Беларуская замова: Няма ніякага ўкраінскага контрнаступлення!

Няма лепшага сродку супраць дэманаў, чым схавацца з галавой пад коўдру і заплюшчыць вочы. І паўтараць пра сябе (каб дэман не пачуў): «Няма ніякага наступлення, няма ніякага наступлення, няма ніякага наступлення», — саркастычна піша аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі».

vij_kruh.jpg

Няма ніякага ўкраінскага контрнаступлення. Не было і ніколі не будзе. Ты што? Якое наступленне? Адкуль яно возьмецца? Гэта ўсё фэйкі і дэзінфармацыя. Наогул усё на свеце — фэйкі, акрамя генацыду беларускага народа. Вось генацыд беларускага народа — гэта гістарычная праўда. А астатняе фэйкі. Асабліва ўкраінскае контрнаступленне. Яго прыдумаў... не магу табе дакладна сказаць, хто прыдумаў. Дакладна не ведаю, а хлусіць не хачу. Але можа нават Чэрчыль у 18-м годзе. А можа Далес. Або рэптылоідныя масоны з Антарктыды. Але прыдумалі спецыяльна, каб нагнятаць, накручваць і ўтапіць у супрацьстаянні.

А насамрэч ніхто нікуды наступаць, вядома, не будзе. Таму што наступленне — гэта «поўнае вар'яцтва» пры суадносінах «пяць да аднаго». Так сказаў учора вялікі стратэг і Напалеон нашых дзён, якому з-за плота ўсё відаць.

Глянуў з-за плота — і адразу сабе ўсё зразумеў. Разгадаў усе варожыя стратэгічныя задумы. Таму што не парасячы ён які-небудзь хвосцік, а майстар палітычных прагнозаў. У яго Трамп руліць у Белым доме, а Кіеў узялі за тры дні. І Парашэнка ў 2019 годзе выйграў у Зяленскага прэзідэнцкія выбары ў другім туры.

Гэта значыць, улічваючы майстэрства прагнозу і глыбіню палітычнай аналітыкі, мы цяпер усе усё дакладна ведаем пра ўкраінскае контрнаступленне.

Раней можна было сумнявацца… Асабліва, калі ты не моцны ў ваенных стратэгіях і тактыках. Але якія могуць быць сумневы пасля таго, як сёй-той учора расклаў усё па палічках з уласцівай толькі яму стратэгічнай дальназоркасцю і палітычнай праніклівасцю?

Таму што сёй-той дарма казаць не будзе. Не такі ён чалавек, каб дарма гаварыць. Не можа ўжо быць ніякіх сумневаў — украінскае наступленне вось ужо літаральна асуджанае на ашаламляльны поспех.

Вось якіх толькі экзарцызмаў сёй-той не ўжываў супраць дэмана ўкраінскага наступлення. Палохаў яго сакрэтнай зброяй, якая больш магутная за ядзерную, заклінаў другой арміяй свету, якая не можа прайграць, і маляваў сакрэтныя карты (магчыма нават мелам на падлозе закінутай царквы).

Але нешта нічога дапамагло. Як блукаў прывід украінскага контрнаступлення па саюзнай дзяржаве, так ён нікуды і не дзеўся.

Таму сёй-той вырашыў прымяніць апошні сродак — абвясціць украінскае наступленне немагчымым і, такім чынам, неіснуючым. Таму што ўсе ведаюць, што няма лепшага сродку супраць дэманаў, чым схавацца з галавой пад коўдру і заплюшчыць вочы. І паўтараць пра сябе (каб дэман не пачуў): «Няма ніякага наступлення, няма ніякага наступлення, няма ніякага наступлення». Таму што камусьці зусім не страшна. І ён ні кропелькі, вось літаральна абсалютна нічога не баіцца.