Украінскі дэпутат распавёў, чаму ва Украіне адмаўляюцца прымаць дакументы ў экс-каліноўца

«Замежнік павінен праходзіць пэўную праверку», — кажа ўкраінскі дэпутат наконт сітуацыі з экс-каліноўцам Аляксеем Лазаравым і яго жонкай.

1500x500.jpg

У Аляксея Лазарава, які ваяваў у складзе палка Каліноўскага, не прынялі дакументы для атрымання віду на жыхарства ва Украіне. «Адказалі, што з намі працаваць нельга. Чаму, ніхто нам не патлумачыў», — распавядае беларус.

Пракаментаваць сітуацыю журналісты «Люстэрка» папрасілі старшыню Камітэта па замежнай палітыцы і міжпарламенцкім супрацоўніцтве Вярхоўнай рады Украіны Аляксандра Мярэжку.

— Я за тое, каб тыя замежнікі, якія цяпер ваююць за Украіну, мелі магчымасць у спрошчаным парадку атрымаць грамадзянства Украіны. Гэта важна як з маральнага пункту гледжання, так і з практычнага, паколькі ўкраінскае грамадзянства дае пэўную гарантыю бяспекі людзям, якія маюць грамадзянства нейкай аўтарытарнай краіны. Разам з тым кожны выпадак варта разглядаць асобна, і іншаземец павінен праходзіць пэўную праверку з боку нашых спецслужбаў, — сказаў украінскі дэпутат.


Нагадаем, як пісаў «НЧ», былы добраахвотнік-каліновец Аляксей Лазараў распавёў, што ва ўкраінскай міграцыйнай службе ў яго адмовіліся браць дакументы для атрымання ВНЖ Украіны. Ён згадаў, што яго жонцы, якая таксама была ў палку Каліноўскага, адмовілі ў наданні статусу ўцекача.

Калі мы толькі прыйшлі ў міграцыёнку, з намі ў прынцыпе не хацелі размаўляць, таму што мы беларусы, — расказаў Аляксей. — Але калі мы паказалі дакументы, што былі ва УСУ, усё стала окей. Нам нават спрабавалі неяк дапамагчы, сказалі, што будуць разбірацца. І параілі ехаць у іншы аддзел, пісаць заяву, каб атрымаць пісьмовую адмову і з гэтым ужо нешта рабіць, адпраўляць скаргі.

Аляксей і яго жонка былі публічнымі байцамі палка Каліноўскага, вялі свае сацсеткі і распавядалі пра будні абаронцаў Украіны. Яны ўступілі ў полк (тады яшчэ батальён) у самым пачатку вайны, а ў сакавіку ажаніліся ў Кіеве.


Гэта далёка не першы выпадак, калі беларусам, што дапамагалі ўкраінцам у змаганні з Расіяй, адмаўляюць у знаходжанні ва Украіне. За магчымасць застацца ў краіне доўга змагалася беларуская грамадзянка Карына Пацёмкіна. Яна была валанцёркай у Бучы, 30 чэрвеня дзяўчыне ўручылі падзяку за валанцёрскую дзейнасць ва Украіне. А 6 ліпеня стала вядома, што ў Карыны Пацёмкінай не прынялі дакументы на легалізацыю ва Украіне — і паставілі штамп аб высылцы. Пазней дакументы ў дзяўчыны ўзялі, але справа асабліва не рухаецца.


Беларусам масава не дазваляюць заставацца ва Украіне, праблема застаецца актуальнай.