Ці выпусцяць Аляксандра Крутога?

У канцы кастрычніка — пачатку лістапада мусіць адбыцца суд над Аляксандрам Крутым, які ўжо больш за паўгода знаходзіцца на прымусовым лекаванні ў «Навінках». 25 верасня медычная камісія вынесла вырак па дыягназу бацькі Інэсы Крутой, пацярпелай падчас выбуху ў мінскім метро ў красавіку 2011 года. Дакументы накіраваныя ў суд. Ці ёсць у незвычайнага пацыента шанцы апынуцца на волі па выраку суда? Журналіст НЧ Алена Барэль сустрэлася з Аляксандрам Крутым у сценах псіхдыспансера.
 



kruty2.jpg

Пацыент Круты трапіў у «Навінкі» пасля сямі месяцаў знаходжання за кратамі, калі суд прызнаў бацьку пацярпелай ад так званага тэракта дзяўчыны псіхічна хворым.
На думку Аляксандра, ягонае прымусовае лекаванне будзе працягвацца да таго часу, пакуль зверху не прымуць вырак аб вызваленні. Такім чынам, за адно злачынства могуць судзіць не адзін-два разы, а, напрыклад, дзесяць, разглядаючы справу з перапынкамі ў паўгода.
— Па беларускаму заканадаўству, медыцынскае пераасведчанне павінна праводзіцца кожныя паўгода. А я ўжо 10,5 месяца знаходжуся пад назіраннем псіхіятраў, і вось толькі 25 верасня адбылася першая медычная камісія! На ёй мяне спыталі: «Ці будзеце яшчэ так рабіць?», маючы на ўвазе слоік з мачой, выліты на галаву галоўнага лекара 32-й паліклінікі з-за сітуацыі з маёй дачкой. Адказаў: «Не». Лекары пасмяяліся — вось і ўся камісія…
— Але чаму вас тут трымаюць?
— Я сюды трапіў з-за суда па выбуху ў метро. Мяне арыштавалі 20 верасня мінулага года, якраз пасля чарговага пасяджэння суда па гэтай справе. Мне не хапіла літаральна некалькі дзён, каб дачакацца выступу ўсіх сведак і выпатрабаваць тыя доказы, якія б паказалі, што ні Канавалаў, ні Кавалёў аніякага дачынення да выбуху не маюць. Калі не знішчаны пэўныя старонкі з матэрыялаў крымінальнай справы, ёсць дакладны доказ таго, што хлопцы не маглі закласці бомбу ў метро. Таму, на падставе ўсяго гэтага, маё з’яўленне на волі будзе камусьці вельмі не выгадна. Я валодаю доказамі невінаватасці асуджаных і расстраляных хлопцаў, бо шмат часу працаваў з дакументамі па гэтай справе. Я амаль непажаданы сведка.
— Які ў вас зараз дыягназ?
— Мне не кажуць. Дыягназ, з якім трапляюць пацыенты ў псіхдыспансер, ім не гавораць, як і вынікі медычнай камісіі. Між тым, калі я спытаўся, ці дадуць мне групу інваліднасці, адказалі, што з «такім дыягназам» групу ніхто не дасць…
Але яшчэ дагэтуль, пасля майго звароту ў ПРА ААН па выніках прэзідэнцкіх выбараў 2006 года, псіхіятры заключылі, што я ўжо 15–20 гадоў пакутую на паранаідальную шызафрэнію. Менавіта пасля згаданай вышэй паперы ў 2007 годзе мне была прызначана строгая ізаляцыя, замест суду я правёў 51 суткі ў турэмным склепе для пажыццёва зняволеных. Начальнік турмы Юрый Конан на 47-я ці 48-я суткі прыйшоў да мяне ў штрафны ізалятар і сказаў: «А хто вас прызнаў вар’ятам, калі вы — здаровы чалавек?» Між тым, у гэтую камеру можна было трапіць толькі адным шляхам: за парушэнне строгага рэжыму ўтрымання на спецзоне для пажыццёва зняволеных. Чаму ж туды трапіў я?.. На суд, які нарэшце адбыўся, мяне не пусцілі.
— Чым вас лечаць?
— Тры разы на дзень, на працягу ўсяго часу майго ўтрымання тут, мне даюць таблеткі «граміцын». І больш нічога, ніякіх лекаў ці працэдур. Між тым, граміцын прызначаюць звычайным школьнікам — для паляпшэння ўвагі і супраць стрэсаў.
— Калі дакладна адбудзецца суд?
