Беларус, які ваюе за Украіну, распавёў пра гібель Іллі «Літвіна»
Страшы расповяд пра вайну.
— Мяне завуць Дзяніс. Пазыўны мой «Кіт». Прыехаў ва Украіну я яшчэ ў 2015-м годзе, каб абараняць яе цэласнасць і свабоду. На той момант я ўжо разумеў, што ад лёсу Украіны будзе залежаць таксама лёс і маёй краіны. Мы прайшлі тады тыя цяжкія гадзіны — цяпер сітуацыя паўтарылася. Маючы баявы вопыт, мы не можам заставацца ў баку — было прынята рашэнне, што мы будзем стаяць да канца.
Бой пад Бучай 3 сакавіка пачаўся каля 3 гадзін дня
Ветэраны «Азова» сказалі, што за ўсю гісторыю вайны ў Азове не
бачылі нічога больш жорсткага, чым гэта. І тое, што мы выжылі, у гэта ніхто не
верыў. Я, павінен прызнацца, таксама не верыў...
Мы падзяліліся на групы і накіраваліся на Бучу. У нас было
два сектары, за якімі мы павінны былі назіраць. Прыблізна ў дзве гадзіны дня
завязаўся шчыльны бой. Мы далі адпор. Падбілі некаторую колькасць тэхнікі ворага.
Вораг панёс страты і вырашыў кінуць усе сілы на нашу групу. Ачуняўшы ў шпіталі,
я пачуў, што мы натыкнуліся на калону, колькасць якой значна большая нашай: там
было каля 70-100 адзінак тэхнікі, таксама ім дапамагала артылерыя. Як я пачуў,
гэта былі кадыраўцы ў змяшанні са спецслужбамі.
Мы прынялі бой і адсунулі праціўніка. У нас было два варыянты: абараняцца і браць смела бой да канца, альбо пад пагрозамі гармат і танкаў бегчы ў чыстае поле і ратаваць асабісты склад, што вельмі рызыкоўна і небяспечна. Нашы камандзіры прынялі рашэнне прымаць бой. Калі мы ўмацавалі пазіцыі, пачаўся жорсткі абстрэл. Адразу ж было некалькі цяжкіх «трохсотых», некалькі «двухсотых». Было разуменне, што варожая тэхніка настроена ісці на нас, але пакуль не было разумення, як мы можам супрацьстаяць. Так, мы іх раззлавалі і шакавалі, але на той момант не было ясна, як мы можам абараняцца.
Мы адразу ж выклікалі забраць групы «трохсотых», пасля чаго прыехалі машыны за імі. Усіх цяжкіх загрузілі, засталіся «двухсотыя» і лёгка параненыя «трохсотыя».
Адзін з
камандзіраў загадаў мне праверыць адзін з домікаў у кірунку Бучанскай трасы,
па якой павінны былі ехаць нашы машыны, каб забіраць параненых. Я зайшоў у гэты
домік, пасля чаго пачуў гул. Я ўбачыў тэхніку з літарай «V».
Зразумеў, што гэта не нашы і пабег да нашых параненых, каб паведаміць, што нас
атачаюць. І ў гэты ж момант пачынаецца стральба па нашых хатках. На той момант
Ілля «Літвін» ужо быў мёртвы. Я бегаў і доўга шукаў яго, бо мы
працуем ўдваіх і ён мой пабрацім. Я знайшоў яго і па стане яго зразумеў, што ён
загінуў. Я адцягнуў яго ў іншае месца і чакаў «браню», каб павезці
нашы целы.
Выклікаю агонь на сябе
Калі нас пачалі атачаць, група, якая засталася ў жывых (11-15 чалавек) схавалася ў адным з домікаў. Вораг проста расстрэльваў нашы будынкі з танкаў, БТРаў, гранатамётаў. Нейкім цудам, хтосьці з нас выйшаў. Мы размеркаваліся па сектарах і трымалі ў круг абарону каля 10-12 гадзін.
З вады і ежы было толькі безалкагольнае піва. Параненым мы аказалі першую дапамогу. Наш камандзір-стралок быў цяжка паранены і трымаў абарону да канца. Пасля таго як мы стрымалі першую хвалю ворага, яны хацелі нас далей «выкурыць»: закідвалі гранатамі, рпг, спадзеючыся, што мы будзем выбягаць з будынка.
Намі было прынята рашэнне дзейнічаць максімальна ціха. Зымітаваць, што нас ліквідавалі. Пасля атрад ворага паспрабаваў пачаць зачыстку ўжо пяхотай. Мы сустрэлі, далі бой, адпомсцілі за нашых. Потым зразумелі, што «браня», якая павінна была прыехаць за намі, ўступіла ў бой з ворагамі.
Мы зразумелі: не, ніхто за
намі не прыедзе. Пасля гэтага ўсведамлення наш камандзір «Маўглі» сказаў: «Хлопцы, я выклічу артабстрэл на нас. Гэта адзіна правільнае
рашэнне. Мы выклікаем артабстрэл і рыхтуемся трываць». Пасля таго як
артылерыя наша адпрацавала, варожая тэхніка з'ехала. Нам не было ясна, куды, бо
палова людзей ужо была дэзарыентаваная. Але мы прынялі рашэнне зрабіць
абсалютную цішыню. Параненыя, рыпаючы зубамі, цярпелі боль. Страляць толькі ў
тым выпадку, калі цябе ўбачылі.
Незвычайнае тое адчуванне, калі ты ўжо запісваеш сябе ў
«двухсотыя». Я ўжо быў рады, калі па нас страляла артылерыя. Я ўжо проста думаў:
50 на 50. Выжывем — выдатна. Не выжывем — гераічна загінем. Мы ведалі, на які
шлях становімся. Тое, як мы выйшлі адтуль і тое, як героі ўпалі там, гэта годны
ўчынак.
