Беларусь, якая чакае. Восеньскі ранак у Траскоўшчыне

Неўзабаве з чарговым перагортваннем календара восень пачынае ўсё часцей нагадваць пра сябе. Удзень яшчэ цёпла, а вось начная і ранішняя прахалода наводзіць на думкі пра цёплыя рэчы, якія бачаць апошнія сны на дальніх палічках шафы. Час пераходу ад лета да восені вельмі прыгожы, і мы прапануем проста пашпацыраваць восеньскім ранкам. Павольна, спакойна і нікуды не спяшаючыся!

_belarus_traskouszczyna_vozera_2023_fota_novy_czas__2__logo.jpg


Гэтым разам нам параілі шпацыр па наваколлям вёскі Траскоўшчына недалёка ад сталіцы. Мы — людзі паслухмяныя і сонечным ранкам выпраўляемся на бераг ужо знаёмай нам Іслачы, дзе і знаходзіцца гэтая немалая вёска. Амаль на пачатку шпацыру з-за дрэваў на нас глянулі старыя руіны. Здаецца, нашыя вандроўкі без нейкіх помнікаў ужо немагчымыя. Рэшткі вялікага млына ХІХ стагоддзя гэта дакладна сцвярджаюць!

Літаральна насупраць яго месціцца адмысловае гідратэхнічнае збудаванне, якое запруджвае Іслач і стварае немалое возера. Ранішняе сонца яшчэ толькі пачало кранаць паверхню вады, і цішыня парушаецца толькі гукамі невялічкага вадаспаду і далейшай плынню Іслачы. Рыба тут таксама ёсць, самі бачылі! На нейкі момант прамільгнула думка аб вудзе ў машыне, але ж не — магчыма наступным разам...

Сонца ўзбіраецца вышэй, куртка пераязджае ў заплечнік і мы крочым па ўскрайку вераснёўскага лесу. Моцна пахне грыбамі, пчолы старанна апрацоўваюць восеньскія кветкі, рознагалоссе птушак — усё гэта паміж волі прымушае пасміхацца і радавацца дробязям жыцця, якія, магчыма, зусім і не дробязі. А якое паветра! Яго хочацца набіраць у слоікі і беражліва захоўваць, каб потым употай дыхаць і дзяліцца з сябрамі ў часы заняпаду ці проста дрэннага настрою.

Нейкім містычным чынам прайшла амаль гадзіна, мы паварочваем назад і са здзіўленнем бачым, што прайшлі зусім няшмат. Сапраўдная восеньская магія павольнага шпацыру ў тым, што абсалютна неабавязкова кудысьці ісці — дастаткова проста пастаяць ці прысесці пасярод усёй гэтай прыгажосці, убіраючы кожнай сваёй клеткай ціхую і чысцюткую прыгажосць роднага краю. Мора-морачка, канешне, добра, але ж іслацкія куткі таксама досыць неблага спрыяюць аднаўленню добрага настрою.

Памятаеце возера з дамбай? Дык вось, у першы раз мы не заўважылі, што з іншага боку дарогі таксама можна падысці да Іслачы, якая ўжо ў сваім звычайным выглядзе хуткаплынна нясе сябе кудысьці далей. Невялічкая кароткая і крутая сцежка прыводзіць нас туды, дзе соннае возера ператвараецца ў халодную і хуткую рачулку. Вось тут насамрэч можна зрабіць прывал і пачаставацца гарбатай ці кавай — хто чым запасся. Яшчэ адное месца, дзе час пад гукі плыні Іслачы сыходзіць зусім незаўважна! 

Трошкі прагуляемся па частцы Траскоўшчыны, павольна вяртаючыся да машыны. Наш маленькі рэтрыт амаль скончаны.

Мы ж не зусім звычайныя людзі — ужо амаль паехалі дадому, але адзін вельмі зоркі чалавек заўважыў нейкія руіны. Канешне ж, наведаем! Гэта рэшткі былой школы ў Траскоўшчыне, і кажуць, што яна на капітальным рамонце аж з 2003 года... Словы тут яўна залішнія, проста глядзім. Аматарам падобных рэчаў тут, безумоўна, спадабаецца.

Восень толькі пачынаецца, таму не адкладвайце на «калісьці» магчымасць простай вандроўкі па родных мясцінах. Нават самых «спакойныя» і, здавалася б, малацікавыя месцы здольныя здзівіць. Беларусь чакае сваіх вандроўнікаў заўсёды і пры любым надвор’і!


Калі вы хочаце, каб мы паказалі і вашы ўлюбёныя мясціны ў межах фотапраекта «Беларусь, якая чакае», напішыце нам. Распавядзіце, па якіх вуліцах, раёнах, гарадах і вёсках вы сумуеце, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.