Чаму Беларусь дапамагае Расіі ў вайне супраць Украіны? Адказвае Мінабароны РБ

Калі пяты месяц расійскія агрэсары забіваюць людзей ва Украіне, руйнуюць гарады і вёскі, знішчаюць заводы і фабрыкі, транспартную інфраструктуру, разважнае грамадства не можа маўчаць. Рэдакцыя газеты «Народная Воля» 1 ліпеня накіравала ліст міністру абароны Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнанту Хрэніну.

scale_2400__88_.webp


«Няма дня, каб нашы чытачы не адрэагавалі тэлефоннымі званкамі, лістамі на тыя трагічныя падзеі, якія адбываюцца ў суседняй паўднёвай краіне. Усё гэта і прадыктавала нам неабходнасць звярнуцца з шэрагам пытанняў да галоўнага ваеннага начальніка Беларусі», — піша «Народная воля».

Рэдакцыя прасіла адказаць, ці сапраўды Беларусь дапамагае Расіі боепрыпасамі; чаму была адкрытая беларуская мяжа для нападу расійскіх войскаў на Украіну; і ці справядлівыя абвінавачванні Беларусі ў суаргэсарстве?

Праз два тыдні рэдакцыя атрымала адказ.

«Уражанне такое, быццам выконваючы абавязкі памочніка міністра абароны па ідэалагічнай працы ва Узброеных Сілах палкоўнік Капыл рыхтаваў адказ, не турбуючы сябе, каб сказаць што-небудзь па сутнасці», — адзначае «Народная воля».

У Мінабароны напісалі, што Рэспубліка Беларусь не лічыць Украіну праціўнікам, а ведамства прымала і будзе прымаць меры стрымальнага характару ў мэтах недапушчэння распаўсюджвання канфлікту.

otvet_copy_828x1536.jpg.webp


«Рэспубліка Беларусь не лічыць Украіну праціўнікам, Міністэрства абароны прымала і будзе прымаць меры стрымальнага характару ў мэтах недапушчэння распаўсюджвання канфлікту», — гаворыцца ў адказе Мінабароны.

Апроч таго, у адказе адзначаецца, што «больш лагічна саўдзельніцамі ўзброенага канфлікту было б называць дзяржавы — чальцы НАТА», бо тыя пастаўляюць Украіне зброю і дзеляцца звесткамі выведкі. Аднак Мінабароны не адказала на пытанне, ці рабіла Беларусь тое ж самае — ці пастаўляла Расіі боепрыпасы. А таксама праігнаравала наўпроставыя прызнанні Лукашэнкі ў тым, што ён дзяліўся з Пуціным тымі ж звесткамі выведкі («адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад»).


Лукашэнка дазволіў расійцам выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю для нападу на поўнач Украіны, пасля чаго здарылася разня ў Бучы, а таксама расійцы вядуць з беларускай тэрыторыі абстрэлы цывільных аб’ектаў у гарадах Украіны, ад чаго гінулі людзі. За саўдзел у вайне на Рэспубліку Беларусь наклалі шэраг санкцый.

У той жа час у вайне на баку Украіны змагаецца беларускі полк імя Кастуся Каліноўскага, таксама беларусы ўваходзяць у склад украінскіх вайсковых фармацый, некаторыя ўжо аддалі сваё жыцці, абараняючы Украіну ад расійскай агрэсіі.