоўны і прадбачлівы валацуга, на пачатку снежня набыў новую зімовую вопратку і абутак, якія цяпер чакаюць свайго часу ў шафе. А час усё не настае і, вельмі верагодна, не настане да будучай зімы (калі яна яшчэ будзе!). Адразу ўсім становіцца лягчэй, бо галоўнае ж — знайсці вінаватага і зусім добра, калі гэта не ты сам. Так вось і даехалі да першага пункту прызначэння нашай вандроўкі, дзе аказалася, што гэта, згодна плану, павінен быць апошні пункт. Навігатар нешта пераблытаў, але ж нічога страшнага! Так апошнія становяцца першымі і сёння мы пачынаем з Браздзецкай Слабады, што зусім побач з Чашнікамі.

Аб праваслаўнай царквы святога Мікалая ў невялічкай вёсцы Браздзецкая Слабада вядома зусім няшмат. Хутчэй за ўсё, пабудавана яна была мяжы ХІХ-ХХ стагоддзяў у форме крыжа, але што і як з ёй адбылося потым — невядома. У савецкія часы да 1990 году тут месціўся калгасны склад, а потым будынак быў закінуты. Дах адсутнічае, толькі на месцы званіцы захавалася нейкае падабенства драўлянага купалу, якое выглядае вельмі хістка. Нягледзячы на гэта, над былым уваходам у храм месціцца ікона да і ўнутры ёсць прыкметы таго, што хтосьці з мясцовых жыхароў спрабуе неяк падтрымаць апошні дрыготкі агеньчык жыцця ў даўно забытай царкве. 

Далейшы шлях ляжыць у вёску Свяча да рэшткаў царквы Найсвяцейшай Багародзіцы. Яшчэ на пад’ездзе бачна, што гэтую царкву спрабуюць аднавіць – беласнежны купал моцна кантрастуе з агульным выглядам царквы. Побач месцяцца невялічкія новая царквушка і званічка, дзе адбываюцца набажэнствы падчас рэстаўрацыі старога храму.

Царква ў Свячы была адчынена ў 1895 годзе, але аніякіх сведчанняў аб ёй мы не знайшлі. Відавочна, што яе лёс падобны на сотні іншых храмаў — зачыненне, разрабаванне ды павольнае руйнаванне. Роля дзяржавы — ніабчымны кавалак металу з дзяжурнымі словамі аб «гістарычнай каштоўнасці» і толькі мясцовыя жыхары за свае грошы намагаюцца неяк аднавіць помнік. Можна толькі пажадаць ім поспеху на гэтым складаным шляху.

Зусім недалёка, праз некалькіх кіламетраў, ад Свячы месціцца вёска Слабодка, дзе нас чакае яшчэ адзін праваслаўны храм, які таксама змагаецца з часам і лёсам. Царква Святога Мікалая, як і ўжо наведаныя намі сёння, была пабудавана на мяжы ХІХ-ХХ стагоддзяў. Некаторыя лічаць, што ўсе яны неяк звязаны паміж сабой — ці праектамі, ці будаўнікамі. Дакладных сведчанняў няма.

Руйнуючыйся будынак умоўна агароджаны, але прабрацца за плот не з’яўляецца нечым звышскладаным, тым больш што з аднаго боку наш фатограф угледзеў праход унутр храму. Відавочна, што царкву рыхтавалі да нейкіх работ – унутры няма смецця, а пры падрыхтоўцы да вандроўкі мы не раз чыталі, што там нават былі будаўнічыя лясы, якіх зараз няма.

Зусім побач з храмам знаходзяцца могілкі, на мяжы якіх побач з дарогай ляжаць два цікавых і таямнічых старадаўніх надмагілля. А яшчэ можна наведаць бераг возера Чорнае — яно ў некалькіх дзясятках метрах ад царквы. Маляўнічае месца. Нават такой зімой, як гэта!

А мы рушым далей у вёску Маріцнава да царквы Покрыва Найсвяцейшай Багародзіцы, якая была адчынена ў 1906 годзе. У 1930-е гады на хвалі барацьбы з рэлігіяй была зачынена. Вядома гісторыя аб тым, што падчас Другой сусветнай вайны падаючы самалёт збіў купал з крыжом і ўпаў у раку побач. Цікава, што і ў гэтым храме можна заўважыць клопат кагосьці з мясцовых жыхароў – дзверы зачынены на замок, амаль няма смецця побач, і непадалёк ляжаць накрытыя будматэрыялы.

Калі хто наважыцца завітаць сюды, то вельмі раім абіраць больш-менш сухое надвор’е — дарога ў гэты даволі глухі куток не вельмі добрая і на звычайным аўто можна нечакана захраснуць. А месца тут вельмі прыгожае! Папіць гарачай гарбаты сярод такой прыгажосці – сапраўдная каштоўнасць жыцця.

Гарбата гарбатай, а ў нас наперадзе сапраўдная перліна сённяшняй вандроўкі – рэшткі касцёла Святога Антонія ў вёсцы Губіна. Магутны прыгажун з’явіўся ў Губіне (у той час менавіта такую назву мела мястэчка) у 1714 годзе на сродкі тагачаснага ўладальніка Яна Пакаша, які меў тут радавую сядзібу. Пазней быў прыбудаваны двухпавярховы францысканскі кляштар і ўвесь ансамбль меў форму крыжа. Дзіўным чынам касцёл перажыў рэпрэсіі 1830-х і 1860-х гадоў і на пачатку ХХ стагоддзя колькасць ягоных наведвальнікаў складала 1815 чалавек.