Аднаму з хлопцаў з ЗСУ ўдалося наладзіць кантакты, каб нас
забралі. Прыйшла глыбокая ноч. Некаторыя хлопцы за гэты час памерлі. І такіх
хлопцаў было нямала. Высветлілася, што тэхніка ворага сышла. Мы ўзялі ўсіх
«трохсотых» і ў максімальнай цішыні сталі выбірацца з гэтага палаючага дома. Мы
рухаліся, рыпаючы зубамі, дзесьці кіламетры два. Калі мы ўбачылі нашых хлопцаў,
гэтыя эмоцыі проста не апісаць. Яны таксама былі мякка кажучы афігеўшыя. Я
зразумеў: ёсць надзея выбрацца. Да гэтага наогул ніхто не верыў, што мы выйдзем
адтуль.
Дацягнулі мы параненых да грамадзянскага доўгачаканага
аўтобуса. Нарэшце выйшлі. Заставалася толькі спадзявацца, што нас не
падаб'юць па дарозе. У шпіталі нам аказалі першую медыцынскую дапамогу, у
першую чаргу, цяжка параненым. Я лёгкі, ў мяне толькі рука. Стараўся дапамагаць
іншым. Далей справа заставалася толькі за транспарціроўкай.
Раненне
У мяне асколачнае раненне (два асколкі, адзін з іх дасталі).
Я яго атрымаў, калі адбыўся выбух. Я адвярнуўся і толькі адчуў, што нешта
прыляцела ў руку. Не ведаю, што менавіта гэта было. У мяне ў кішэні быў пашпарт
і ў яго таксама трапіў асколак. Я перабінтаваў сябе і адной рукой трымаў
аўтамат, кантраляваў сектар і дапамагаў як мог.
Вораг
Гэта былі 100% расійцы. Калі яны нас абкружылі,
я ўбачыў расійскія шаўроны. Яны думалі, што нас падбілі і хацелі дабіваць. А мы
адцягнуліся і чакалі іх. Мой пабрацім пачуў, што яны ідуць з двара, згуляў на
апярэджанне, выйшаў і яшчэ дваіх паклаў. Я чуў, як адзін з «русакоў» крычаў: «Дабіце мяне! Сукі, дабіце мяне...».
Быў настолькі блізкі бой, што нават адзін наш баец
ліквідаваў ворага нажом.
Я ведаю дакладна, што расійскія ваенныя ведаюць, куды едуць
і куды яны страляюць, А яны страляюць куды захочацца: у жылыя дамы або куды
заўгодна. Яны ў прынцыпе не парацца чым і куды страляць. Страляюць самым
магутным, што ў іх ёсць. Аднак сам момант, калі ім даеш адпор, гэтаму нельга
навучыць і гэта адчуваецца. Калі мы далі адпор, яны не чакалі, што пяхота можа
даць адпор ваеннай тэхніцы. Маральны складнік і дух на нашым баку. Як паказала
практыка, гэта куды больш важна, разам з прафесійнымі навыкамі, чым проста
адзінкі тэхнікі ў нематываваных байцоў.
«Літвін» — беларускі добраахвотнік Ілля Хрэнаў
Калі пачаўся першы бой, калі мы далі адпор, руская армія спачатку разгубілася і пачала хаатычна працаваць. Мы ў гэты час з «Літвінам» трымалі іншы сектар. Па нас працаваў снайпер. Мы падпаўзлі да камандзіра гарматы і сказалі, што трэба адступаць. Пасля гэтага «Літвін» выбег на дарогу і адпрацаваў з РПГ рускую ваенную тэхніку. Мы ўсе пабеглі ў дом. Я знаходзіўся ў будынку, калі прагрымеў выбух. Я ведаў, што «Літвін» знаходзіцца дзесьці на вуліцы. Пасля гэтага забег камандзір і сказаў усім спусціцца ў бункер. У бункеры мы перавязалі «трохсотых», пасля чаго я пачаў шукаць «Літвіна».
Мне важна было яго знайсці. На
вуліцы я ўжо ўбачыў яго ляжалым побач з уваходам, куды прыляцеў стрэл. Я
зразумеў, што «Літвін» забіты. З яго целам было ўсё нармальна, яго не
раскарачылі. Мы адцягнулі яго цела да елачак і сталі чакаць транспарту, але так
і не дачакаліся.
Што я магу пра «Літвіна» сказаць? Сябар. Брат. Пабрацім.
Воін. Вясёлы. Бясстрашны. Душа кампаніі. Для беларускага народа ён павінен быць
героем!
Я хацеў бы заклікаць беларусаў. Па-першае: вас не павінны
звязваць з гэтым вусатым. Вы — беларусы. Вы —літвіны (ад гістарычнага — жыхары Вялікага
Княства Літоўскага). Так і паступіў мой пабрацім. Беларусы не ідуць вайной на
Украіну. Беларусы не ідуць вайной разам з Расіяй. Беларусы — асобны народ,
брацкі з Украінай народ. Беларусы абавязаныя супрацьстаяць гэтаму ўсяму
расійскаму імперскаму рэжыму і паказваць ашчэр не ў бок Украіны, а ў бок
Расійскай імперыі.
Я ні секунды не шкадую, што пайшоў у гэты бой. Я больш
скажу, я ганаруся за ўсіх тых, хто быў са мной у гэтым баі. Таму што мы далі
добры адпор, які колькасна быў нас больш.
Ворагу, у якога тэхнікі было ў шмат разоў больш. І такія моцныя духам людзі як «Літвін» даказваюць, што нават пяхота без тэхнікі можа разваліць любую тэхніку, калі ёсць за што змагацца.