Беларускіх прыватных ахоўнікаў рыхтуюць да дыверсій ва Украіне?
Гаворка вядзецца пра прыватную ахоўную кампанію — адзіную ў Беларусі, каму ў 2020 годзе Лукашэнка ўказам дазволіў мець зброю. Але стопрацэнтных доказаў пакуль няма.
У сеціве
апублікавана расследаванне, у якім сцвярджаецца, што «вагнераўцы» ў Мінску
нібыта рыхтуюць да дыверсій на тэрыторыі Украіны супрацоўнікаў беларускага
прыватнага ахоўнага прадпрыемства (ПАПа).
Нібыта ў трэніровачны лагер ужо прывезлі ўкраінскую форму.
«Вагнераўцы» трэніруюць беларускіх байцоў ужо месяц, з пачатку жніўня, распавёў тэлеграм-каналу «Можем объяснить» суразмоўца, які нібыта знаёмы з сітуацыяй у трэніровачным лагеры. Атрад дыверсантаў рыхтуецца з супрацоўнікаў прыватнага ахоўнага прадпрыемства (ПАПа) «ГардСервіс». Нядаўна на тэрыторыю беларускай базы прывезлі форму УСУ — піксельны хакі.
ПАП «ГардСервіс» з'явіўся ў чэрвені 2020 года. Яго супрацоўнікам указам Аляксандра Лукашэнкі дазволілі ўжываць агнястрэльную зброю. Іншых падобных ПАПаў у Беларусі няма: тут ахова — выключная прэрагатыва МУС.
Лічыцца, што «ГардСервіс» звязаны з кіраўніком спраў прэзідэнта, яго функцыі блізкія да «Вагнера»: ахова грузаў і аб'ектаў у краінах трэцяга свету, дзе Беларусь вядзе распрацоўку радовішчаў, напрыклад, у Зімбабвэ і Судане.
Сцвярджаецца, што за ўдзел у расійскай «спецаперацыі» абяцаюць патройны заробак, па 10 тысяч беларускіх рублёў. Па словах крыніцы, з 500 супрацоўнікаў прыватных ахоўных прадпрыемстваў інструктары «Вагнера» адсеялі пасля гутарак каля паўсотні байцоў і прыступілі да трэніровак.
Аўтар расследавання Аляксей Карпека адказаў на пытанні «Дождя». Ён заявіў, што ПАПам кіруе былы кадравы вайсковец, а валодае кампаніяй Аляксандр Мятла, набліжаны да Віктара Шэймана чалавек.
Па словах журналіста, сярод супрацоўнікаў ПАПа ёсць былыя байцы спецпадраздзяленняў «Алмаз» і «Альфа».
Карпека падкрэсліў: стоадсоткавых дакументальных пацверджанняў, што байцоў рыхтуюць да дыверсій на тэрыторыі Украіны, няма. Але, па словах крыніцы, інструктары з «Вагнера» навучаюць супрацоўнікаў гарадскім баям і захопам аб'ектаў.
Журналіст распавёў, што былыя беларускія сілавікі ўдзельнічаюць у вайне ва Украіне на баку Расіі:
— Але гэта не масавая з'ява нават сярод сілавікоў, якія ў Беларусі маюць прарасійскія погляды.
Нагадаем, нядаўна старшыня Пастаяннай камісіі па нацбяспецы Алег Белаконеў пацвердзіў: беларускае заканадаўства «прадугледжвае крымінальную адказнасць беларускіх грамадзян за ўдзел у баявых дзеяннях у іншай дзяржаве незалежна ад боку, за які гэтыя грамадзяне ваявалі, нават калі ўдзел ажыццяўляецца і не на платнай аснове. Матывы наёмніцтва могуць быць рознымі і падлягаюць уліку пры прызначэнні пакарання».
Нагадаем, як пісаў «НЧ», намеснік начальніка галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генеральнага штаба Узброеных Сіл Украіны генерал Аляксей Громаў заявіў у пачатку жніўня, што «каля 13 тысяч беларусаў пагадзіліся ваяваць ва Украіне». І дадаў: «Асноўны матыў беларускіх наймітаў — грошы. Ніякага ідэалагічнага складніку ў дзеяннях акупацыйных войскаў няма. Страх і грошы — асноўныя фактары расійскай ваеннай прысутнасці».
Падпалкоўнік запасу ПДВ, прадстаўнік Кабінета Святланы Ціханоўскай Валерый Сахашчык не паверыў у такую колькасць беларускіх вайскоўцаў, што гатовыя ўдзельнічаць у вайне супраць Украіны.
Паводле gazetaby.com