— Мне і пра гэтае не паведамяць. Суды над псіхічна хворымі грамадзянамі ў нашай краіне праходзяць у зачыненым рэжыме. Гэта не Нарвегія, дзе нават Брэйвік, які забіў больш за 70 чалавек, прысутнічаў на судзе і трымаў слова… Але не менш, чым за 5 сутак да пасяджэння суда пра гэта павінны паведаміць маім сваякам. Дакументы, якія пайшлі ў суд, згодна заканадаўству, павінны разглядаць не даўжэй, чым паўтара месяца. Таму суд мусіць адбыцца ў канцы кастрычніка ці напачатку лістапада. Калі суд вырашыць, што выпускаць рана, мяне будуць працягваць трымаць у Навінках яшчэ паўгода. Потым — зноў медычная камісія, новы суд і новы вырак. Я магу тут знаходзіцца бясконца. Заключэнне лекараў будзе — «здаровы», а суд, нягледзячы на гэта, усё адно пакіне ў «псіхушцы». Бо ў крымінальна-працэсуальным кодэксе Рэспублікі Беларусь існуе «ўнутранае перакананне суддзі». Як суддзя вырашыць, так і будзе.
— На вашу думку, якім будзе вырак суда?
— Можна чакаць усяго, што заўгодна. Нават па інкрымінаванаму мне артыкулу 339, частцы 1 (хуліганства) людзі не сядзелі больш за паўгады, гэта максімальны тэрмін. Я адсядзеў у турме сем месяцаў, якія нават не ўвайшлі ў тэрмін знаходжання ў лякарні для асобаў, прызнаных псіхічна хворымі. Плюс — больш, чым паўгода знаходжання ў Навінках… Мяне ізалявалі з красавіка 2011 года.
— Вы верыце, што зараз вас выпусцяць на волю?
— Я не хачу пра гэта думаць. Пакаралі не мяне. Пакаралі маю сям’ю — жонку-інваліда і дачку, якая таксама ператварылася ў інваліда пасля выбуху ў метро. Яны ж бездапаможныя зусім, а я замкнёны ў лякарні… Дачцэ прааперавалі вока, жалезны аскепак з яе галавы выдалілі разам з пашкоджаным крышталікам падчас аперацыі ўлетку. Але ёй неабходна зрабіць МРТ (магнітна-рэзанансную тамаграфію) і даследаваць галаўны мозг, які атрымаў траўму падчас выбуху. Таму зараз мяне турбуе не маё становішча, а лёс маёй сям’і. Я ўпэўнены, што ў маёй дачкі Інэсы пасля трагедыі ў метро — траўма галавы, якую за паўтары гады ніхто не дыягнаставаў.
— Ці чакаеце вы дапамогі ў якасці адваката ад праваабарончых арганізацый, напрыклад ПЦ «Вясна»? Хто будзе абараняць вас на судзе?
— Не. Наадварот, я прашу не дапамагаць мне адвакатам, бо гэта можа абярнуцца мядзведжай паслугай, як было ў мінулы раз. «Вясна», якая жадала давесці справу да міжнароднага суда, даслала на мой суд свайго адваката, але з-за касацыйных скаргаў я правёў за кратамі лішніх чатыры месяцы — з-за папяровай цяганіны. Ніякага плёну гэта не прынесла. Калі б не ўдзел адваката, мяне б этапавалі з турмы ў «Навінкі» на чатыры месяцы раней. Я б вельмі хацеў абараняць сябе сам, але ў нашай краіне чалавек, як бы абсурдна гэтае ні было, не мае права прысутнічаць на судзе, на якім яго ж судзяць...
А пакуль у чаканні суда вязень «Навінак» дапамагае на кухні, зранку і да вечара заняты ці працай, ці самаадукацыяй. Вывучае арабскую і англійскую мовы, чытае «Канон медычнай навукі» Авіцэны. Прыемна глытнуць і свежага паветра — раз на дзень пацыентаў выводзяць на шпацыр. Самае галоўнае тут, кажа Круты, — трымаць сябе ў тонусе, нельга паслабляцца. Як бы ні душыла становішча, цяжкія ўмовы існавання можна вытрымаць толькі такім чынам.
Медперсанал ставіцца да незвычайнага пацыента як да ўсіх. Зранку і да позняга вечара Аляксандр заняты нейкімі працамі. Палату, дзе ён ляжыць, лічыць лепшай у аддзяленні. Акрамя яго, там знаходзяцца яшчэ тры чалавекі: адзін — на прымусовым лекаванні, два хлопцы — па накіраванні ваенкамату.
Па словах Аляксандра, трапіць сюды вельмі лёгка. І для гэтага зусім неабавязкова быць вар’ятам.
— Неяк прывезлі мужчыну з Крупак, 71 год, з абадранымі рукамі, у кайданках. 20 гадоў адпрацаваў дырэктарам школы, гісторык па адукацыі. Напісаў зварот да міністра аховы здароў’я, пасля чаго і быў дастаўлены ў «Навінкі»… Але яму пашанцавала: выпусцілі на наступны дзень, бо дачка падключыла ўсе сувязі.