У 1929 годзе касцёл быў зачынены і да 1942 году ў ім месціўся вясковы клуб, а потым увогуле свіран. Цягам Другой сусветнай вайны будынак храму не пацярпеў і мог бы дачакацца болей светлых часоў, але ў 1962 годзе мясцоваму калгасу тэрмінова спатрэбілася цэгла для кароўніка. Мы знайшлі сведчанні мясцовага жыхара, які на свае вочы бачыў разбурэнне гэтага выбітнага помніка. Вось яго ўспаміны, ад якіх стыне кроў і знікаюць прыстойныя словы:

«Цагельні “Раўнянка” тады яшчэ не было. Каб здабыць дэфіцытны будматэрыял, вырашылі разбурыць касцёл. Калгас у той час сябраваў з бароўскімі вайскоўцамі, якія дапамагалі касіць сена. Па просьбе старшыні яны прыгналі магутны танк-цягач. Мы з сябрамі смяяліся: што гэта за танк, калі на ім няма гарматы. Салдаты перакінулі шнур з грузам цераз сцяну, потым перацягнулі дрот, а за яго – трос.

Цягач зароў на ўсю моц, нацягваючы трос. Сцяна зверху адламалася і разам з крыжам рухнула ўніз. Потым колькі ні закідвалі трос, ніводнага кавалка не адламалі. Ды і як маглі адламаць, каля цэгла была ручнога вырабу, змацаваная растворам на вапне і яйках, таўшчыня сцен болей за метр.

Адламаны кавалак кіркамі ледзь разабралі. Цэглу завезлі ў Паземшчыну, склалі некалькі слупоў. Але гэтага было мала. Тады вырашылі даламаць касцёл сваімі сіламі.

Калгас атрымаў моцныя на той час дызельныя трактары на гусеніцах. Зачалілі трос і падчапілі да счэпкі з чатырох трактароў. Натоўп жанчын кляў трактарыстаў. Але старшыня махнуў рукой. Трактары пацягнулі трос, і вялікі праём сцяны паляцеў уніз. Кавалак муру дыяметрам болей за метр пераляцеў цераз адзін трактар і пляснуўся перад перадам. Трактарыст вылез з кабіны белы бы палатно і больш за рычагі не сеў. Адмовіліся парушаць тэхніку бяспекі і іншыя трактарысты.

Зноў разабралі на цэглу адламаныя глыбы, адвезлі на будоўлю. Але і другой партыі не хапіла. Старшыня паехаў дамаўляцца з вайскоўцамі. Праз нейкі час салдаты прыцягнулі вялікі кампрэсар і пачалі нешта дзяўбці ў сцяне якраз насупраць вакон школы. Якія там урокі! Ніхто не слухаў настаўніцу, бо і без таго вучыцца не хацелася — май на двары.

На наступны дзень заняткі адмянілі. Прыехалі шмат салдат і камандзіраў. Сабралі каля канторы вяскоўцаў, сагналі нас, падшыванцаў, з дахаў, вывелі за аселіцу, а вёску ачапілі.

Прагучаў моцны выбух, але сцяна як стаяла, так і засталася стаяць. Салдаты потым казалі, што зарад дынаміту быў слабы. Вырвала невялікую нішу.

Некалькі дзён салдаты зноў дзяўблі касцёл. Нас, малых, не падпускалі. Зноў сабралі сялян і адвялі яшчэ далей ад вёскі. Наша “гвардыя” заняла самыя высокія пагоркі. Усе ўбачылі, як сцяна падскочыла ўгору і пачала развальвацца, а потым грымнуў аглушальны выбух. Нягледзячы на салдат, хлапчукі панесліся да касцёла. Уражанне было вялікім. Усюды валяліся фрагменты сцяны, друз, наўкола вісеў чырвоны пыл. У школе вылецела шкло. Дах пасеклі асколкі цэглы.

Калгаснікі ўзяліся за справу. Хтосьці разбіваў глыбы, мы цягалі цэглу да кучы. Працавалі амаль тыдзень. Цэглы нарыхтавалі дастаткова. Друз вывезлі на гразкія дарогі ў Макараўшчыну і ад клуба да шашы на Улу».

Марыць аб аднаўленні касцёла Святога Антонія, відавочна, не мае аніякага сэнсу. Застаецца толькі пажадаць, каб не было знішчана, тое, што засталося. Нават у разбураным стане гэты помнік вельмі ўражвае і назаўсёды застаецца ва ўспамінах наведвальнікаў. 

Надышоў час і нам трэба збірацца ў адваротны шлях па студзеньскай шэрасці. Вельмі спадзяемся на літасць прыроды і не губляем надзеі на тое, што хоць адное з нашых  наступных падарожжаў адбудзецца па-сапраўднаму зімовым! Чакаем вашых прапановаў, бо яны есць найлепшым сведчаннем, што вам з намі яшчэ цікава і мы вам пакуль не надакучылі.

Бывайце здаровы, пішыце замовы!