Дакументы сужэнцаў, якія ваявалі ў палку Каліноўскага, усё ж разгледзяць для легалізацыі ва Украіне

Працэс легалізацыі ва Украіне былых добраахвотнікаў палка Каліноўскага, мужа і жонкі Аляксея Лазарава і Веранікі Яновіч, здаецца, усё ж пайшоў. Украінскія ўлады разгледзяць дакументы Аляксея на атрыманне ВНЖ, а ў Веранікі прынялі паперы на атрыманне статусу бежанца.

veronika_i_aleksey_2.jpg

«Дзякуй усім вялікі за дапамогу! Усе непаразуменні мы вырашылі. Некаторыя СМІ не зусім карэктна напісалі, што мне адмовілі ў ВНЖ, але там было пытанне менавіта з прыёмам дакументаў і неразуменнем паміж бакамі. Цяпер усё ок, з намі актыўна працуюць», — паведаміў Аляксей Лазараў у твітары.

Раней былы добраахвотнік-каліновец Аляксей Лазараў распавёў, што ва ўкраінскай міграцыйнай службе ў яго адмовіліся браць дакументы для атрымання ВНЖ Украіны. Ён згадаў, што яго жонцы, якая таксама была ў палку Каліноўскага, адмовілі ў наданні статусу ўцекача.

— Калі мы толькі прыйшлі ў міграцыёнку, з намі ў прынцыпе не хацелі размаўляць, таму што мы беларусы, — расказаў Аляксей. — Але калі мы паказалі дакументы, што былі ва УСУ, усё стала окей. Нам нават спрабавалі неяк дапамагчы, сказалі, што будуць разбірацца. І параілі ехаць у іншы аддзел, пісаць заяву, каб атрымаць пісьмовую адмову і з гэтым ужо нешта рабіць, адпраўляць скаргі.

Аляксей і яго жонка былі публічнымі байцамі палка Каліноўскага, вялі свае сацсеткі і распавядалі пра будні абаронцаў Украіны. Яны ўступілі ў полк (тады яшчэ батальён) у самым пачатку вайны, а ў сакавіку ажаніліся ў Кіеве.

Гэта не першы выпадак, калі ў беларусаў, што дапамагалі ўкраінцам у змаганні з Расіяй, узнікаюць складанасці з легалізацыяй ва Украіне. За магчымасць застацца ў краіне доўга змагалася беларуская грамадзянка Карына Пацёмкіна. Яна была валанцёркай у Бучы, летась 30 чэрвеня дзяўчыне ўручылі падзяку за валанцёрскую дзейнасць ва Украіне. А 6 ліпеня стала вядома, што ў Карыны Пацёмкінай не прынялі дакументы на легалізацыю ва Украіне — і паставілі штамп аб высылцы. Пазней дакументы ў дзяўчыны ўзялі, але справа асабліва не рухаецца.

Дзяржаўная міграцыйная служба Украіны ўсё ж адмовіла Карыне Пацёмкінай — беларускай валанцёрцы з Бучы — у выдачы віду на часовае пражыванне ва Украіне.

Беларусам масава не дазваляюць заставацца ва Украіне, праблема застаецца актуальнай.